«Праменьчык юнацтва з-пад скроняў сівых пазірае…»

РихтерЖыццё не заўсёды прыносіць нам толькі радасці і задавальненні. Часам на шляху сустракаюцца цяжкасці, якія неабходна пераадолець, прыкладваючы мужнасць, вынослівасць і цярпенне. Усё гэта зведаў на сабе ветэран Вялікай Айчыннай вайны лунінчанін Барыс РЫХЦЕР (на здымку справа), калі давялося ісці палітымі крывёй сцежкамі пад градам бомбаў і снарадаў, з кожным крокам набліжаючы пераможны Май, і ўбачыць незвычайныя краявіды Усходу падчас узброенага канфлікту.

Яго мабілізавалі на фронт адразу пасля вызвалення родных мясцін. Падрыхтоўка асноўных салдацкіх навыкаў была кароткай, але змястоўнай. Хутка чырвонаармейцы ўжо рухаліся па дарогах суседніх дзяржаў, вызваляючы ад фашыстаў. Спачатку Польшча, дзе праходзіла фарсіраванне ракі Вісла; Венгрыя — з цяжкімі баямі пад Будапештам; Чэхаславакія, на тэрыторыі якой і сустрэлі доўгачаканую Перамогу.

Тады, пад моцныя салюты, думалася, што ўсё цяжкае скончылася. Эйфарыя панавала некалькі дзён. Але наперадзе былі адраджэнне зруйнаванай ушчэнт роднай зямлі, барацьба з варожымі бандамі і вайна ў Японіі. Менавіта туды, у далёкі і невядомы край, накіравалі беларускага байца. Доўгая дарога стала пачаткам цяжкага перыяду ў лёсе.

Ён да самай старасці будзе згадваць дні і ночы, напоўненыя барацьбой не толькі за вызваленне і за асабістае выжыванне. Моцна даймала спякота, калі ў поўным абмундзіраванні праходзілі бясконцыя кіламетры. Вады не хапала, выдавалі зусім крыху. Так хацелася выпіць яе ўсю адразу. Хто паддаваўся такому парыву, потым не пераадольваў смагу і гінуў. Барыс трымаўся, бярог бясцэнныя кроплі і толькі змочваў засмяглыя вусны. Гэта і выратоўвала.

Не менш праблем прыносіла недасыпанне. Цяжка паверыць, але байцы навучыліся спаць на хаду. Наперадзе ў страі было плячо таварыша, на якое можна лёгенька абаперціся і аддавацца асалодзе дрымоты. Але варта пярэдняму адхіліцца, як задні падаў ці прачынаўся.

Дадому вярнуўся толькі праз 6 год. I неўзабаве пазнаёміўся з расіянкай Верай, якая прыехала ў Лунінец у пошуках лепшага заробку. Дзяўчына родам са Смаленскай вобласці, жылося там цяжка, не хапала хлеба. На беларускай зямлі госця знайшла не толькі лепшы кавалак на абед, але і сваё сямейнае шчасце. Сустрэча з Барысам стала лёсавызначальнай. Маладыя знайшлі разуменне паміж сабой і вырашылі быць разам.

У пасляваенны час Веры давялося пабываць у Германіі, калі накіравалі прывезці ў калгас коней. Наглядзелася на руіны і разруху, якія цягнуліся амаль на паўсвету. Нарыхтоўвала лес разам з іншымі дзяўчатамі, бо не хапала мужчынскіх рук. Выдавалі невялікі паёк на тыдзень, ім харчаваліся пару дзён, потым галадалі. Але маладосць не здавалася цяжкасцям. Пасля работы садзіліся каля кастра і зацягвалі песню.

Прыгожы голас Веры выпадкова пачуў адзін кампазітар з Масквы. Здзіўлены асаблівымі здольнасцямі, запрасіў у сталіцу прайсці праслухоўванне і атрымаць музычную адукацыю. Прарочыў вядомасць на вялікай сцэне. Але яна не рызыкнула ехаць па самай банальнай прычыне — не было што апрануць. Так з-за беднасці і нерашучасці быў загублены талент. Толькі спяваць Вера Міхайлаўна не перастала. Удзельнічала ў самадзейнасці, працуючы ў сферы гандлю. Блізкія насалоджваліся незвычайным голасам нават на дзень яе 78-годдзя.

На жаль, чалавечае жыццё не вечнае. Ужо 8 год, як дарагая жанчына засталася толькі ў памяці. Апошнім часам моцна пагоршылася здароўе Барыса Уладзіміравіча — сем месяцаў таму ён перанёс інсульт. Неабходны многія працэдуры рэабілітацыйных мерапрыемстваў і трэніровак. Ветэран ахутаны ўвагай нашчадкаў, бо мае дзве дачкі і пяць унукаў. Ніна — лунінчанка, працавала ў дзіцячым садзе, з мужам выгадавалі трое дзяцей. Людміла спачатку жыла на ўкраінскай зямлі, цяпер асталявалася ў далёкай Італіі разам з сям’ёй. Цікавяцца самаадчуваннем і пяцёра праўнукаў.

Як хутка праляцелі зімы і вёсны! Гэта толькі ў дзяцінстве, калі хочацца хутчэй вырасці, час цягнецца занадта марудна. Амаль 90 год прайшлі непрыкметна, быццам, стужка кінафільма мільганула на тэлеэкране. Працоўную дзейнасць Барыс Уладзіміравіч пачынаў качагарам у дэпо, але большасць жыцця прысвяціў гандлёвай сферы. Быў грузчыкам, экспедытарам, слесарам халадзільных установак. Імкнуўся не падводзіць свой калектыў.

Азіраючыся на пройдзенае, ёсць за што дзякаваць лёсу, а за што і пакрыўдзіцца. Балючай плямай на фоне будняў і святаў выглядае час ваеннага ліхалецця. Цяпер стомленая памяць захоўвае не ўсе падзеі з мінулага, але самае значнае вяртаецца ў снах, прымушаючы зноў і зноў перажываць цяжкасці ў душы. Хвалююць трывожнай явай падзеі ў неспакойным свеце. Так хочацца засцерагчы сваіх блізкіх, каб яны ніколі не бачылі голаду і разрухі, не баяліся гулу самалётаў, не ўздрыгвалі ад рэзкіх раскатаў грому, прымаючы яго за бамбёжку.

Дзеля мірных ранкаў вялася барацьба з ворагам. Яны выстаялі і перамаглі! А задача маладзейшых — зберагчы адваяванае. Сумленна працаваць, гадаваць дзяцей, будаваць жыллё і з удзячнасцю памятаць нашу няпростую гісторыю.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.