Апошні званок для школы

sh3Мы прывыклі да таго, што школы звычайна закрываюцца ў маленькіх вёсках, дзе памалу згасае жыццё. І абсалютна як неўласцівую нашай рэчаіснасці з’яву прымаем закрыццё школы ў горадзе. Менавіта таму вестку пра таое, што ў г.Мікашэвічы ў школе №3 апошні званок сёлета прагучыць не толькі для выпускнікой, але і для самой навучальнай установы, многія ўспрынялі вельмі балюча. І гэта зразумела: шмат год яна была неад’емным атрыбутам «старых Мікашэвіч».

Ва ўсе інстанцыі, аж да самых высокіх, пасыпаліся скаргі ад бацькоў вучняў. Дарослыя спяшаліся данесці свой пункт гледжання і сваю аргументацыю супраць закрыцця “скарбонкі ведаў”. I першы з іх — гэта школа са сваімі традыцыямі, грэбаваць якімі нельга. Мікашэвіцкая СШ №3 і сапраўды мае багатую гісторыю, пачатак якой вядзе з дня рэарганізацыі былой навучальнай установы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — спецшколы, як звалі яе ў простанароддзі. Развіццё пасёлка гранітаздабытчыкаў, рост насельніцтва і павелічэнне колькасці дзетвары паставілі перад адукацыяй раёна вострую праблему недахопу месцаў у школах. Менавіта таму і было прынята абгрунтаванае рашэнне аб рэарганізацыі. Справядлівасці дзеля, варта зазначыць, што і ў той час далёка не ўсе з разуменнем успрынялі падобнае рашэнне. Але тады, як і цяпер, прыняць яго вымусіла рэчаіснасць.

А яна сведчыць, што мікашэвіцкая СШ №3, як ні крыўдна, у апошнія гады не заўсёды адпавядала патрабаванням часу. Сёлета там навучаліся 153 школьнікі, сярэдняя напаўняльнасць класаў — 13,9 вучня. Гэта і для вясковай школы небагата, а для гарадской, дзе нарматывамі прадугледжана мець у кожным класе не менш як 25 чалавек, вельмі мала. Але ж школьную праграму карэкціраваць не будзеш, і раённы аддзел адукацыі павінен забяспечваць настаўніцкімі кадрамі навучальную ўстанову, нягледзячы на колькасць у ёй вучняў, у поўным аб’ёме. Вось і атрымалася, што з агульнага педагагічна-вучнёўскага калектыву прыкладна кожны пяты — настаўнік. А дадайце сюды каля паўтара дзясятка тэхнічных работнікаў, шматлікія выдаткі на ўтрыманне старога будынка (толькі за два гады на яго рамонт і аднаўленне тэхналагічнага абсталявання выдаткавана каля 130 мільёнаў рублёў), стане зразумелым, чаму расходы на аднаго школьніка тут летась склалі больш як 19 мільёнаў рублёў, у той час як у сярэднім па раёне — каля 14 мільёнаў.

Ці варта гаварыць пра тое, што сёння проста недаравальна кідаць на вецер бюджэтныя грошы. Дарэчы, на ўтрыманне названай навучальнай установы летась было зрасходавана больш як 3 мільярды рублёў. Аднак нягледзячы на гэта, санітарны стан будынка, узведзенага больш як стагоддзе таму, выклікае зразумелую трывогу. Ёсць прэтэнзіі да харчблока, спартыўнай залы, прыбіральняў, якія дагэтуль знаходзяцца на прышкольнай тэрыторыі. Нельга лічыць нармальным і тое, што карпусы пачатковай і асноўнай школы размешчаны на прыкметнай адлегласці адзін ад аднаго, а ў многія памяшканні (у тым ліку ў сталоўку) трэба пераходзіць па вуліцы.

Вядома, кожная школа мае свае напрацоўкі, свае традыцыі і набыткі. Ёсць яны і ў СШ №3. Але ж з года ў год яны станавіліся ўсё больш сціплымі. У раённым рэйтынгу СШ №3 г. Мікашэвічы займае апошняе 9-е месца сярод аналагічных гарадскіх устаноў. За тры апошнія гады на абласных алімпіядах вучнямі школы заваявана 2 Дыпломы, у той час як у суседняй СШ№1 — 16 узнагарод, у СШ №2 — 12. Не заявіла пра сябе школа і ў раённым конкурсе навукова-даследчых работ. Пра неадпавядаючую патрабаванням якасць навучання сведчыць невысокі працэнт паступіўшых у ВНУ — усяго 13,3 працэнта, у той час як у сярэднім па раёне — 48,5. Магчыма, нехта запярэчыць, маўляў, рабочыя прафесіі сёння таксама ў пашане. Усё яно так, але ж, паверце, вельмі шкада, калі здольнасці аднаго асобна ўзятага дзіцяці не развіваюцца, а губляюцца на працягу вучобы ў школе.

I ўсё ж, адным з самых пераканаўчых довадаў стала і вывучэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў г. Мікашэвічы. Лічбы сведчаць, што сёлета ў першы клас тут пойдуць 198 дзетак. Праз пяць год іх колькасць зменшыцца на 86, гэта значыць будзе менш на 3 паўнавартасныя гарадскія класы! I гэта ў той час, як суседняя СШ №1 запоўнена на 74 працэнты, СШ №2 — на 58.

Цяжка сказаць, ці чулі ўсе гэтыя довады тыя, хто прыйшоў на сход, што ў пачатку мая адбыўся ў школе з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Захаркевіча, начальніка раённага аддзела адукацыі Івана Раковіча, старшыні гарвыканкама Галіны Сыцэвіч, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Віталя Дзегцярова. Бацькі гаварылі пра нюансы адаптацыі дзетвары ў новых калектывах, дадатковыя складанасці ў тым, каб дабрацца да н-вай школы (адна з іх — СШ №1 — знаходзіцца ў 5 хвілінах хадзьбы ад СШ №3), адсутнасці тратуараў і асвятлення на асобных участках па шляху следавання і многім іншым, што, на іх погляд, будзе перашкаджаць нармальнаму наладжванню адукацыйнага працэсу. Усе яны, дарэчы, не пакінуты без увагі. Камунальная служба ўжо атрымала даручэнне абследаваць названыя бацькамі вуліцы на прадмет выпраўлення агрэхаў у асвятленні і магчымасці абсталявання пешаходных дарожак. Упаўне рэальна перагледзець рух гарадскіх аўтобусаў з тым, каб прыстасаваць іх для зручнасці дзетвары, якая будзе дабірацца ў школу з ускраін. Гэта ж адносіцца да хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ездзяць на вучобу ў Мікашэвічы з Сітніцы, Запросся і Грады.

Што датычыць адаптацыі, то ці варта засяроджваць на ёй увагу ў школах малога горада, дзе падлеткі ведаюць адзін аднаго ці не з ранняга дзяцінства. I ўсё ж, калі гэта і насамрэч так важна, то ў аддзеле адукацыі гатовы разгледзець магчымасць пераводу дзяцей з СШ №3 цэлымі класамі. Прычым, вучыцца яны будуць абавязкова ў першую змену. Працаўладкуюць усіх работнікаў школы. Упаўне вырашальныя і іншыя пытанні.

Ёсць у мікашэвіцкай дзетвары і яшчэ адна праблема. Гэта — адсутнасць цэнтра дзіцячай творчасці. Філіял аналагічнай раённай структуры ёсць, але месціцца ў невялікіх прыстасаваных памяшканнях аднаго з гарадскіх дзіцячых садоў. Разам з тым, даўно наспела неабходнасць адкрыць у маладым горадзе асобны паўнавартасны шматпрофільны цэнтр, дзе б хлопчыкі і дзяўчынкі маглі ўдасканальваць свае мастацкія здольнасці, спартыўныя задаткі, творчыя памкненні. Яго і мяркуецца размясціць у будынку былой СШ№3. Зразумела, пасля неабходнага давядзення да ладу, што гатовы зрабіць раённы аддзел адукацыі, на чыім балансе застаецца названы аб’ект. Не сумняваюся, што карысць ад гэтага будзе не толькі вучням усіх школ, але і гораду, чыю гісторыю працягнуць ствараць таленавітыя нашчадкі.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.