Лета — гэта … “Спадарожнік”!

белое озеро 2015Штогод перад школьнікамі стаіць пытанне: як адпачыць летам і дзе? Адказаў — незлічоная колькасць: з бацькамі, у бабулі ў вёсцы, у лагеры, у паходзе з сябрамі. Знаходзяцца аматары збору грыбоў і ягад, хтосьці любіць адпачываць за цікавымі кнігамі. Многія нашы землякі атаясамліваюць лета і аздараўленчы лагер “Спадарожнік”.

Месца цудоўнае. Навокал — цішыня. Стрункія сосны на тэрыторыі лагера, лес — за агароджай. Як і жамчужына Лунінеччыны — возера Белае, самае галоўнае для аматараў водных працэдур.

Якім чынам арганізаваны адпачынак дзяцей? Пра гэта расказаў дырэктар Аляксандр Клімчук:

— Кожны дзень у нас праводзяцца разнастайныя цікавыя конкурсы і спаборніцтвы: культурныя і спартыўныя. Таму хлопчыкам і дзяўчынкам, а іх без малога сотня на гэтай змене, сумаваць няма калі. Агульныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць дзяцей, спрыяюць іх сяброўству.

— У лагеры — цудоўна. У нас шмат захапляючых конкурсаў, добрыя выхавальнікі, купаемся па два разы на дзень. І кормяць смачна!

Аб гэтым расказалі самі дзеці. Прычым, пра свой візіт намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, галоўны спецыяліст прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва Алена Андруш і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна, не паведамлялі. Прайшлі па карпусах, паглядзелі бытавыя ўмовы, праверылі тэрміны прыдатнасці прадуктаў. Бачна, што тут клапоцяцца пра дзяцей, робяць усё магчымае для таго, каб хлопчыкам ідзяўчынкам было ўтульна. Мяняюць абсталяванне на кухні, набылі лаўкі і альтанкі, імкнуцца разнастайваць праграму, у чым дапамагаюць і студэнты Мазырскага педуніверсітета, якія праходзяць тут вытворчую практыку.

Глядзіш на дзяцей і бачыш шчаслівыя твары, шчырыя ўсмешкі. Гучаць вясёлыя гісторыі — і па беразе возера льецца звонкі смех. Засталося атрымаць адказ на адно пытанне: «Ці плануеце адпачываць у лагеры наступным летам?». Прагучала дружнае: «Так!».

Успаміны ад такога адпачынку незабыўныя. Яны будуць грэць у марозную зіму, выклікаць усмешку пры размове з сябрамі. І адназначна паявіцца жаданне напісаць пра цудоўны адпачынак у сачыненнях на ўроках у новым навучальным годзе.

 

Add Comment

Войти с помощью: