Цёплае лета дзяцінства

спутник 2015Лета адкрывае стацыянарны аздараўленчы лагер “Спадарожнік” на возеры Белае. Днямі там пабывала камісія па прыёмцы гатоўнасці ўстановы да новага сезона.

Як заўважыў начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Раковіч, на падрыхтоўку “Спадарожніка” да прыезду юных адпачываючых запланавана выдаткаваць каля 170 мільёнаў рублёў. Большая частка з гэтай сумы ўжо асвоена. Работы пачаліся 22 красавіка. На сёння практычна ўсе карпусы чакаюць дзетвару. Тут зроблены касметычны рамонт, устаноўлена зручная мэбля, на вокнах — утульныя фіранкі ці прыгожыя жалюзі.

Вялікі аб’ём работы давялося выканаць па навядзенню парадку на тэрыторыі лагера. Зараз тут вычышчаны выкладзеныя тратуарнай пліткай дарожкі, вяртаюць прыемны воку выгляд клумбы. Праўда, старанні тэхработнікаў, якіх у лагеры 9, часткова вынішчыў град, што нечакана абрынуўся на гэтыя мясціны з тыдзень таму. Але ж замест загінуўшых раслін паяўляюцца новыя, якія неўзабаве будуць радаваць дзетвару вясёлым разнаквеццем.

Прыдзірліва аглядалі ўладанні краіны дзяцінства намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў, намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Хлебус. Зразумела пільная ўвага з боку прадстаўнікоў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і філіяла райспажыўтаварыства “Грамадскае харчаванне”: здароўе і бяспека дзетвары — галоўнае для дарослых, якія за гэта адказваюць. Заўваг практычна не было, а дробныя недапрацоўкі ўжо ліквідаваны.

Дырэктар лагера Аляксандр Клімчук адзначыў, што сёлета ўмовы адпачынку ў “Спадарожніку” стануць яшчэ больш камфортнымі. Адышоў у мінулае час, калі ўсе выгоды знаходзіліся на вуліцы. Цяпер у кожным корпусе ёсць санвузлы з туалетамі і ўмывальнікамі. А каб па-дамашняму смачнымі былі стравы, на харчблок набылі новую электрычную шафу для смажання.

— Адзінае, на што традыцыйна хацеў бы звярнуць увагу тых, хто прыедзе да нас адпачываць, — беражліва адносіцца да лагернага інвентару. Пасля лета заўсёды даводзіцца рамантаваць ложкі, шафы, крэслы… А вывесці аўтографы на матрацах проста немагчыма!

Пацікавіліся і коштам пуцёвак у гэтыя прыгожыя мясціны. І.М. Раковіч расказаў, што адпачынак тут упаўне даступны. Для дзяцей ад 6 да 10 год 19 дзён знаходжання на беразе возера Белае каштуюць 2 811 400 рублёў, 11-13 год — 2 925 000, 14-17 — 2 997 400. Няхай не палохаюць бацькоў гэтыя лічбы. 1 400 000 рублёў кампенсуе дзяржава, астатняе — арганізацыі, якія набываюць пуцёўкі для дзяцей сваіх работнікаў. У выпадку, калі выплаціць усю суму гаспадарнікі не маюць магчымасці, бацькі павінны будуць выдаткаваць прыкладна 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Для малодшых дзетак — 281 150 рублёў, сярэдняй групы — 292 500 і старэйшай — 299 750 рублёў. Згадзіцеся, за адпачынак у прыгожым бары, дзе ад гаючага паветра кружыц-ца галава, а цёплае возера кліча да сябе пяшчотнымі хвалямі, гэта зусім нямнога.

На першую змену, на працягу якой у САЛ “Спадарожнік” будуць аздараўлівацца 80 дзетак і пачнецца якая 6 чэрвеня, ёсць яшчэ свабодныя месцы. Звяртайцеся ў камісіі па аздараўленню па месцы работы ці ў раённы аддзел адукацыі, тэлефон 3-36-52.

І яшчэ. На працягу лета ў “Спадарожніку” будуць працаваць 4 змены, дзе адпачыць і паправіць здароўе змогуць 300 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Add Comment

Войти с помощью: