Выбіраем рабочыя прафесіі

сельхозколледж15 чэрвеня пачалі работу прыёмныя камісіі ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны.

У Лунінецкім ДПТК СВ работа па прафарыентацыі праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года: супрацоўнікі каледжа рэгулярна наведваюць школы нашага і суседніх раёнаў, расказваюць аб навучальнай установе і прафесіях, па якіх вядзецца падрыхтоўка, даводзяць інфармацыю праз СМІ. Такая работа дазваляе рэгулярна выконваць і нават перавыконваць план па набору навучэнцаў. Так, летась пры заданні 170 чалавек на першы курс было залічана 186. Сёлета гэту лічбу плануюць павялічыць да 190.

У ліку першых звярнуўся ў прыёмную камісію Станіслаў КАХОВІЧ разам з маці Ірынай Іванаўнай. Іх ветліва сустрэла адказны сакратар Марыя ПУЛЯК.

— Мы вельмі рады, што вы выбралі наш каледж. У нас добра абсталяваныя лабараторыі, камп’ютарныя класы, забяспечаная неабходнай літаратурай бібліятэка. Ніколі не пустуюць актовая і спартыўная залы. Ёсць усё неабходнае для эфектыўнай вучобы і актыўнага адпачынку! Заняткі праводзяць выкладчыкі высокай кваліфікацыі, многія з іх маюць вялікі вытворчы і педагагічны вопыт. Каледж мае добраўпарадкаваны інтэрнат, недарагую з якасным і смачным харчаваннем сталовую, а таксама буфет. Нашы навучэнцы традыцыйна займаюць прызавыя месцы на многіх алімпіядах і конкурсах, у спартыўных спаборніцтвах. А выпускнікоў добра ведаюць на прадпрыемствах Беларусі, многія з іх займаюць вядучыя пасады, сталі паспяховымі людзьмі ў жыцці. У нас вы набудзеце запатрабаваную на рынку прафесію, павялічыце свой інтэлектуальны ўзровень!

—    Мы не ведаем, на якой спецыяльнасці спыніцца. Можа, вы што-небудзь параіце? — прамовіла маці абітурыента.

—    Калі юнак цікавіцца тэхнікай, можа выбраць вадзіцельскую спецыяльнаць, калі ёсць схільнасць да будаўніцтва, то тут таксама зможам дапамагчы атрымаць прафесію маляра, тынкоўшчыка і муляра. А за даплату падчас навучання можна асвоіць азы плітачніка…

Абмеркаваўшы ўсе “за” і “супраць”, маці з сынам спыніліся на шматпрофільнай будаўнічай прафесіі. Учарашні 9-класнік лунінецкай СШ №2 не сумняваецца, што вучоба ў каледжы яму спадабаецца, тым больш некаторыя аднакласнікі таксама плануюць падаць сюды дакументы.

У прыёмнай камісіі паклапаціліся пра тое, каб заахвоціць сваіх першых абітурыентаў. Для іх падрыхтаваны спецыяльныя падарункі і фотаздымак на памяць.

Па словах Марыі Пуляк, прыёмная камісія будзе працаваць да 20 жніўня, але, калі вакантныя месцы застануцца, то да 15 верасня. Зараз дакументы прымаюцца на ўзровень ПТА, а на ўзровень ССА — з 15 ліпеня. А яшчэ з гэтага года ў каледжы будзе весціся падрыхтоўка па прафесіі “ляснік” па завочнай форме навучання. Адпаведны дагавор плануюць заключыць з Лунінецкім лясгасам.

Алена ДАНІЛОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: