Падзяліцца шчасцем з людзьмі

косачБыць шчаслівай, калі дорыш усё лепшае іншым, — дэвіз, які па сілах толькі добрым і сумленным людзям. Не наракаць на цяжкасці, а смела і ўпэўнена глядзець наперад — жыццёвае крэда мужных і цярплівых.

У ліку такіх — Вольга КАСАЧ з Лунінца. Разам з дачушкамі і сынам яны бачаць свет толькі ў яркіх колерах, адганяючы ад сябе ўсё негатыўнае і непрыемнае. Хаця праблем у іх не менш, а нават намнога больш, чым у іншых. Толькі пры знаёмстве з дружнай сям’ёй не хацелася гаварыць пра сумнае…

Спачатку пазнаёміліся з Машай. Яна вучыцца ў 6 класе СШ №1. Паспяхова спраўляецца з праграмай, акрамя гэтага, займаецца музыкай. У школе мастацтваў дзяўчынка даўно, і выдатна асвоіла домру. Дома, як старэйшая, яна дапамагае маме па гаспадарскай частцы і ў выхаванні малодшых. Ды тыя і не прыносяць ніякіх асаблівых клопатаў, таксама старанныя і выхаваныя.

Аня — пяцікласніца, і яна адрозніваецца ад сястрычкі толькі ў захапленнях. Спачатку імі была музыка, але перамагла любоў да спорту. Заняткі лёгкай атлетыкай ужо ўзнімалі дзяўчынку на п’едэстал гонару, толькі галоўныя перамогі чакаюць яе наперадзе. Для гэтага ёсць усе падставы — фізічная падрыхтоўка, падтрымка родных і вялікае жаданне.

Адзіны мужчына ў сям’і — 3-класнік Саша. Хаця самы малодшы, але на яго плячах ляжыць клопат пра сваіх жанчын. I гэта толькі пакуль —  умоўна. Варта яшчэ крышачку пасталець, і ніхто не пакрыўдзіць ні сястрычак, ні маму. Хлопчык наведвае басейн, мае дасягненні ў лёгкай атлетыцы. Па вучобе адзін з лепшых у класе. У будучым марыць стаць выратавальнікам — тады канкрэтна зможа дапамагаць людзям.

У кватэры смачна пахне пірагамі. Вялікі прыгожы акварыум з рыбкамі дапасоўвае да атмасферы ўтульнасці і цяпла. Цудоўны настрой дораць высокія галінкі бэзу, густы водар якога стаіць у пакоі. Ціхія музычныя кампазіцыі ў рытме вальса вяртаюць у недалёкае мінулае, дзе марыла пра жаночае шчасце сама гаспадыня…

Вольга ў 9 год засталася без мамы. Хвароба адабрала ў дзяучынкі самую дарагую жанчыну на свеце, прымусіўшы перакрэсліць усю дзіцячую бесклапотнасць. Ёй пашанцавала, што была старэйшая сястра Наталля, якая прысвяціла сябе малодшай. Дзяўчаты разам перажывалі боль ад страты, марылі, радаваліся і пакутавалі.

Пасля школы будучая мнагадзетная мама навучалася швейнаму майстэрству ў Брэсце. Прапаноўвалі там і заставацца, але цягнула дадому. Лунінец заўсёды быў для дзяўчыны на першым месцы. Вярнулася сюды пасля паездкі для асваення новай спецыяльнасці бухгалтара. Потым — замужжа і нараджэнне дзяцей. Атрымалі кватэру, але сямейнае шчасце не склалася…

Праблемы са зрокам у дачкі прымусілі Вольгу адмовіцца ад работы і больш часу і ўвагі прысвячаць ёй. Але тут не любяць расказваць пра невясёлае…

На пытанне: “Ці любіце вы жывёл?”, малодшыя адначасова рынуліся ў іншы пакой і прынеслі агульнага любімца — ката Боню. Спешчаны дзіцячай увагай, ён спакойна мурлыкае, напявае любімую песню. Ды ў такой атмасферы немагчыма быць агрэсіўным і злосным. У пакоях не сціхае смех. То дзеці паміж сабой гуляюць у гульні, то ўсе разам разважаюць пра вечнае. Часам у Сашы атрымліваецца задаць такое філасофскае пытанне, што над ім задумваецца не толькі мама. Шукае правільны адказ і дзядзя Вова, брат Вольгі, падпалкоўнік. Яго прыезд для малых — заўсёды вялікае свята, бо ён ведае столькі цікавага і ўмее знайсці агульную мову з пляменнікамі.

На лета запланавана паездка дзяўчынак у Вялікабрытанію ад дабрачыннага фонду “Чарнобыльскія дзеці — лінія жыцця”. Гэта стане для іх самым далёкім падарожжам. Некалькі страшнавата трапіць у незнаёмую краіну, жыць у чужой сям’і, але вабіць жаданне зведаць нешта новае, паглядзець на побыт іншаземцаў. Вольга ўдзячна за такі клопат пра людзей, якія пацярпелі ад радыяцыі. I ўпэўнена, што аздараўленне будзе для Машы і Ані карысным — дадасць цікавасці да замежнай мовы, дапаможа пазнаёміцца з культурай іншых народаў.

“Каб самі былі шчаслівымі і людзям шчасце прыносілі” —  з такімі марамі і жаданнямі гадуе сына і дачушак іх мама. Вучыць дабрыні — не пакідаць без увагі пажылога чалавека на вуліцы, уступаць месца ў аўтобусе, заўсёды дзякаваць за паслугі. А для гэтага важна падаваць свой прыклад павагі і тактоўнасці, ніколі не быць несправядлівай і грубай. У гэтым і ёсць асновы выхавання, якія добра разумее жанчына, на чыіх плячах клопат пра траіх школьнікаў.

Часта дзеці ходзяць на гарадскі стадыён. I здзіўляюцца, што так мала наведвальнікаў: толькі нямногія імкнуцца правесці вольны час разам са спортам. Яны ж знаходзяць вялікае задавальненне і на валейбольнай пляцоўцы, і ў футболе.

Бліжэй да прыроды сям’я Касач аказалася ў час адпачынку на аграсядзібе “Прыпяцкі плёс”, дзе ім прапанавалі плаванне на байдарках, верхавую язду на конях. Запомніўся дзецям адпачынак у лагеры. Але часцей яны бываюць у цёці Наташы. У доме, дзе прайшло дзяцінства Вольгі, і куды ездзяць усе разам. Там можна заняцца вырошчваннем кветак ці агародніны — пасадзіць і паступова назіраць, як з зямлі прабіваецца тоненькі расток, імкнецца да сонца, потым радуе смачнымі пладамі ці насычаным водарам.

Падобна раслінам, сталеюць і дзеці. Як да іх ставяцца блізкія, чаму навучаюць, такі вынік атрымаецца і ў выхаванні маладога пакалення. Верыцца, што Маша, Аня і Саша ў далейшым зберагуць у сэрцах тыя ўрокі дабрыні і чалавечнасці, якія цяпер дае ім мама.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.