Пятрушка радуе дзяцей

белое озеро 2015Сонца, паветра і вада — усё гэта спалучае у сабе аздарауленчы лагер «Спадарожнік».

Чысціня на тэрыторыі, высачэнныя сосны, празрыстая вада возера Белае і нязвыклая для гэтых мясцін цішыня… Менавіта так сустракаў лагер творчы саюз вандроўных артыстаў «Табар» у складзе рэжысёра лялек Мікалая Драніча і музыканта Дзяніса Ануфрыева, пакуль яны ў суправаджэнні старшага выхавальніка Вольгі Наварыч і культарганізатара Ірыны Рыхцер ішлі ад прахадной да будынка клуба. У дзяцей быў «ціхі час», да заканчэння якога заставалася 30 хвілін. Іх і выкарысталі артысты для падрыхтоўкі выступлення.

Варта адзначыць, што Мікалай Драніч, наш зямляк, былы рэдактар раённага радыё і супрацоўнік «Лунінецкіх навін», сёння з’яўляецца студэнтам тэатральнай акадэміі Санкт-Пецярбурга. Са сваімі лялькамі, сярод якіх некалькі персанажаў з Індыі, ён шмат ездзіць па свеце і радуе казачнымі пастаноўкамі дзетвару і дарослых падчас вулічных выступленняў. На Лунінеччыну тэатр завітаў пасля гастроляў на «Славянскім базары» ў Віцебску.

Пасля «ціхага часу» тэрыторыя «Спадарожніка» ажыла: з песнямі і вершамі пацягнуліся ў клуб вераніцы хлопчыкаў і дзяўчынак у суправаджэнні выхавальнікаў. Заняўшы свае месцы ў зале яны амаль адначасова апынуліся ў казачным свеце. А стварыў яго любімы персанаж нашага рэжысёра — задзірысты Пятрушка, ці Пётр Іванавіч Уксусаў, як назваў яго аўтар… Больш як паўгадзіны гледачы не адрывалі позіркаў ад імправізаванай сцэны і лялек, якімі ўмела кіраваў Мікалай. А колькі было шчырага смеху, калі на вачах у дзяцей артысты перасоўвалі сваю сцэну, каб паказаць, як прыгожа танцуе індыйская прыгажуня — лялька Анаркалі. Дарэчы, каб выкупіць яе, Мікалай аддаў індусу свой сучасны фотаапарат.

Затым для дзяцей былі поўднік і адпачынак, насычаны спартыўнымі і культурным! мерапрыемствамі. Юнакі з Мікашэвіч Аляксей Таболіч, Кірыл Хоміч і Мікіта Буханаў узялі ў рукі гітары і пачалі найграваць свае любімыя мелодыі. Ілья Касцюковіч і Даніл Кулак сыгралі партыю ў тэніс. Вечарам усіх адпачываючых чакала адкрыццё змены, заезд на якую адбыўся напрыканцы мінулага тыдня.

Галіна КУЧЭЙКА

Add Comment

Войти с помощью: