Юбілей на Першамай

Марыне САРОКА з Дварца пашанцавала паявіцца на свет 1 мая 1920 года. Падрастаючы, дзяўчынка радавалася асаблівасцям гэтага веснавога дня. Якраз расцвіталі сады, дорачы спадзяванні на самае лепшае. Яна памятае, як заўсёды шанавалі Дзень салідарнасці працоўных, як штогадова ладзіліся мнагалюдныя дэманстрацыі. Цяпер, адольваючы прыступку ў 95 год, жанчына ўздыхае адначасова з радасцю і шкадаваннем. Бо так шмат усяго адбылося за гэты час не толькі ў краіне, але і ў яе асабістым лёсе. На жаль, часцей горкага і балючага…

Вайну дзяўчына сустрэла ў разгар юначых надзей. Прыгажуня марыла пра шлюб, свой дом і нараджэнне нашчадкаў. Але горкая цемра ахутала зямлю. Наводзілі жах здзекі акупантаў, збіралі свае ахвяры частыя бамбёжкі.

А неўзабаве па вёсках папаўзлі чуткі аб прымусовым вывазе людзей у Германію. Марына разумела рызыку непадпарадкавання строгім законам новай улады, таму скарылася лёсу і хутка апынулася ў незнаёмай краіне. Цяпер нельга перадаць словамі ўсе пакуты ад таго падарожжа, калі было холадна, голадна і страшна. Жыццё трымалася на валаску — адзін няправільны крок мог адгукнуцца прыцэльным стрэлам у грудзі.

У баўэра займалася звычнай сялянскай працай — карміла і даіла 9 кароў, даглядала свіней, завіхалася на іншых работах. Часта дапамагала гаспадару ў кузні, нягледзячы на дзявочую кволую сілу, спраўляючыся з мужчынскімі абавязкамі. У сям’і яе стараннасць заўважалі, таму асабліва не здзекаваліся.

Вельмі хацелася дадому. Гледзячы на сонца, якое ўзыходзіла з-за лесу, здавалася, што промні нясуць вестачку ад родных. Нібыта з хмаркі, ільюцца не проста дажджынкі, а гаючыя кропелькі слёз, пасланыя ад далёкай радзімы.

Сяк-так дачакалася вызвалення і пачалася доўгая дарога вяртання. Дзе цягніком, дзе пехатой, разам з такімі ж стомленымі пакутнікамі, яны набліжаліся да Беларусі. Толькі замест спадзяванняў на дабрабыт Лунінеччына сустрэла голадам і разрухай. Адыходзячы, ворагі спалілі хаты, забралі жывёлу і рэшткі хлеба.

Ды людзям давала сілы мірнае неба. Адолеўшы страшную вайну, не выпадала здавацца часовым цяжкасцям. Крапіва, грыбы і ягады складалі харчаванне, вопратку даношвалі старую, абуваліся ў лапці. Але жылі дружна, хоць працавалі ад цямна да цямна.

Сямейнае шчасце Марына знайшла з аднавяскоўцам Міронам, нарадзілі пяць сыноў. Не ўсё было проста, але пасля перажытага ў вайну на невялікія праблемы не звярталі ўвагі. Хлопцы раслі, дарослыя шчыравалі ў калгасе. Трымалі сваю гаспадарку, даглядалі агарод. Думалася, так будзе заўсёды.

Бяда пастукалася тады, калі дзеці выраслі. Даўно няма ў жывых гаспадара. Далёка ад дома загінуў адзін з сыноў, у роднай вёсцы ад хваробы скончыўся зямны шлях яшчэ двух. Марына Фёдараўна не радуецца свайму доўгаму веку, калі такое кароткае жыццё адмерана сынам. Прайсці праз столькі пахаванняў самых блізкіх вышэй усякіх жаночых сіл.

Але над лёсам кожнага з нас уладарыць Бог. Разумеючы гэта, доўгажыхарка мужна прымае выпрабаванні, якія сыплюцца на яе блізкіх. Сын Міхаіл жыве разам з маці і дапамагае спраўляцца з паўсядзённымі вясковымі абавязкамі. Яшчэ адзін сын Мікалай мае вялікую сям’ю і асталяваўся непадалёку.

Худзенькая постаць жанчыны ў праёме невялікага акна драўлянай хаты сведчыць, што на гэтым падворку ў цэнтры вялікай вёскі радуюцца ўзыходу сонца і цішыні мірнага неба. Як бы ні давялося пакутаваць ад асабістых страт, тут заўсёды будуць шанаваць мір і спакой. Унукам і праўнукам бабуля расказвае пра горыч ад страшнай вайны, якую добра памятае са свайго абпаленага юнацтва. I як ёй трывожна слухаць ці бачыць па тэлебачанні навіны пра ўзброеныя канфлікты ў іншых краінах. Бо тады адразу згадваюцца вельмі падобныя карціны з далёкага мінулага. Бабуля Марына ўпэўнена: калі маладыя часам скардзяцца на цяжкасці і адсутнасць грошай, гэта сведчыць аб тым, што на іх лёс не выпадалі горшыя пакуты і выпрабаванні.

Святочнасць Першамая прыходзіць, як заўсёды, з маленькай лістотай, першымі кветкамі і шумлівы дзень нараджэння такой радасці ўзнёсласці, як некалі ў дзяцінстве, але ўсё ж гэта новая прыступка ў жыцці доўгажыхаркі. Мы шчыра жадаем, каб кожны дзень Марыны Фёдараўны быў сагрэты не толькі сонечным цяплом. Радавалі клопатам блізкія людзі, смехам нашчадкаў поўніліся сцены роднай хаты і больш ніколі не пастукаліся ў дзверы дрэнныя навіны.

Марыя ЯРАХОВІЧ

 

Add Comment

Войти с помощью: