Гарачая пара гарадоцкіх хлебаробаў

городокский 2015Для хлебаробаў СВК “Гарадоцкі» жніво пачалося з уборкі азімага рапсу. У час, калі большасць гаспадарак Лунінеччыны страціла значныя плошчы гэтай культуры з-за неспрыяльнай зімоўкі, тут неабходна было ўбраць 150 гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 21,1 цэнтнера на круг намалацілі 316,5 тоны зерня. На сённяшні дзень гарадоцкія працаўнікі — адзіныя ў раёне, хто выканаў дзяржзаказ па продажу масланасення дзяржаве.

Пасля невялікага перапынку, выкліканага ў асноўным частымі дажджамі, хлебаробы прыступілі да абмалоту азімых збожжавых. Работы пачалі з найбольш спелых участкаў, размешчаных непадалёк ад Кажан-Гарадка. Для таго, каб дабрацца да працуючых камбайнаў, давялося праехаць некалькі кіламетраў уздоўж палёў, дзе каласіліся яравыя збожжавыя. Уразіла іх заварожваючая прыгажосць і чысціня: на залацістай ніве не было заўважана ні адной галінкі пустазелля. Не прамінула адзначыць гэта ў размове з галоўным аграномам Сяргеем Скіба і начальнікам участка Уладзімірам Крываносам.

— Каласавыя, што там растуць, будуць абмалочаны на насенне. Гаспадарка наша насенняводчая, таму штогод удзяляем асаблівую ўвагу такім палям. У той жа час не горш выглядаюць і іншыя нівы, — растлумачылі яны.

У гэтым упэўніліся, калі пад’ехалі да двух камбайнаў, якія на 35-гектарным участку абмалочвалі азімае жыта. Адным з іх кіраваў добра вядомы на Лунінеччыне сваімі працоўнымі дасягненнямі Мікалай БОЎБЕЛЬ. Высыпаўшы зерне з напоўненага бункера ў кузаў МАЗа, якім кіраваў вадзіцель Віталь Агіевіч, ён на хвілінку вылез з камбайна, каб разам з памочнікам агледзець жняярку.

Сёлетняе жніво для яго — 33-яе. Знаёмячы са сваім памочнікам, Максімам ПАНАСЕВІЧАМ, які прыйшоў з рачнога порта Мікашэвічы, Мікалай Мікалаевіч адзначыў яго працавітасць і адказнасць. Пацікавілася, што прыемней: вадзіць судны па Прыпяці, ці камбайн — па ніве? У адказ пачула: і адна, і другая справы патрэбныя і вельмі цікавыя.

Як і належыць падчас работы тэхнікі на жніве, на ўскрайку поля “засумаваў” Іван Раковіч — вадзіцель аўтамабіля, які забяспечвае пажарнае прыкрыццё. Яшчэ летась ён гэтак жа, як і іншыя вадзіцелі на адвозцы, перавозіў зерне ад камбайнаў. Сёлета на яго долю выпала задача ахоўваць тэхніку і нівы ад узгаранняў…

городокский 02 2015Разам са старшынёй гаспадаркі Сяргеем Чырцом пабывалі на зернетаку, дзе знаходзілася больш як 200 тон зерня. Аператар зернесушыльнага комплексу Віктар ГРЫНЕВІЧ паведаміў, што збожжа паступае сюды з вільготнасцю 18-20 працэнтаў. Каб давесці яго да патрэбных 13 працэнтаў, затрачваецца прыкладна 6 гадзін. ЗСК-30 працуе ў кругласутачным рэжыме. Акрамя В. Грыневіча, комплекс пазменна абслугоўваюць аператары Васіль Ільіч і Віталь Каральчук.

Паназіралі таксама за ходам прэсавання саломы, вялізныя цюкі якой стараюцца адразу звозіць з поля.

Усяго “Гарадоцкаму” сёлета належыць абмалаціць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 1320 гектараў. Зрабіць гэта мяркуюць 4 наяўнымі камбайнамі. З тэхнікі на адвозцы будуць задзейнічаны 3 МАЗы і 2 ГАЗ-53.

Галіна КУЧЭЙКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.