“Чаромхавыя” праблемы

чучевичиГрамадскія сходы для жыхароў аддаленых вёсак Баравікі, Кормуж, Лугі і Малыя Чучавічы — важная падзея. Пацвярджэннем гэтаму стаў удзел у іх большасці жыхароў. Улічваючы, што ні ў адным з названых населеных пунктаў няма клуба, гутарку вялі на свежым паветры каля магазінаў.

Абмеркаваць з вяскоўцамі пытанні лакальнага значэння прыбылі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч і старшыня Чучавіцкага сельвыканкама Аляксандр Соц.

Уладзімір Міхайлавіч праінфармаваў аб ходзе выканання праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся да 2015 года, а таксама аб перспектывах развіцця Лунінеччыны да 2020-га. Кіраўнік мясцовай улады даў характарыстыку сельсавету, спыніўся на інфраструктуры і дэмаграфічнай сітуацыі. Так, з пачатку года тут нарадзілася 12 немаўлят, у той час, як пайшоў з жыцця 31 чалавек. Зарэгістравана толькі 7 шлюбаў. Як ні сумна канстатаваць, але вяскоўцаў становіцца менш, а пустуючых дамоў больш. Напрыклад, у Лугах на цэнтральнай вуліцы заселенымі застаюцца толькі 5 сядзіб. Пустуючыя ўчасткі ніхто не даглядае. Аляксандр Соц звярнуўся да грамадзян з просьбай прывесці ўласныя падворкі і тыя, што перайшлі ў спадчыну, у належны выгляд і абкасіць прылягаючую тэрыторыю. Аднак, улічваючы ўзрост большасці прысутных, відавочна, што самастойна гэта зрабіць праблематычна. Але ж у многіх ёсць нашчадкі і, трэба спадзявацца, яны не адмовяць у дапамозе. Увага прысутных была засяроджана на захаванні правілаў пажарнай бяспекі — на прытопачных лістах памерам 50х70 сантыметраў, аўтаномных пажарных апавяшчальніках, недапушчэнні шчылін у печах і электраправодкі пад шпалерамі… Як расказаў Аляксандр Васільевіч, у Лугах тыдзень таму адбылося ўзгаранне травы, выкліканае іскрай з трансфарматара. Мясцовыя жыхары ўласнымі сіламі збілі полымя. Аднак, пазней яно зноў запалала і знішчыла дом. На шчасце, у ім ніхто не жыў.

Пажаранебяспечная сітуацыя ў рэгіёне стала падставай для прыняцця рашэння аб забароне наведвання лясоў. Між тым, гэта не значыць, што грамадзянам нельга збіраць ягады і грыбы. Аб візіце ў лес яны павінны праінфармаваць лясніцтвы і атрымаць дазвол.

Яшчэ адна тэма, якую закранулі ў дыялогу, — афрыканская чума свіней. Распаўсюджвальнікамі захворвання з’яўляюцца дзікія жывёліны. Жыхары вёсак занепакоены, што дзікоў у наваколлі стала шмат. А вось паляўнічых, якія маглі б весці адстрэл, няма.

У кожным населеным пункце прадстаўнікам улады задавалі канкрэтныя пытанні. Так, стараста Баравікоў і Кормужа Міхаіл Абраменя папрасіў, каб рэйсавы аўтобус заходзіў у вёску, абсталявалі прыпыначны пункт і зрабілі ўказальны знак “Баравікі”.

У Кормужы, магчыма, і былі пытанні да гасцей, але забыць пра іх прымусіла “чаромха”. Справа ў тым, што падчас моцнага ліўня і ветру дрэва, што расло на адным з прыватных падворкаў, упала на цэнтральную дарогу. Ствол распілавалі і вывезлі, а галіны засталіся ляжаць на абочыне. Гаспадыня запэўніла, што муж хворы, а ў яе няма ні каня, ні сіл прыбраць… Дзякуючы ўмяшальніцтву Уладзіміра Кавалевіча, пры дапамозе камунальнай службы праблему знялі…

У Лугах зараз зарэгістравана 69 жыхароў. Многія з іх прыйшлі на сход. У іх ліку Ганна Яфімаўна Цыбулька, 1929 года нараджэння. Яна была відавочцам жудаснай трагедыі 1943-га, калі фашыстскія акупанты знішчылі названую вёску з мірнымі жыхарамі. У ліку ахвяр — яе маці, 2 браты, сястра, бабуля і дзядуля. Ёй жа пашчасціла схавацца ў лесе і дажыць да светлай даты — 70-годдзя Вялікай Перамогі. Зараз асаблівых праблем у жанчыны і яе аднавяскоўцаў няма. Вось толькі просяць, каб не забывалі своечасова грэйдзіраваць вуліцы ды чысціць іх ад снегу ў зімовы час. I не толькі цэнтральныя, але і другасныя, у прыватнасці, да могілак. Дарэчы, аналагічныя пажаданні гучалі ў Кормужы і Баравіках.

У Малых Чучавічах сабралася паўсотні грамадзян. Вяскоўцы скардзіліся, што збірацца ім няма дзе, папрасілі адрамантаваць будынак клуба і аднавіць работу аб’екта культуры. Пад пагрозай закрыцця аказалася і мясцовае аддзяленне паштовай сувязі. Але, як запэўніла начальнік РВПС Ніна Дударга, якая прысутнічала на сходзе, у бліжэйшы год будынак не плануецца дэманціраваць, арэнда падоўжана, таму паштовыя паслугі будуць аказвацца ў поўным аб’ёме. Вось толькі трэба, каб мясцовыя жыхары праяўлялі больш актыўнасці падчас падпісной кампаніі, перш за ўсё, на раённую газету “Лунінецкія навіны”.

Гучалі словы ўдзячнасці ў адрас мясцовай улады і кіраўніцтва СВК “Чучавічы” за парадак, наведзены на могілках. А вось вяскоўцы, што жывуць па-суседству з пустуючымі дамамі, паскардзіліся на заросшыя хмызняком і зеллем участкі — “рассаднікі” вужоў, якія палохаюць іх і дзяцей. Праблему можна было б вырашыць, калі б у сельвыканкаме паявіліся стаўкі рабочых. Менавіта такую прапанову выказалі людзі. У штаце такіх “пасад” няма, ды і бюджэт не дазваляе. Сёлета на абкошванне на 5 вёсак было выдзелена толькі 5 мільёнаў рублёў, якія зрасходавалі ў маі-чэрвені. Жыхары вуліцы Камсамольская папрасілі зрабіць асвятленне той часткі, што бліжэй да лесу, а завулка Зялёны — падсыпку дарогі.

Важным момантам сталі выбары старасты вёскі. Аднагалосна прысутныя прагаласавалі за Вольту Чарнаброўкіну.

Нагаварыўшыся ўдосталь, жыхары Малых Чучавіч падзякавалі ўсім, хто прыехаў на сход, за тое, што выслухалі, пранікліся іх клопатамі і праблемамі. Развітаўшыся, яны нетаропка пакрочылі да сваіх дамоў, дзе іх чакалі звычайныя справы. А прадстаўнікі ўлады склалі спіс першачарговых і перспектыўных пытанняў, па якіх абавязкова будуць вышуканы шляхі вырашэння.

Алена ДАНІЛОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: