Касі, каса, пакуль раса

Субота. Спякотнае сонца з ранку, не шкадуючы промняў, шчодра пасылае іх на зямлю. Самы раз адпачыць каля вадаёма… Ды пра гэта працаўнікам корманарыхтоўчага звяна СВК “Новае Палессе”можна толькі марыць. Без выхадных і святаў яны працягваюць назапашванне кармоў для грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы з траў першага ўкосу.

У гэты дзень работы вяліся на адной з самых аддаленых сенажацей у Грычыне. Закрыўшы напярэдадні курган з сенажом, пачалі рыхтаваць падмурак пад чарговы, шчыльна засцілаючы зямлю мінулагодняй саломай.

Як расказала галоўны спецыяліст па кормавытворчасці Людміла Дзенісеня, травы першага ўкосу трэба было ўбраць на плошчыі 1,5 тысячы гектараў. Скасілі іх на больш як 1000-гектарнай плошчы, назапасіўшы 2600 тон сенажу, з іх 240 — у плёначных рулонах, для чаго выкарыстоўвалі толькі найбольш пажыўныя бабова-злакавыя травастоі. З-за недахопу сродкаў на набыццё поліэтыленавай плёнкі, работы па гэтай тэхналогіі часова згарнулі. Хаця ў гаспадарцы спадзяюцца ў бліжэйшы час “заматаць” яшчэ 360 рулонаў, для чаго ёсць добрая састаўляючая — канюшына.

Міхаіл Сідарук і Дзмітрый Шэўчык
Міхаіл Сідарук і Дзмітрый Шэўчык

Вядуцца таксама работы па нарыхтоўцы сена. Яго ўжо ёсць 110 тон, яшчэ на 200 гектарах травы падсыхаюць, чакаючы свайго часу. Багатымі травастоямі сёлета сенажаці не радуюць, хаця штогод у гаспадарцы перазалужаецца па 300-400 гектараў. Становішча маглі б палепшыць падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі, але на іх набыццё не хапае сродкаў. Знайшлі іх толькі на падкормку 200 гектараў пашы. З-за адсутнасці сучасных стацыянарных траншэй закладваць сянаж даводзіцца ў курганы. Гэта дазваляе аптымізаваць колькасць удзельнікаў корманарыхтоўчага звяна і да мінімуму скараціць тэхніку на адвозцы зялёнай масы. Амаль усю яе перавезлі два МАЗы, якімі кіруюць Дзмітрый Шэўчык і Міхаіл Сідарук. На трамбоўцы пастаянна заняты “Амкадоры”, з якімі па-майстэрску ўпраўляюцца Аляксандр Курак і Міхаіл Латышэвіч.

Аляксандр Курак
Аляксандр Курак

Старанна падбірае і здрабняе падвяленую масу “Ягуарам” Васіль Клеўжыц. А фарміруе для яго валкі граблямі Аляксандр Альцывановіч.

Васіль Клеўжыц
Васіль Клеўжыц

Выдатна разумеючы, што любы збой у ланцужку пацягне за сабой прастой іншых удзельнікаў, кожны працаўнік стараецца не толькі добра выконваць непасрэдную работу, але і сачыць за тэхнікай. Яна, на жаль, можа зламацца ў самы непадыходзячы час. Так як гэта зрабіла касілка, якой кіруе Мікалай Жуковіч. Выйшла са строю зусім маленькая дэталь, а без яе працаваць нельга. Добра, што ў гаспадарцы ёсць яшчэ дзве касілкі.

Касавіца ў гаспадарцы пачынаецца звычайна ў 7 гадзін раніцы і заканчваецца позна вечарам. Занятыя на ёй работнікі забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Падвозкай механізатараў на ўчасткі займаецца вадзіцель Міхаіл Катовіч.

Міхаіл Катовіч
Міхаіл Катовіч

На дзень выхаду “ЛН” у “Новым Палессі”, як планавалі, уборку траў першага ўкосу не закончылі. Падвяла затрымка з набыццём паліва. Тым не менш, ужо назапасілі 3050 тон сенажу і 150 тон сена, што ў разліку на ўмоўную жывёліну складае 5,5 цэнтнера кармавых адзінак.

Галіна КУЧЭЙКА

Add Comment

Войти с помощью: