Выслухац і дапамагчы

карлюкНародная мудрасць кажа: закон прымушае жыць чэсна, не крыўдзіць іншага, кожнаму аддаваць па заслугах. За тым, каб так было ў жыцці, сочаць пракурорскія работнікі. У Лунінцы калектыў прокуратуры трэці год узначальвае Аляксандр КАРЛЮК. Прынцыповы і патрабавальны, ён умела накіроўвае падначаленых на выкананне задач па абароне інтарэсаў дзяржавы і правоў грамадзян.

—    Дастаткова сказаць, што з пачатку года намі праведзена 39 праверак выканання працоўнага, зямельнага, адміністрацыйнага, прыродаахоўнага і іншых заканадаўстваў. Вынесена 196 актаў пракурорскага рэагавання, 121 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай, 39 — да адміністрацыйнай адказнасці. Адчувальна ўплывае пракурорскі нагляд і на ўзровень рэальнага вяртання ўрону, прычыненага дзяржаве. Сёлета да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 56 чалавек, а сума штрафаў перабольшыла 40 мільёнаў рублёў.

—    Якія парушэнні сустракаюцца найбольш часта?

—    Парушэнні заканадаўства аб працы і яе ахове, выкарыстання зямель, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Прычым, нярэдка аб іх у пракуратуру паведамляюць самі грамадзяне. Так, у канцы мінулага года да нас паступіла калектыўная скарга работнікаў аднаго з прамысловых прадпрыемстваў раёна аб тым, што на вытворчасці няма для працы элементарных умоў, што стварае пагрозу жыццю і здароўю людзей. Мы аператыўна звярнуліся ў абласную пракуратуру з хадайніцтвам назначыць пазапланавую праверку названага прадпрыемства. Была створана рабочая група, у якую, акрамя праваахоўнікаў, увайшлі супрацоўнікі РЦГіЭ, РАНС, інспекцыі працы. Факты, выкладзеныя ў лісце, пацвердзіліся. Дырэктар быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 8 работнікаў прадпрыемства — да дысцыплінарнай. Але галоўнае, што быў распрацаваны план ухілення выяўленых парушэнняў, а ўзаемазацікаўленая работа праваахоўнікаў і простых грамадзян дазволіла зменшыць пагрозу вытворчага траўматызму.

—    Кожны раз, як толькі заходзіць гаворка аб крымінагеннай сітуацыі на тэрыторыі нашага раёна, нязменна ўспамінаем аб прафілактыцы правапарушэнняў. Якая роля ў гэтай справе адводзіцца пракуратуры?

—    Адна з самых важных. Прычым, дзейнічаем мы заўсёды суладна з іншымі структурамі і, перш за ўсё, органамі выканаўчай улады. Сур’ёзную трывогу сёння выклікае распаўсюджванне на тэрыторыі раёна наркатычных і псіхатропных рэчываў і колькасць звязаных з гэтым злачынстваў. I гэта пры тым, што назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння агульнага ўзроўню злачыннасці. Улічваючы асаблівую актуальнасць праблемы, стан барацьбы з наркотыкамі быў разгледжаны на спецыяльнай каардынацыйнай нарадзе. Прынята рашэнне, у якім распрацаваны комплекс мер, накіраваны на папярэджанне злачынстваў падобнага кшталту. Неаднойчы на пасяджэннях каардынацыйнага савета разглядалася і выкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Праведзена 6 праверак, па выніках якіх унесена 5 прадстаўленняў аб ухіленні выяўленых парушэнняў. Афіцыйнае папярэджанне атрымалі 9 асоб на пасадах. Па патрабаванню пракурора да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты больш як 30 чалавек, адміністрацыйнай — 3 асобы на пасадах. Крыўдна, што карупцыйныя праявы дагэтуль магчымы ў калектывах. Ускосным чынам садзейнічае гэтаму фармальны падыход да арганізацыі работы камісій па супрацьдзеянню карупцыі, хібы з боку кадравых службаў, недакладнасці пры правядзенні дзяржаўных закупак, тэндараў і аўкцыёнаў і г.д. Практычна ў кожнай праверанай арганізацыі пры правядзенні дзяржаўных закупак не выконвалася патрабаванне размяшчаць у Інтэрнэце гадавыя планы гэтых закупак. Было выяўлена нямала парушэнняў ва ўліку рабочага часу. Ваяжы ў суседнюю краіну з адзнакамі ў пашпарце не перашкаджалі некаторым мець у табелі ўліку рабочага часу “васьмёркі”, у той час як насамрэч людзей на рабочым месцы не было.

—    Некаторы час на слыху ў гараджан была справа, звязаная з парушэннямі на ААТ “Палессеэлектрамаш”. Ці нельга расказаць пра гэта падрабязней?

—    Яшчэ ў 2010 годзе на аснове плана тэхнічнага пераўзбраення тут меркавалася закупка дорагакаштуючага абсталявання. Быў заключаны дагавор куплі-продажу з адным з расійскіх прадпрыемстваў. На той час кошт станкоў складаў 2 800 000 расійскіх рублёў. Згодна з дагаворам, аплату павінны былі зрабіць толькі пасля таго, як абсталяванне будзе ўведзена ў эксплуатацыю з наступнай праверкай якасці яго работы. Аднак у ходзе работы была выяўлена неадпаведнасць прывезеных машын выстаўленым раней патрабаванням — адсутнічала тэхнічная дакументацыя, гідраўлічныя і электрычныя састаўляючыя абсталявання. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва прыняло рашэнне аб пераводзе 1 000 000 расійскіх рублёў на рахунак замежнага прадпрыемства. Як вынік, сёння на заводзе знаходзіцца некамплектнае абсталяванне, якое да гэтага часу не працуе. Пры гэтым, не зроблена аніякіх захадаў з тым, каб вярнуць патрачаныя сродкі. Менавіта таму ў сакавіку гэтага года пракуратурай раёна была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да былых кіруючых асоб ААТ “Палессеэлектрамаш”. Зараз яна знаходзіцца ў вядзенні раённага аддзела Следчага камітэта.

—    Як часта работа па вяртанню нанесенага дзяржаве, прадпрыемствам ці асобным грамадзянам урону завяршаецца поспехам?

—    Дастаткова часта, калі за гэта бярэцца пракуратура. Сёлета намі ў суд накіравана 95 іскаў на суму ў больш як паўмільярда рублёў, а ў эканамічныя суды пайшло 18 іскавых заяў на суму больш як 17 мільярдаў беларускіх рублёў. З іх ужо задаволены іскі на суму больш як 4 мільярды.

—    Аляксандр Паўлавіч, чым характарызуецца сёння крымінагенная сітуацыя ў маладзёжным асяродку?

—    Тут, як і ўвогуле па раёне, нас трывожыць распаўсюджванне наркаманіі. Намі ініцыіравана правядзенне рэйдаў у інтэрнатах і іншых месцах знаходжання моладзі, для чаго стварылі спецыяльную рабочую групу. Працуе яна дастаткова актыўна. За кароткі час выяўлены чацвёра непаўналетніх, якія знаходзіліся ў стане наркатычнага ап’янення. Для кожнага з іх гэта не прайшло бясследна. Устаноўлены таксама факт захоўвання наркотыкаў адным з падлеткаў, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Зразумела, што па выніках такіх рэйдаў у райвыканкам і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама накіроўвалі прадстаўленні.

—    Няма сумнення, што пракуратурай робіцца вялікі аб’ём вельмі патрэбнай работы. Але хто складае касцяк калектыву?

—    Перш за ўсё, мой намеснік — Андрэй Лукашэвіч. Працуе ў пракуратуры ён 19 год, адказвае за выкананне законаў органамі папярэдняга следства і дазнання. А гэта — законнасць узбуджэння крымінальных спраў, прыняцце па ўжо ўзбуджаных справах канчатковага рашэння. Прафесіянал вышэйшай пробы, мае не адну падзяку за работу. Летась быў прызнаны лепшым па прафесіі сярод пракурорскіх работнікаў вобласці. Надзея Некрашэвіч адказвае за адпаведнасць закону судовых пастаноў. Зразумела, што для гэтага патрэбна дакладнае веданне заканадаўства, што дазваляе Надзеі Іванаўне паспяхова даводзіць да лагічнага завяршэння самыя заблытаныя юрыдычныя калізіі. Узнагароджана Падзякай пракурора вобласці. У ка-лектыве цэняць настойлівасць і мэтанакіраванасць старшага памочніка пракурора Арцёма Ралінскага. Яго сфера — нагляд за дакладным выкананнем законаў у дзяржаўных структурах, прыватных фірмах, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. Менавіта таму яго нярэдка можна сустрэць на вытворчасці ці ў сельгаскааператывах. Добра зарэкамендавала сябе на пасадзе памочніка пракурора Вераніка Чарнавокая. Яна адказвае за выкананне законаў у грамадзянскай судавытворчасці. Штодня ёй даводзіцца сутыкацца з няпростымі лёсамі людзей, і да кожнага яна ставіцца ўважліва і чула. Арцём Сяргеевіч і Вераніка Анатольеўна таксама маюць Падзякі ад пракурора вобласці. Параўнаўча нядаўна ў калектыў прыйшла Марына Грабовіч. Яна сёння вядзе нагляд за выкананнем заканадаўства, якое датычыць правоў і інтарэсаў непаўналетніх і моладзі. Галоўныя поспехі ў Марыны Мікалаеўны — наперадзе. Узорам вернасці прафесіі з’яўляюцца многія работнікі пракуратуры, але асабліва — загадчыца канцылярыі Людміла Пясоцкая. Без яе ўся каманда юрыстаў была б бездапаможнай. 26 год аддала любімай справе Людміла Адамаўна. Гэта яна ветліва сустракае кожнага наведвальніка і менавіта ёй удаецца самых незгаворлівых пераканаць, што тут ад людской бяды не застануцца ўбаку, пастараюцца выслухаць і дапамагчы.

Вось такім калектывам мы імкнемся годна працаваць на дабрабыт нашай Беларусі. Сардэчна віншую калег з прафесійным святам. Удзячны ім за грамадзянскую пазіцыю, адданасць прафесіі, прынцыповасць і аб’ектыўнасць. Шчасця вам, міру, поспехаў у нялёгкай працы.

 

Add Comment

Войти с помощью: