У сэрцах добры след

микашевичи парад колясокДобры след пакінула свята, арганізаванае для жыхароў і гасцей Мікашэвіч да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Дзякуючы сумесным намаганням калектываў Палаца культуры РУВП «Граніт», дзіцячай музычнай школы мастацтваў, філіяла Цэнтра дзіцячай творчасці і мясцовай выканаўчай улады, традыцыйнае мерапрыемства ператварылася ў сапраўдную імпрэзу шчырай весялосці і шчасця.

Галоўныя падзеі былі запланаваны на поўдзень. Тым не менш, першыя ўдзельнікі сталі збірацца з раніцы. Увагу людзей прыцягвалі дзіцячыя атракцыёны і гандлёвыя прылаўкі з разнастайнымі цацкамі, поп-корнам і салодкай ватай. Цікавасць выклікала выстава дзіцячых фотаздымкаў, арганізаваная прафкамам РУВП «Граніт». I хоць праводзіцца спаборніцтва не першы год, яно па-ранейшаму папулярнае ў калектыве гранітаздабываючага прадпрыемства. Вось і ў гэтым сезоне амаль сотня здымкаў самых розных жанраў і накірункаў трапілі на выставу. А тройку прызёраў фатографаў-аматараў склалі сем’і Ефімовічаў, Падамацкіх і Гарбенка.

Чарга з жадаючых пазнаёміцца са шматлікім светам рукадзелля сфарміравалася каля перасовачных майстэрняў педагогаў філіяла ЦДТ. Дарослыя і дзеці з цікавасцю разглядалі “экспанаты” выставы-продажу, а потым спрабавалі свае сілы падчас практычных майстар-класаў па саломапляценні ў Тамары Адамец і цестапластыцы — у Ірыны Бугаёвай. Уменню хутка знаходзіць агульную мову, у тым ліку
— у творчасці, спрыяў конкурс малюнкаў на асфальце, арганізаваны Палацам культуры: большасць дзяцей удзельнічалі ў ім камандамі па 2-3 чалавекі.

Высока ацанілі гледачы і праграму канцэрта дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Невялікая па працягласці, яна складалася з яркіх і арыгінальных выступленняў, здольных абудзіць цікавасць да класічнай музыкі ў любога чалавека.

Фішкай свята стаў першы гарадскі «Парад калясак», арганізатарам якога выступіў Палац культуры РУВП «Граніт». Менавіта ён надаў традыцыйным мерапрыемствам нотку навізны, ператварыўшы за кароткі перыяд частку тэрыторыі непадалёк ад пошты ў казачнае царства. Піраты, вандроўнікі, кветкавыя феі, прынцэсы, Папялушка, Снежная Каралева… I гэта далёка не ўвесь пералік герояў, у якіх ператварыліся ўдзельнікі. Арыгінальныя гарнітуры і каляскі сведчылі, што сем’і падышлі да ўдзелу ў конкурсе нефармальна і творча, выдаткаваўшы на ўвасабленне сваіх ідэй шмат часу. А колькі шчырых эмоцый выклікалі ў людзей маленькія гараджанкі з каляскамі для лялек і сямейныя экіпажы падчас урачыстага шэсця. Прадстаўнікам журы давялося асабліва цяжка: кожны з удзельнікаў быў годны ўзнагароды. Пасля доўгіх абмеркаванняў гранпры конкурсу ўручылі Марыне Хвясюк. Першае і другое месцы ў намінацыі «Сямейны экіпаж» прысудзілі Святланам — Некрашэвіч і Дарафей. Не засталася без увагі вынаходлівасць пры падрыхтоўцы да конкурсу сем’яў Мітрафанавых і Брыгадзір. «Золата», «серабро» і «бронза» ў намінацыі «Шчасця многа не бывае» падзялілі паміж Вольгай Кіслюк, Веранікай Ярашэня і Ірынай Гусціновіч, а ў «Калясцы для любімай лялькі» — паміж Сафіяй Сыцэвіч, Юліяй Канапацкай і Палінай Трухановіч. Максімальную колькасць сімпатый гледачоў сабралі Хрысціна Брыгадзір і Паліна Трухановіч. Усе яны, як і Дарына Шэляговіч, Эвеліна Дзёміна, Мілана Падамацкая, Мілана Мітрафанава, Дар’я Дзічкоўская, Марта Лахвіч, Паліна Давыдкова, Міхаліна Хвясюк, Аляксандра Некрашэвіч, Эльвіра Маркавец, Людміла Пархоменка, адзначаны каштоўнымі падарункамі ад РУВП «Граніт». Фінансавы ўдзел у стварэнні добрага настрою землякам прынялі індывідуальныя прадпрымальнікі Марына Хвясюк і Святлана Некрашэвіч.

Дарэчы, святочныя мерапрыемствы на гэтым не закончыліся. У панядзелак у Палацы культуры РУВП «Граніт» адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці, прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Наталля ЛЯЛЮК

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.