Клубніцы едуць да сталіц

клубника 2015Чэрвень радуе духмянымі клубніцамі. Лунінеччына даўно трымае за сабой першынства ў гэтай салодкай справе. Ягаду вырошчваюць хаця б на невялікай градцы амаль усе гараджане і вяскоўцы. Хто мае час і жаданне, займаюцца ў большых маштабах і атрымліваюць за стараннасць і руплівасць нядрэнны заробак.

Мінулі клапатлівыя майскія будні, калі плантацыі праполваліся, паліваліся, укрываліся ад бязлітасных замаразкаў. Цяжкасці з доглядам пройдзены, засталося толькі сабраць далікатныя ягады ў скрынкі і правільна распарадзіцца ўраджаем.

Галоўнай пляцоўкай гандлю заўсёды было перакрыжаванне дарог у Дварцы. Мясцовая “Камароўка” цэлы месяц «кіпела» ад аўтамабільных пробак і п’янкага паху клубніц. У своеасаблівы мурашнік з’язджаліся ягаднікі з усяго раёна і скупшчыкі з Беларусі, Расіі і нават іншых рэспублік.

Новаўвядзення з адкрыццём пляцоўкі для гандлю сёлета чакалі з насцярожанасцю. I вось у мінулую пятніцу тут закіпела жыццё. Нельга сказаць, што ўсе засталіся задаволенымі. Невялікая аддаленасць ад трасы, незаўважная для вадзіцеляў, стала адчувальнай для веласіпедаў. Дарога пасыпана шчэбенем і адсевам, ад няроўнасцей далікатная ягада струшваецца і губляе таварны выгляд. Людзям даводзіцца весці нагружаны транспарт у руках і адварочвацца ад пылу.

Ці памесцяцца на заасфальтаванай і абгароджанай тэрыторыі ўсе жадаючыя, пакажа разгар сезона, які яшчэ наперадзе. Магчымых затораў баяцца ўсе.

— Было б прасцей зрабіць асобна заезд і выезд, — дзеліцца першымі ўражаннямі на гэты конт Мікалай, які паставіў свой мікрааўтобус у цэнтры пляцоўкі і разлажыў скрынкі. — Яшчэ моцна даймае спякота, схавацца ад якой няма дзе.

Іншыя думкі ў аўтамабілістаў, якія здзіўлены адсутнасцю гандлю каля трасы.

— Што, ягады не ўрадзілі? — праезджыя звяртаюцца да мясцовых. Атрымаўшы тлумачэнне наконт пляцоўкі, задаволена ўсміхаюцца. — Нарэшце навялі парадак, а то праехаць было немагчыма.

Каля дарогі засталіся толькі жанчыны са шклянкамі і вядзерцамі. Для іх абсталявалі столікі, і гандаль цяпер выглядае больш цывілізавана, а кожны жадаючы можа купіць неабходную колькасць ягад. На прывычным месцы каля кафэ “Спадарожнік” размясціліся і прадуктовыя палаткі, якія кожны год карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Кантралюе сітуацыю дзяржаўтаінспекцыя, бо некаторыя імкнуцца незаконна размясціцца са скрынкамі каля звыклага перакрыжавання.

Усіх цікавіць цана. Часам яна змяншаецца больш як напалову. I настолькі імкліва, што знайсці выгадны варыянт магчыма не заўсёды. Задавальняе то скупшчыкаў, то клубнічнікаў. Адны скардзяцца, што многа працы і мала прыбытку. Другі бок наракае на цяжкасці транспарціроўкі, аддаленасць, у выніку чаго заробак не радуе.

Ірына і Андрэй прыезджыя, але кожны год у чэрвені літаральна “жывуць” у Дварцы:

— Мы займаемся закупам сёмы сезон, ужо і прадаўцоў многіх ведаем. Ёсць у нас пастаянныя кліенты, з якімі працуем. Са збытам бывае рознае — калі выгадна прададзім, калі сваё страцім. Як пашанцуе.

Верыць ва ўдачу і каўказец, які размясціўся з цэлым грузавіком каробак:

— Ягада смачная, хай паспытаюць і ў Саратаве! Менавіта туды заўтра накіруюся са сваім грузам.

Галіна сабрала першыя тры вядры, продажам задаволена:

— Хоць і клопатаў каля ягад, але дзе, скажыце, яшчэ можна зарабіць, як не сваёй працай? А так хопіць хоць на самае неабходнае.

Сезон пачаўся, але асноўныя заробкі яшчэ наперадзе. Толькі плануюць прыступіць да масавай закупкі ягад гандлёвыя арганізацыі Лунінеччыны і прыезджыя кааператары. Яны таксама не ведаюць, якім будзе кошт салодкай прадукцыі. Усё залежыць ад попыту і прапановы.

Галоўныя спадзяванні людзей на добрае надвор’е — каб не знішчыла ўраджай спёка, не залілі моцныя дажджы, не пабіла градам. А ўсё, што залежыць ад працавітых рук, лунінчане зробяць. Яны не баяцца цяжкасцей. Таму не адна тона нашых клубніц будзе вандраваць па свету і па сталіцах.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: