Кроўнае «радство»

донорыТак пабудаваны свет, што аднойчы некому даводзіцца трапляць у крытычныя сітуацыі. Бываюць моманты, калі жыццё залежыць ад дапамогі зусім незнаёмага чалавека. I ён не ведае нас, але заўчасна паклапаціўся аб тым, каб выратаваць.

Такіх людзей называюць донарамі. Іх паважаюць, ім дзякуюць, ставяць у прыклад дзецям і падлеткам. Сапраўды, аддаваць часцінку сябе дзеля іншых здольны не кожны. І калі раней меркавалася, што людзі ідуць на гэта дзеля грошай, то цяпер давялося пераканацца ў адваротным.

10 чэрвеня Ганцавіцкая станцыя пералівання крыві працавала ў Лунінцы. Асаблівасць была ў тым, што на гэты раз усе жадаючыя здавалі кроў бясплатна. Да гэтага заклікала акцыя, якая праводзілася на Брэстчыне ў падтрымку ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па пераходу ўсіх краін да 2020 года на сістэму бязвыплатнага добраахвотнага донарства.

Спачатку былі сумненні, ці прыйдуць людзі. Але колькасць жадаючых амаль не змянілася. Чарга каля кабінетаў сведчыла, што грошы не заўсёды валодаюць чалавекам. Ёсць нешта больш важнае, што з глыбіні сэрца заклікае да высакароднага ўчынку. Менавіта такая кроў і патрэбна для выратавання — аддадзеная з дабрынёй і чыстая.

Донары з’ехаліся з усяго раёна. Сярод іх нямала было медработнікаў. Магчыма таму, што ім часцей даводзіцца бачыць боль. Што саму прафесію ратаваць людзей выбіраюць неабыякавыя людзі. Пераважалі жанчыны, асабліва здзівіла актыўнасць маладога пакалення.

Утварыліся дынастыі донараў — Валянціна Хацяновіч, санітарка з Мікашэвіч, была разам з дачкой Наталляй. Вадзіцель “Хуткай” Уладзімір Чарнушэвіч узяў з сабой маладога калегу. Мала хто прыйшоў сюды ўпершыню, звычайна стаж вылічваецца па некалькі год. Здаваць кроў рэкамендуецца раз у тры месяцы, але для некаторых такі прамежак часу здаецца вельмі доўгім.

Па словах загадчыцы аддзялення камплектавання донарскіх кадраў Таццяны Матвеевай, на Лунінеччыне з разуменнем ставяцца да здачы крыві. Часам жадаючых намнога больш, чым патрэбна. А прадстаўнікі горада гранітаздабытчыкаў просяць прыязджаць да іх у асобны дзень. Такое пытанне пакуль вырашаецца.

Праведзена рэгістрацыя, запоўнены анкеты. У стэрыльны пакой не дазваляецца заходзіць пабочным. Па тонкім правадку цячэ чырвоная вадкасць, якая потым некаму дапаможа справіцца з бядой. Норма ў 475 мілілітраў будзе прыдатнай для прымянення 35 сутак. Медыкі пільна сочаць за станам донара, гатовыя ў любы момант аказаць неабходную дапамогу.

Аддадзеная з душой кроў, падорыць свету дабрыню і міласэрнасць. Але вельмі хацелася б, каб як найменш здаралася экстранных выпадкаў для яе прымянення.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.