Па блакітных “артэрыях” зямлі

ХоменкоХто з нас, назіраючы за гладдзю якога-небудзь вадаёма, хоць раз не марыў адправіцца у захапляючае падарожжа па рэках, азёрах, марах і акіянах?

Мабыць, менавіта пад такое зачараванне воднай стыхіяй трапіў у маленстве і кранаўшчык-дызеліст плывучага крана рачнога порта Мікашэвічы Вячаслаў ХАМЕНКА.

— Вясковая дзетвара ўвесь вольны час праводзіла на Случы. Летам купаліся, зімой — хакей і іншыя забавы, практычна круглы год — рыбалка. Нямала радасці прыносіла і пясчаная гара каля Браніслава, што ў Жыткавіцкім раёне.

Сталенне Вячаслава не адрознівалася ад большасці прадстаўнікоў яго пакалення. Нялёгкая праца на зямлі — хлопец заўсёды выкарыстоўваў магчымасць зарабіць капейку, дапамагаючы грашамі бацькам і 7 братам і сёстрам. Затым былі курсы механікаў-вадзіцеляў, тэрміновая служба, а пасля дэмабілізацыі — занятасць на будаўніцтве Палаца культуры ў Жыткавічах.

Запаветная мара пра суднаходства часткова змагла ўвасобіцца ў рэальнасць, калі маладому чалавеку выпадкова трапілася на вочы аб’ява пра набор на курсы па падрыхтоўцы кранаўшчыкоў для новага рачнога порта ў Мікашэвічах.

Нават пры вялікім жаданні цяпер складана падлічыць, колькі тон пяску, шчэбеню і іншага будаўнічага матэрыялу перамясціў за амаль чатыры дзесяцігоддзі працоўнага стажу на рачным транспарце Вячаслаў Аляксандравіч разам з калегамі на «качанятах» так ласкава на прафесійным слэнгу завуць партовыя плывучыя краны, грузападымальнасць якіх 10 тон. А па населеных пунктах і рэках, дзе давялося працаваць у камандзіроўках, можна без асаблівых складанасцей вывучаць не толькі водныя артэрыі Беларусі, але і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Зрэшты, найбольш памятная дагэтуль аўральная работа ў Камарыне вясной 1986-га. У гэтым гарадскім пасёлку Гомельскай вобласці мікашэвіцкія партавікі займаліся адгрузкай і дастаўкай пяску для будаўніцтва саркафага над чацвёртым рэактарам Чарнобыльскай АЭС…

Мясцовы рачны порт за сваю гісторыю існавання перажыў не адзін перыяд фінансавай стабільнасці, які змяняўся скарачэннем попыту на паслугі па пагрузцы і перавозцы. Тым не менш, В.А. Хаменка нават цяпер, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, не спяшаецца раставацца з родным калектывам:

— Прымаўка пра тое, што чалавек шукае дзе лепш — не пра мяне. Тым больш, калі праца ў задавальненне. Акрамя таго, жыццё так распарадзілася, што лёсы — арганізацыі і мой, даўно цесна перапляліся. Асабліва, калі з сям’ёй атрымалі 3-пакаёвую кватэру ў адным са шматпавярховых дамоў, пабудаваных портам для сваіх работнікаў. Частка партавікоў сталі не толькі калегамі, але і добрымі сябрамі-суседзямі. Таму напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім ім толькі спадарожнага ветру ва ўсіх пачынаннях!

Наталля ЛЯЛЮК

Add Comment

Войти с помощью: