Пра «няправільны» светлафор, дарожную разметку і «неразумных пешаходаў»

Пісьмо было злоснае. І, як нярэдка здараецца, без подпісу. Менавіта таму першым зразумелым жаданнем было накіраваць яго ў рэдакцыйны архіў. Аднак журналісцкая абавязковасць прымусіла ўважліва перачытаць ліст, пасля чаго пэўныя доводы невядомага аўтара падаліся не такімі ўжо і недарэчнымі. Тым больш, што, па перакананню апанента, вялікіх сродкаў для ўхілення пералічаных ім недахопаў, не патрэбна.

Апусцім не заўсёды адпавядаючыя рэчаіснасці і вытрыманыя выказванні пра стан нашага горада. Пэўныя агрэхі ў добраўпарадкаванні, вядома, ёсць, але яныі не даюць права перакрэсліць усё тое добрае, што зроблена ў плане навядзення парадку за апошнія гады. Асабіста я люблю свой горад і заўсёды адчуваю гонар, калі прыезджы люд шчыра адзначае яго непаўторную прыгажосць і ўтульнасць. А гэта значыць толькі адно: да добрага прызвычайваешся вельмі хутка, і іншы раз вока проста не заўважае прывычны малюнак чыстых вуліц, дыхтоўных будынкаў, зайздросных аб’ектаў сацыіяльна-культурнага, спартыўнага і аздараўленчага прызначэння, якімі ахвотна карыстаюцца людзі.

Паколькі большасць заўваг, выкладзеных у лісце тым ці іншыім чынам датычыла бяспекі дарожнага руху, то пакінуць гэта без увагі палічылі недаравальным. Менавіта таму пракаменціраваць іх папрасілі начальніка Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Аляксандра Антановіча. Разам з ім праехалі прапанаваным аўтарам ліста маршрутам.

Першы прыпынак — перакрыжаванне вуліц Чырвоная, Блока, Чэхава і Меліярацыйнай — адно з нешматлікіх, абсталяваных светлафорам. На думку невядомага гараджаніна, тут абавязкова трэба змяніць работу электроннага рэгулятара дарожнага руху з тым, каб даць магчымасць транспарту, які едзе з боку вуліцы Блока, бесперашкодна пераадолець перакрыжаванне, бо паток машыін з боку Чэхава, якім абавязкова трэба саступаць дарогу, не дае гэта зрабіць “з аднаго заходу”. Такая сітуацыя на названым перакрыжаванні назіраецца толькі ў рэдкія гадзіны “пік”, а дакладней сказаць, раніцай перад пачаткам рабочага дня. Каля 8-мі гадзін і сапраўды машынам, што рухаюцца з пуцеправода, даводзіцца некаторы час затраціць на тое, каб павярнуць на вуліцу Чырвоная. Але нават калі не атрымліваецца праехаць перакрыжаванне з “першага заходу”, губляе вадзіцель усяго каля дзвюх хвілін. Думаю, аўтааматары з буйных гарадоў, якія і насамрэч пакутуюць ад вялікіх пробак на тамтэйшых вуліцах, проста пасмяяліся б над незадаволенасцю свайго раённага “калегі”.

А вось звярнуць увагу на тое, каб абсталяваць названае перакрыжаванне знакам, які б вызначаў рух па палосах, варта. Справа ў тым, што тут вадзіцелі не заўсёды захоўваюць патрабаванні Правілаў дарожнага руху і імкнуцца праехаць на вуліцу Чэхава не з крайняга левага, а з правага раду, ствараючы перашкоду іншыім кіроўцам. Між тым, вуліца каля міні-рынку, дзе ёсць невялікая паркоўка, вузкая, машыны стаяць з абодвух бакоў праезнай часткі, і імкненне адначасова ўціснуцца паміж імі яшчэ двум транспартным сродкам нярэдка заканчваецца стварэннем аварыйнай сітуацыі. Пра гэта ведаюць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, якая займаецца ўстаноўкай дарожных знакаў у горадзе. Будзем спадзявацца, што ў агляднай перспектыве тут усё-такі паявіцца патрэбны знак, які дапаможа зрабіць перакрыжаванне больш бяспечным.

Вельмі саркастычныя выказванні дазволіў сабе аўтар ліста ў адносінах да нанесенай на вуліцах горада дарожнай разметкі. Можна згадзіцца з ім у плане абнаўлення абазначаных пешаходных пераходаў, калі іншы раз побач з новай яскрава праглядваецца старая “зебра”. Не можа задаволіць і той факт, што пасля дажджу амаль усе пешаходныя пераходы патанаюць у вадзе. Гэта нярэдка прымушае людзей пераходзіць вуліцу ў недазволеных месцах.

Што ж да ўсяго астатняга, то абывальнікам варта ведаць: дарожная разметка перад тым, як паявіцца ў населеным пункце, праходзіць шмат этапаў узгаднення ў самых разнастайных службах. I першае, чаму яна павінна служыць, — бяспека дарожнага руху.

Вядома, можна паспачуваць вадзіцелям габарытных гарадскіх аўтобусаў, якія штораз дэманструюць віртуознае майстэрства, праязджаючы перакрыжаванне непадалёк ад раённага ўнівермага. Але што можна прапанаваць, каб сітуацыю змяніць? Прыбраць ці не адзіны ў горадзе сквер на Прывакзальнай плошчы? Перанесці стаянку гарадскога грамадскага транспарту ў іншае месца? Наўрад ці будуць гэтым задаволены пасажыры, якія спяшаюцца на чыгуначны вакзал. Думаю, апанент зразумеў, што ў такой важнай справе, як дарожная разметка, даводзіцца ўлічваць усе абставіны і нюансы, якія іншы раз дыктуе жыццё.

Не пагадзіўся старшы дзяржаўтаінспектар і з прэтэнзіяй аўтара ліста наконт штучна створанай у выглядзе дэкаратыўнага кустарніка перашкоды паблізу перакрыжавання вуліц Блока, Фабрычнай і Кастрычніцкай. Аніякай перашкоды зялёныя насаджэнні тут уважліваму вадзіцелю не ствараюць. Упэўніліся ў гэтым на мясцовасці.

А вось стыхійны вулічны “дэкор” у выглядзе вялікіх валуноў каля агароджы прыватныіх сядзіб і насамрэч не заўсёды апраўданы. Як растлумачыў Аляксандр Антановіч, абочына — важны элемент дарогі, і любыія “дэкаратыіўныія збудаванні” на ёй не павінны перашкаджаць руху аўтатранспарту. Менавіта таму ўсе новаўвядзенні абавязкова ўзгадняюцца з дарожна-рамонтнай службай. Недапушчальна, каб яны стваралі пагрозу пешаходам ці машынам.

Дарэчы, менавіта такая сітуацыя склалася на вуліцы Колбіка ў в. Дрэбск, дзе на звілістым участку дарогі, які і без таго меў славу аварыйна небяспечнага, вяскоўцы самавольна каля дарожнага палатна ўстанавілі каменную “агароджу”, аберагаючы ад пырскаў дыхтоўны металапрофіль (!). Па прадпісанню дарожнікаў “дэкор” давялося прыбраць.

На вуліцы 8 Сакавіка ў Лунінцы жыхары растлумачылі, што падобным чынам ратуюцца ад аматараў пакідаць легкавушкі на зялёнай зоне. У ролі парушальнікаў нярэдка выступаюць пацыенты размешчанай непадалёк паліклінікі, якія, прыязджаючы на аўтамабілях, з-за недахопу месцаў вымушаны паркавацца дзе давядзецца. Між тым, згодна з праграмай павышэння бяспекі дарожнага руху, прынятай на пасяджэнні адпаведнай раённай камісіі, у раёне названай вуліцы запланавана абсталяванне новай аўтамабільнай стаянкі. Будзем спадзявацца, што фінансавыя складанасці не перашкодзяць гэтым планам увасобіцца ў жыццё.

Не дужа прыемную характарыстыку даў аўтар ліста ў рэдакцыю лунінецкім пешаходам.

— У нечым ён правы, — згадзіўся Аляксандр Антановіч. — На жаль, нашы гараджане не заўсёды памятаюць пра тое, што на праезнай частцы ў іх ёсць не толькі правы, але і абавязкі. I найпершы — пераканацца ў тым, што паблізу няма пагрозы ў выглядзе транспартнага сродку. Асабліва гэта датычыць тых, хто ступае на абазначаны пешаходны пераход, які, нягледзячы ні на што, застаецца зонай павышанай небяспекі. Вядома ж, усе ўдзельнікі дарожнага руху павінны быць узаемна паважлівымі і не забываць, што ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння той факт, што пешаход на “зебры” мае перавагу, будзе служыць вельмі слабым суцяшэннем.

У тым, што гэта разумеюць далёка не ўсе, пераконваюць лічбы. За парушэнне правілаў перасячэння праезнай часткі вуліц і дарог да адміністрацыйнай адказнасці з пачатку года прыцягнуты больш як 80 пешаходаў, правілаў праезду пешаходных пераходаў — больш як паўтары сотні вадзіцеляў.

Урэшце, усе мы ў адказе за тое, што робіцца навокал. I так хочацца завяршыць артыкул словамі невядомага аўтара ліста ў рэдакцыю: “Можа камусьці і ўдаецца пражыць жыццё з прынцыпам “мая хата з краю”, але жыць так нельга”.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.