Пятніца з драйвам

мотодромНапрыканцы мінулага тыдня “ажыў” лунінецкі мотадром.

У пятніцу тут прайшло першынство Брэсцкай вобласці па хуткаснаму манеўраванню на матацыклах. У цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў прынялі ўдзел старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ Іван Дырман, кіраўнік абласной структуры абароннага таварыства Мікалай Арсяновіч, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч і начальнік ДАІ Аляксандр Антановіч.

Лунінеччыну ў спаборніцтвах прадстаўлялі ігракі каманды “Ракета”. У чарговы раз юнакі паказалі добрыя вынікі, заняўшы другое агульнакаманднае месца. Значны ўклад у скарбонку зборнай унеслі Станіслаў Свібовіч (СШ №3) і Дзмітрый Кезь (сельскагаспадарчы каледж).

Вечарам таго ж дня прыхільнікі мотабола маглі паназіраць за таварыскім матчам паміж “Ракетай” і пінскім “Юнацтвам”. Нашы землякі парадавалі балельшчыкаў. Прапусціўшы на першых хвілінах мяч, не разгубіліся і да канца першага перыяду зраўнялі лік. Пасля перапынку лунінчане перахапілі ініцыятыву і да фінальнага свістка суддзі ўзялі матч пад свой кантроль, забіўшы яшчэ тры безадказныя галы ў вароты сапернікаў. Цікава, што прадстаўнікі “Юнацтва” не змаглі адыграцца нават у трэцім перыядзе, калі амаль адначасова зялёныя карткі атрымалі Вадзім Русак і Аляксандр Баброўскі. На полі засталіся Уладзіслаў Канапацкі і Дзмітрый Кезь. У апошняга, дарэчы, гэта першы матч у жыцці. Юнак паказаў годную гульню ў абараняльным плане.

Аляксандр КОЎКА

Add Comment

Войти с помощью: