Пачатак жніву паклалі “зажынкі”

зажинки агрогранитСёлетняе жніво працаўнікі філіяла “Аграграніт” як звычайна, распачаліса старажытнага абраду “Зажынкі”.

На ўскрайку жытнёвага поля каля вёскі Мокрава выстраілася ў радок тэхніка. Непадалёк — непасрэдныя ўдзельнікі важнай сельскагаспадарчай кампаніі: экіпажы камбайнаў, механізатары, вадзіцелі, брыгадзіры… На паспяховую справу благаславіў хлебаробаў настаяцель царквы Пакрова Багародзіцы вёскі Мокрава протаіерэй Лявонцій Пяшко. Жанчыны-пенсіянеркі ў прыгожых нацыянальных касцюмах заспявалі абрадавыя песні. Узяўшы ў рукі сярпы, зажалі першы сноп, звязалі яго жытнім “паяском” і ўручылі дырэктару філіяла Мікалаю Голубу. Беражліва ўзняўшы калоссе новага ўраджаю над галавой, Мікалай Антонавіч са словамі: «Беражыце, шануйце і не згубіце ніводнага зернятка, што вырасла і налілося на нівах», — перадаў яго ў рукі камбайнераў. Адсюль сноп пачаў вандроўку ад аднаго да другога ўдзельніка абраду, пакуль не спыніўся ў руках галоўнага агранома Ірыны Антановіч. Крыху пазней спецыяліст расказала, што ён будзе чакаць свайго часу на зернескладзе і абмалоцяць яго апошнім напрыканцы жніва. Своеасаблівым напамінам хлебаробам аб мінулагоднім ураджаі стаў каравай, які падрыхтавала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Вайцяхоўская. Прыгожым ён удаўся і дужа смачным. Пакаштаваўшы, камбайнеры занялі свае месцы ў кабінах, завялі маторы, пракруцілі жаткі… І вось ужо велічныя машыны падмінаюць яшчэ залацістыя сцябліны, пакідаючы за сабой свежаскошаную салому, а ў бункер струменьчыкам сыплецца першае серне…

На жаль, спякота на большасці плошчаў не дала як след наліцца коласу, таму і пабіць мінулагодні рэкорд па ўраджайнасці ніў сёлета не ўдасца. Агранамічная служба філіяла прыкладала пэўныя намаганні, каб зменшыць негатыўны ўплыў надвор’я на рост сельгаскультур. У прыватнасці, падкармілі азотам усе азімыя. Унеслі тукі і на палове палёў з яравымі зерневымі, удзяліўшы асаблівую ўвагу тым, што знаходзіліся на мінеральных глебах. Своечасова правялі як восеньскую, так і веснавую пасяўныя, апрацавалі пасевы супраць пустазелля і хвароб. Усяго хлебаробам сёлета належыць убраць зерне на плошчы 1508 гектараў. У тым ліку 80 гектараў рапсу, 50 — грэчкі, 200 — кукурузы. Маючы пяць сучасных камбайнаў, столькі ж прэс-падборшчыкаў і неабходную колькасць тэхнікі на адвозцы зерня, з задачай тут мяркуюць справіцца за 20 спрыяльных жніву рабочых дзён. Уся тэхніка замацавана за вопытнымі камбайнерамі, механізатарамі і вадзіцелямі. Падрыхтавана як след зернесушыльная гаспадарка. Работнікі сельгаспрадпрыемства забяспечваюцца гарачым харчаваннем, якое кожнаму з іх дастаўляецца ў спецыяльных тэрмасах са сталовай РУВП “Граніт”. Выдаюцца таксама спецвопратка і абутак.

Доўгачаканыя дажджы, на жаль, сёлета крыху запазніліся і ўжо мала чым могуць дапамагчы збожжавым. У той жа час яны нададуць сілы іншым сельгаскультурам, ад вагі ўраджаю якіх таксама залежыць дабрабыт калектыву.

Галіна КУЧЭЙКА

Add Comment

Войти с помощью: