Задавальненне з сумнымі наступствамі

спайс“Не — наркотыкам!», — сёння кажуць ва ўсіх школах краіны. У Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя “Стоп — спайс!».

Акрамя выступленняў перад моладдзю, спецыяльныя трэнінгі правядуць і для выкладчыкаў. Гэта дазволіць педагогам больш аператыўна вызначаць залежнага падлетка як па зносінах, так і паводзінах. Тры чвэрці нарказлачынстваў, учыненых у школах, каледжах і інтэрнатах, выяўляюцца менавіта дзякуючы педагогам.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Вадзім Каржаневіч расказвае:

— Мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы і тлумачым, якая суровая адказнасць пагражае за збыт атруты, асабліва пасля прыняцця Дэкрэта №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”. Яго палажэнні дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, спайсаў) і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюджвальнікаў. Удакладнена паняцце аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрошчана працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у краіне. Уведзена адміністрацыйная адказнасць за паяўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь).

Павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарваючых прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, або ў дачыненні да асабліва небяспечных наркотыкаў, або ў буйным памеры, або на тэрыторыі ўстановы адукацыі) — з 13 да 15 год; збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму — з 8 да 15 год; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай — з 15 да 20 год, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 год.

За збыт наркотыкаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку іх спажывання, — пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 год. За незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 12 год. За паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне — спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, або знаходжанне на працоўным месцы ў рабочы час у стане наркатычнага ап’янення можна максімальна “зарабіць” абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады.

Зніжаны ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў — з 16 да 14 год.

Сумна канстатаваць, але рост злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, дае агульнае павелічэнне колькасці злачынстваў, звязаных з удзелам падлеткаў.

Толькі за 4 месяцы гэтага года ў Беларусі выяўлена больш за сотню фактаў ужывання наркотыкаў непаўналетнімі. Часцей за ўсё віной усяму — курыльныя сумесі, так званыя — спайсы.

Аб тым, наколькі сумныя наступствы для арганізма чалавека нясе ўжыванне наркотыкаў, расказала ўрачнарколаг Алена Качановіч:

— Наркотыкі ў стане за некалькі дзён заняволіць чалавека, а за некалькі гадоў ператварыць яго ў бездапаможную машыну, усё жыццё якой прысвечана пошуку новай «дозы» і страху перад чарговай ломкай.

Сур’ёзную пагрозу ўяўляюць і асобныя псіхатропныя сродкі, якія аказваюць такое ж моцнае дзеянне на цэнтральную нервовую сістэму, як і наркотыкі. Сучасныя наркатычныя сродкі здольны сфарміраваць такую залежнасць усяго ў некалькі прыёмаў. Наступствы гэтага захворвання надзвычай небяспечныя, паколькі адбываюцца незваротныя парушэнні функцый унутраных органаў, нервовай сістэмы і дэградацыя асобы. Наркаманы схільныя рызыцы заражэння і спрыяюць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі, віруснага гепатыту, венерычных хвароб і іншых небяспечных інфекцыйных захворванняў. Наркаманія ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю не толькі для асобнага чалавека, а для ўсяго грамадства.

У апошнія гады павялічылася смяротнасць пацыентаў з наркаманіяй ад перадазіровак. Так, летась у Беларусі па гэтай прычыне пайшлі з жыцця 53 чалавекі, а колькасць перадазіровак, якая прывяла на бальнічны ложак, дасягнула 1483 (у 2013 годзе такіх пацыентаў было 820).

Магчыма, кагосьці прымусяць задумацца некаторыя факты з “летапісу” спайса. 6 лістапада 2013 года навучэнец сталічнага каледжа страціў прытомнасць пры падыходзе да навучальнай установы. Медыцынская экспертыза паказала, што юнак курыў спайс. Курэнне атрутнай сумесі стала прычынай смерці студэнткі факультета міжнародных адносін БДУ. Трагедыя адбылася 14 лютага 2014-га. Гэты год таксама не стаў выключэннем. Пасля ўжывання спайса 19-гадовы юнак у момант вострага псіхозу з разбегу вылецеў праз акно на балкон. Рэшткі шкла нанеслі яму шматлікія парэзы. Малады чалавек памёр ад страты крыві і балявога шоку яшчэ да прыезду хуткай дапамогі. А двое сяброў, якія заказалі партыю “марак” праз інтэрнэт, таксама атрымалі сумны вынік: адзін загінуў, другі трапіў у Навінкі…

Калі ў вас узнікаюць сумненні наконт ужывання вашымі роднымі, блізкімі і знаёмымі наркатычных рэчываў, звяртайцеся ў наркалагічны кабінет раённай паліклінікі. Абследаванне можна прайсці ананімна. На базе нашай паліклінікі і філіяла №1 “Мікашэвіцкая бальніца” з 15.00 да 16.00 працуе “тэлефон даверу»: нарколаг (аўторак, пятніца) — 2-42-38, псіхіятр (серада, чацвер) — 2-61-56, нарколаг у Мікашэвічах (панядзелак, чацвер) — 3-66-71.

Псіхалагічная дапамога таксама аказваецца кругласутачна, бясплатна, ананімна і ў Брэсце па тэлефоне 8-(0162)-20-15-55.

Падрыхтавала Алена ДАНІЛОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.