«Ветэранам — наш клопат»

райветстанцияАкцыю пад такой назвай правёў напярэдадні Свята працы райкам прафсаюза работнікаў АПК.

Невялікі калектыў райветстанцыі не забывае пра былых калег. На сённяшні дзень у арганізацыі 21 ветэран працы. Як заўважыла галоўны ветурач раёна Кацярына Максімовіч, пры падборы кандыдатур пастараліся ўлічыць і стаж работы, і адносіны да справы. Таму нікому не павінна быць крыўдным, што на гэты раз запрасілі ў калектыў Вольгу Чарнавокую і Галіну Раковіч. Ветурач-тэрапеўт і лабарантка прысвяцілі сваёй рабоце больш як па 30 год.

Менавіта ім у прысутнасці маладых калег адрасавалі самыя шчырыя словы падзякі і ўручалі падарункі Аляксандр Дубініч і Кацярына Максімовіч. Звяртаючыся да жанчын, Кацярына Іванаўна папрасіла пры дасягненні пенсійнага ўзросту не пакідаць адразу калектыў. Іх уменне і назапашаны вопыт — сапраўдная крыніца практычных навыкаў і ведаў для маладых спецыялістаў.

—    Рэжым нашай работы мала адрозніваўся ад калгаснага, — кажа Вольга Рыгораўна. — Гэтак жа рана паднімаліся, спяшаліся ў гаспадаркі. Работы было шмат. І што самае галоўнае, вельмі хваляваліся, калі нешта не атрымлівалася. Перажывалі за дробязі. Адсюль, хутчэй, і шматлікія хваробы, якія не дазволілі доўга працаваць на пенсіі — толькі два гады. Прыйшоўшая нам на змену моладзь — крыху іншая. Добра гэта ці дрэнна, — не ведаю, але яны больш смелыя, упэўненыя і патрабавальныя.

—    А я на заслужаны адпачынак пайшла пры дасягненні пенсійнага ўзросту, — дадае Галіна Рыгораўна. — Быць лабаранткай, значыць, штодзённа сутыкацца з рэактывамі, што не прыносіць карысці арганізму. А колькі было напружаных перыядаў у рабоце: катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, птушыны грып… Але ўсё можна было пераадолець у такім з’яднаным калектыве, як у нас. Ніколі нікога не прасіла аб дапамозе, таму што кожны ведаў, як цяжка даводзілася. Падхоплівалі работу адзін у другога. Звычайна прыязджаю з калгаса, а ў мяне ўсё гатова для правядзення аналізу: і прабіркі, і рэактывы… Вельмі ўдзячна ўрачу-таксіколагу Ларысе Карпель. Утульна і камфортна было з ёй працаваць, ніколі дрэннага слова не пачула.

Такому прызнанню ад чалавека, з якім побач плячо ў плячо працаваў ні адно дзесяцігоддзе, упэўнена, быў бы рады кожны. Менавіта таму пакідалі калектыў з пачуццём павагі і перакананнем, што маладое пакаленне, якое прыйшло на змену ветэранам, не толькі захавае, але і прымножыць яго традыцыі.

Падобныя ўшанаванні райкам прафсаюза работнікаў АПК правёў і ў шэрагу іншых калектываў. У прыватнасці, наведалі ветэранаў працы сельгаскааператываў “Лунінскі”, “Хваецкае”, Вулькаўскі світанак”, “Чучавічы”, “Дварэцкі”, “Велута”.

Галіна КУЧЭЙКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.