Зорны шлях да поспеху

конкурс продавцов 2015У англічан прынята гаварыць: “Мой дом — мая крэпасць ”, і пры гэтым — зачыняць вароты. У нас жа зусім наадварот: мы шчыра рады гасцям, расчыняючы насцеж дзверы і вокны, дорачы як мага больш усмешак і цеплыні. Такая добразычлівая атмасфера панавала ў зале кафэ “Адпачынак”, дзе на мінулым тыдні прайшоў раённы конкурс прадаўцоў “Лепшы па прафесіі-2015”.

Вітаючы ўдзельніц спаборніцтва, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар заўважыў: “Як сказаў адзін мудрэц, геній на адзін працэнт складаецца з таленту, астатнія 99 — гэта праца. Спадзяюся, што ваш уклад у абраную справу такі ж важкі! Сучасныя ўмовы работы прадаўцоў істотна адрозніваюцца ад ранейшых: няма сёння механічных вагаў, лічыльнікаў з драўлянымі костачкамі. Новае абсталяванне аблягчае працу, але нязменнымі застаюцца чалавечнасць, дабрыня і сапраўдная любоў да прафесіі. Упэўнены, вы здолееце даказаць адданасць выбранаму шляху і раскрыеце сакрэт свайго майстэрства”.

Максім Андрэевіч узначаліў журы, куды ўвайшлі кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Іван Ераміевіч, намеснікі старшыні Ніна Некрашэвіч і Вольга Швіткова, галоўны бухгалтар праўлення Ніна Мікуліч, дырэктары філіялаў: “Мікашэвіцкае РГП” — Аляксандр Кулак, “Аптова-рознічнае аб’яднанне” — Ніна Віцэнка і “Харчтавары” — Рыгор Насеня.

Пасля жараб’ёўкі конкурс пачаўся “Візітоўкай”. За пяць хвілін дзяўчаты павінны былі расказаць пра сябе. Што, насамрэч, яны і зрабілі, прычым кожны расповяд суправаджаўся рыфмаванымі радкамі і “белымі” вершамі, музычнай фотапрэзентацыяй. Звесткі пра малую радзіму, дыпломы навучальных устаноў, сям’ю і дзяцей, захапленні і мары дапоўнілі агульны малюнак да ацэнкі першага задання.

Часу для падрыхтоўкі “Рэкламы тавараў” удзельніцы мелі больш, таму і прайшоў гэты этап конкурсу арыгінальна, творча і крэатыўна. Багатая фантазія аўтараў рэкламных праектаў не перашкодзіла захоплена расказаць пра звычайныя, паўсядзённыя рэчы. Прыемна, што дзяўчатам дапамагалі калегі, дзеткі, блізкія і сябры.

Не хавалі прадаўцы спадзявання на лёгкі білет на самым адказным заданні — тэарэтычным экзамене. Але хваляваліся дарэмна: добра разбіраюцца ў выкладцы тавараў, афармленні цэннікаў, асартыментным пераліку, мерчандайзінгу, ведаюць метады стымулявання продажу і правілы паводзін пры абслугоўванні пакупнікоў.

Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі конкурсу, вядучая праграмы, спецыяліст па кадрах філіяла “Харчтавары” Таццяна Сарока правяла некалькі музычна-жартоўных віктарын. I вось ён настаў — зорны час для пераможцаў! Сярод прадаўцоў харчовых тавараў першае месца заняла Наталля Грыцкевіч (магазін “Меркурый” філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне”), другое — Іна Бубенка (“Універсам” №31, “Харчтавары”), трэцяе — Дзіна Буневіч (“Прадукты” №3 в. Сінкевічы, “Мікашэвіцкае РГП”). У групе прадаўцоў нехарчовых тавараў лепшай прызнана прадстаўніца “Аптова-рознічнага аб’яднання” Ала Александровіч (магазін “Непаседа”). “Серабро” і “бронзу” заваявалі адпаведна Ірына Паліўка (“Усё для дома” філіял “Харчтавары”) і Кацярына Віталісава (магазін №58 в. Дрэбск “Аптова-рознічнае аб’яднанне”). Яны атрымалі каштоўныя падарункі. Прызамі за ўдзел у конкурсе заахвочаны таксама Юлія Ждановіч (магазін №1 “Заходні” філіял “Харчтавары”) і Вольга Федаровіч (магазін №25 “Сузор’е” “Мікашэвіцкае РГП”).

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.