Даяна піша пра дабрыню

сеховичАбласны творчы юнкораўскі конкурс “Ствараем дабрыню разам”, прысвечаны Году моладзі, праходзіў у Брэсце. У намінацыі “Міласэрнасць. Спагада. Надзея” трэцяе месца прысуджана Даяне СЯХОВІЧ з Краснавольскай яслі-сад-сярэдняй школы за сачыненне ў форме разважання “Лекі ад самоты”.

Матэрыял прасякнуты чуласцю і спагадай да людзей старэйшага пакалення. Аўтар заклікае праявіць увагу і кло-пат пра бабуль і дзядуль, што ў час касмічных хуткасцей, да якіх звычайна імкнецца моладзь, часта застаюцца ў адзіноце. Часам ім патрабуецца толькі невялікая дапамога па гаспадарцы. Здараецца, палепшыць настрой пажылому чалавеку могуць усяго некалькі хвілін шчырай размовы, калі юнакі і дзяўчаты выслухаюць і зразумеюць самае набалелае…

Аб усім гэтым напісала таленавітая дзяўчынка, якая закончыла 8 класаў. Займаецца ў гуртку “Юны карэспандэнт” на чале з Наталляй Макейчык. Конкурсная работа пакарыла строгае журы шчырасцю юнага аўтара, бачаннем маральных аспектаў у паўсядзённым асяроддзі, жаданнем крышачку змяніць свет да лепшага.

Школьніца яшчэ не вырашыла, кім будзе ў дарослым жыцці. Але любоў да ведаў дае падставы спадзявацца, што гэта — толькі першая яе перамога.

Летнія канікулы — цудоўная магчымасць адпачыць ад урокаў, больш часу праводзіць на свежым паветры. Прыемна гуляць па маляўнічых куточках роднай вёскі разам з двухгадовым брацікам Алёшкам. Калі ж Даяне спатрэбіцца парада дарослага сябра, яна будзе звяртацца да старэйшага брата Максіма. 18-гадовы юнак зараз навучаецца ў машынабудаўнічым каледжы ў Мінску.

Мама Галіна Міхайлаўна ва ўсім падтрымлівае дзяўчынку. Яна ж — першы дарадца і крытык у паэтычных спробах дачушкі. Школьніца пакуль не адважваецца надрукаваць свае вершы, але прачытаныя ёю радкі кранаюць за жывое і здзіўляюць сваёй дасканаласцю. А яшчэ Даяна смела адчувае сябе на сцэне. Песні ў эстрадным стылі выконвала на разнастайных конкурсах і мясцовых святах.

У класе навучаецца 15 чалавек. Дзяўчынкі сябруюць паміж сабой, часта разам ездзяць на аздараўленне ў санаторыі і лагеры адпачынку. Хаця ў наш час моладзь аддае перавагу стасункам з камп’ютарам, у вёсцы ёсць шмат магчымасцей сустракацца і бавіць вольныя хвіліны з равеснікамі.

Дапамагае Даяна старэйшым справіцца з клопатамі на агародзе. Ды праца не здаецца нечым цяжкім і непатрэбным. Наадварот, весела і прыемна, калі за яе бяруцца ўсе разам. Тады і нараджаюцца творы пра дабрыню і міласэрнасць, новыя вершы самі просяцца на паперу. Верыцца, што некалі юная паэтка абавязкова пераадолее сябе і рызыкне прадставіць іх нашай увазе.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: