На струнах надзеі

Часам на чалавека сыплюцца нечаканыя выпрабаванні. Толькі ўчора ўсё было добра, хвалявалі і здаваліся важнымі зусім нязначныя праблемы. Настрой псаваўся ад выпадкова разбітай шклянкі ці ў непадыходзячы момант адарванага гузіка. Але наступіла ракавая раніца, якая раздзяліла жыццё на “да” і “пасля”. Знішчыла радасць, дадала новых клопатаў, ад якіх больш няма паратунку…

Так бяда ўварвалася ў сям’ю Вольгі і Аляксандра, калі моцна захварэла іх дачушка. Анечцы споўнілася паўгода, яна была рухавай і вясёлай дзяўчынкай.

Не прадчуваючы нічога дрэннага, бацькі адвезлі Анечку ў паліклініку на прышчэпку. Агляд доктара канстатаваў, што проціпаказанняў няма. Але вечарам паднялася тэмпература. Ноч была неспакойнай, толькі пад раніцу сон змарыў і малую, і маму. Калі прачнуліся, стан дзіцяці стаў рэзка пагаршацца. Яна моцна і часта дыхала, бездапаможна ляжала на коўдрачцы, не варушылася. Тэрміновы званок у “Хуткую”, паспешлівыя зборы, дарога да бальніцы, рэанімацыя.

Урачы звязаліся са сталічнымі спецыялістамі. Важнай была кожная хвіліна, дзеля выратавання дзіцяці з Мінска вылецеў верталёт. Вольга была нібыта ў сне. Але ява станавілася ўсё больш страшнай.

Час, праведзены ў небе, жанчына памятае выразна. Медыкі падключылі малую да спецыяльных прыбораў, няўдала супакойвалі. Калі на тварыку Анечкі раптам з’явілася ўсмешка, яна ўзрадавала толькі матулю. Урачы палічылі такі стан перадсмяротнай агоніяй. Паміж сабой сумна пераглянуліся.

На шчасце, яны памыліліся. Сучаснае абсталяванне сталічнай клінікі дапамагло спыніць прагрэсіраванне хваробы. Хаця і да выздараўлення было ой як далёка. Пра поўнае пазбаўленне ад наступстваў гаворка не ішла наогул. Радаваліся ўжо таму, што удалося пазбегнуць лятальнага зыходу.

Доўгія месяцы Вольга правяла разам з дзяўчынкай у бальніцы. Потым была рэабілітацыя бліжэй да дома і доўгачаканае вяртанне ў родныя сцены. Пра горшае стараліся не размаўляць і не думаць, верачы, што хутка яно знікне з іх жыццёвага небакраю. Але часта Анечцы станавілася дрэнна, яе зноў забіралі на лячэнне. Далі інваліднасць. Жыццё сям’і цяпер моцна залежала ад малой — калі тая смяялася, радасней станавілася дарослым. Калі пагаршаўся стан дзіцяці, разам пакутавалі ўсе блізкія людзі.

З таго страшнага моманту мінула 10 год. Анечка падрасла і знешне нічым не адрозніваецца ад равеснікаў. Толькі родныя добра разумеюць усе тонкасці яе стану, але не хочуць гаварыць пра асабістыя праблемы. Адмовіліся яны ад указання адраса і прозвішча на старонках газеты. Згадзіліся расказаць пра сваю бяду толькі таму, каб іншыя, каму давялося сутыкнуцца з падобнымі праблемамі ведалі, што яны не адны.

Інваліднасць дзяўчынцы так і не знялі. Яна стаіць на ўліку ў некалькіх спецыялістаў. Але прыгожа ўсміхаецца, мякка і павольна размаўляе, займаецца па спецыяльнай праграме рэабілітацыйных практыкаванняў, якую рэкамендавалі замежныя ўрачы ў час паездкі на аздараўленне.

Аня наведвае школу разам з равеснікамі. Так вырашылі бацькі — каб яна не заставалася ў баку ад калектыву, разам з ведамі атрымлівала ўрокі ўзаемавыручкі і падтрымкі. Інакш у дарослым жыцці давядзецца навучацца самым простым рэчам, якія іншыія спасцігаюць на шляху да сталасці. Веды даюцца з цяжкасцю. Дрэнная памяць перашкаджае вучобе. Вось, здаецца, усё знае, але назаўтра даводзіцца пачынаць з нуля.

Дзяўчынка захоплена музыкай. Калі чуе, як заліваецца скрыпка, быццам замірае пад прыгожыя гукі. Асвоіць майстэрства самой пакуль не пад сілу — трэба ведаць ноты. Родныя купілі ёй жаданы інструмент, і часам смычок няўмела блукае па струнах, прыносячы юнай гаспадыні неймаверную радасць.

Паступовае паляпшэнне дае бацькам надзею на выздараўленне Ані. Медыкі больш асцярожныя і разводзяць рукамі — невядома, як адаб’ецца на стане малой пераходны ўзрост, ці не справакуе павышаная нагрузка на арганізм новыя праблемы. Але гэта не палохае Вольгу і Аляксандра — яны ўжо столькі вытрымалі, што гатовы змагацца і далей, не апускаць рукі. Упэўнена ў лепшым і сама Аня — плануе стаць прадаўцом. І не абы дзе, а прапаноўваць пакупнікам касметыку і парфум. Цяпер, заходзячы ў адпаведныя магазіны, з захапленнем назірае, як ветліва і тактоўна спецыялісты выконваюць сваю работу, раяць паспрабаваць нешта новае.

Дарослыя нікога не вінавацяць у сваёй бядзе. Хаця ім прапаноўвалі падаць іск у суд, правесці расследаванне, што паслужыла прычынай такой рэакцыі на прышчэпку. “Абы дзіця засталося ў жывых”, — уздыхаюць яны. І з захапленнем глядзяць, як Анечка бярэ ў рукі скрыпку.

Агульнае гора не развяло закаханых па розных дарогах, не прымусіла шукаць супакаенне ў віне ці беспадстаўных спрэчках. Яны разам, разумеюць з паўслова, з аднаго позірку, трымаюцца за рукі, і гэта дадае ім упэўненасці ў нялёгкай размове пра самае набалелае. Адзінае, чаго баяцца, — паклікаць бусла на свой дах яшчэ раз. У Ані няма браціка ці сястрычкі. “А раптам зноў што не так.” — на вачах блішчыць няпрошаная слязінка, якая лепш за тысячу слоў тлумачыць цану змагання за дачушку. І шчырую адданасць сваёй крывінцы, якая пазнае свет у крыху іншым ракурсе, чым здаровыя дзеці.

Матуля ніколі не забудзецца пра тую ўсмешку малой у верталёце з-пад кіслародных падушак, хітраспляцення правадоў і прыстасаванняў. І разумее незвычайны момант па-свойму — вышэйшыя сілы адгукнуліся на малітвы, пасялілі ў сэрцы веру на выратаванне. І яна больш ніколі не пакідае жанчыну, перадаецца з упэўненага выгляду іншым. Бо інакш нельга было б усё вытрымаць і перажыць. Нібы ў дадатак да яе слоў гучыць ціхая мелодыя скрыпкі. І цяпер сапраўды верыцца, што некалі Аня зайграе па-сапраўднаму, незвычайна ўмела і прыгожа, што ў захапленні ад музыкі будуць не толькі мама і тата.

Марыя АЛЯКСАНДРАВА

Add Comment

Войти с помощью: