Служыць ці плаціць?

армияАб выніках чарговай прызыўной кампаніі гутарым з ваенным камісарам Уладзімірам ЖУКОМ.

— Летні прызыў быў арганізаваны згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рашэннем райвыканкама, а таксама іншымі рэгламентуючымі дакументамі. На тэрміновую службу адпраўлены 141 чалавек, на службу ў рэзерве — яшчэ 5 землякоў. Большасць юнакоў выконваюць грамадзянскі абавязак ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пагранічных і ўнутраных войсках.

—    Аднак, на прызыўную камісію выклікалі значна больш прызыўнікоў…

—    Так. Яе прайшлі амаль тысяча чалавек. 7 юнакоў не з’явіліся на мерапрыемствы прызыву. Праглядваецца тэндэнцыя да змяншэння — у мінулую кампанію іх было 19. Усе яны па рашэнні суда прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафаў (не менш як 9 мільёнаў рублёў) ці двух месяцаў арышту. Асноўная колькасць ухіленцаў — па-ранейшаму з мікашэвіцкага рэгіёна.

—    Атрымліваецца, што заплаціўшы штраф, можна “адкасіць” ад службы канчаткова?

—    Гэта не зусім так, паколькі штраф ці арышт — расплата за мінулае парушэнне. Наступная прызыўная кампанія ні ў якім разе не міне тых, хто жартуе з законам. Тым больш, што зараз некалькі павялічыўся сярэдні ўзрост тых, каго адпраўляем на службу. Цяпер ён складае 23-27 год. Да гэтага часу маладыя людзі паспяваюць атрымаць адукацыю, а многія і скарыстацца адтэрміноўкай у сувязі з нараджэннем дзіцяці і дасягненнем ім трохгадовага ўзросту.

—    А што з тымі, хто па розных прычынах не служыў?

—    Як кажуць іх жа равеснікі: іх свята — 8 Сакавіка. А калі сур’ёзна, то такіх юнакоў адпраўляем на вучэбныя зборы. З пачатку месяца 15 лунінчан атрымліваюць ваенна-ўліковыя спецыяльнасці ў Броннай Гары. 10 ваеннаабавязаных і дзве адзінкі тэхнікі з лясгаса адправілі на зборы ў Пінскі пагранічны атрад.

—    А як з жадаючымі вучыцца ў ваенных ВНУ?

—    Сёлета падрыхтавалі дакументы на 22 чалавекі. Пасля праходжання ўступнай кампаніі, упэўнены, большасць стане курсантамі Ваеннай Акадэміі і іншых устаноў. Традыцыйна, адбор праводзіцца з пачатку новага года да канца сакавіка.

—    Якія планы на новыш прызыў?

—    Ён пачнецца ў жніўні. Адпраўка прызыўнікоў, як і ў папярэднія гады, будзе ажыццяўляцца ў лістападзе. Праўда, тады дзеянне нашага ваеннага камісарыята будзе распаўсюджвацца на два раёны — Лунінецкі і Ганцавіцкі. У суседнім застанецца толькі адасобленае падраздзяленне. Работы ўсім будзе больш, але, упэўнены, з пастаўленымі задачамі абавязкова справімся.

Гутарыў Аляксандр КОЎКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.