Розныя формы — індывідуальны падыход

полимерСтабільная фінансава-эканамічная дзейнасць прадпрыемства не залежыць ад яго формы ўласнасці, колькасці працаўнікоў ці сферы дзейнасці. Росквіт той ці іншай вытворчасці — гэта вынік узважанай палітыкі кіраўніцтва, якое пастаянна знаходзіцца ў пошуках свайго індывідуальнага шляху развіцця. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі восьмай выязной сесіі раённага Савета дэпутатаў XXVII склікання пад старшынствам Віктара Рафаловіча.

У аграгарадку Сінкевічы гасцей ветліва сустракалі прадстаўнікі сельвыканкама: в.а. старшыні Валерый Краснікевіч і вядучы спецыяліст Наталля Броннікава. Пасля ўручэння святочнага каравая і невялікай аўтобуснай экскурсіі па сельскім населеным пункце, дэлегацыя накіравалася на ААТ «Палімер».

Выбар гэтага прадпрыемства невыпадковы. Невялікаму калектыву даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі: аналагічныя вырабы з поліэтылену выпускаюць 65 беларускіх вытворцаў.

— З большасцю кліентаў працуем пад заказ. Тым не менш, пры яго выкананні строга прытрымліваемся прынцыпу «якасна і ў тэрмін», — распавядаў дырэктар Рыгор Кіслюк. — Такое стаўленне да справы заўсёды вітаецца заказчыкамі, якім з пачатку года адгрузілі таварнай прадукцыі на суму больш як 10 мільярдаў рублёў. Чысты прыбытак склаў 494 мільёны рублёў.

Не меншую цікавасць выклікала ў дэпутатаў рэканструкцыя чыгуначнай станцыі Сітніца, з ходам якой пазнаёміў начальнік Валерый Сахвон. Сёння транспартная арганізацыя, дарэчы, буйнейшая ў Беларусі па аб’ёмах грузавых перавозак, падыходзіць да фіналу завяршаючай 5 чаргі будаўніцтва. Пабудаваны 8 пуцей і 20 стрэлачных пераводаў, перон працягласцю 300 метраў, сучасны адміністрацыйна-бытавы будынак, падземны пешаходны пераход і выканана шмат іншых будаўніча-мантажных работ. У мэтах бяспекі аб’екта да сярэдзіны восені тут будуць усталяваны 30 відэакамер і агароджа па перыметры станцыі.

Візіт на РУВП «Граніт» пачаўся з наведвання назіральнай пляцоўкі кар’ера Мікашэвічы. Затым быў прыпынак каля новага элемента добраўпарадкавання тэрыторыі. Мясцовыя ўмельцы пацешылі дакладнай копіяй экскаватара ЭКГ-4,6 — тэхнікай, якая распачала чатыры дзесяцігоддзі таму распрацоўку першых гарызонтаў кар’ера. Уражвала не толькі сама навінка, кожная дэталь якой, уключаючы гусеніцы, была вытачана з металу. Захапленне выклікала і сама кампазіцыя, дапоўненая пастаментам, мачтай лініі электраперадач са спецыяльным пражэктарам і горка з каменнай масы, на якой у хуткім часе пачне працаваць фантан. Па словах В.А. Рафаловіча, РУВП «Граніт» з’яўляецца прыкладам прадпрыемства, дзе, нягледзячы на важныя вытворчыя задачы і няпростыя ўмовы работы, заўсёды надаюць значную ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторый.

Выступленне старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко адкрыла пленарнае пасяджэнне ў актавай зале РУВП «Граніт». Знаёмячыся з народнымі выбраннікамі, кіраўнік раёна канстатаваў адсутнасць наладжанай узаемасувязі паміж некаторымі сельскімі Саветамі і сельскагаспадарчымі кааператывамі, размешчанымі на іх тэрыторыі. Часам прадстаўнікі ўлады на месцах проста самаўхіляюцца, не цікавячыся жыццём калектыву СВК. А гэта, несумненна, недапушчальна!

Аб ходзе мадэрнізацыі прадпрыемстваў Лунінеччыны ў рамках Дырэктывы №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» паведаміла начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Кацярына Мілаванава.

Дэпутаты зацвердзілі план па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата», агучаны галоўным спецыялістам раённага Савета дэпутатаў Ірынай Жук. У ліку яго арганізацыйных мерапрыемстваў — правядзенне прамых тэлефонных ліній з удзелам дэпутатаў усіх узроўняў і рэгіянальных сходаў, рэгулярныя сустрэчы ў акругах з выбаршчыкамі і г.д.

Таксама народныя выбраннікі падтрымалі праграму дзяржаўных гарантый па забеспячэнню грамадзян даступным медыцынскім абслугоўваннем на тэрыторыі Лунінецкага раёна і ўнеслі змены ў некаторыя рашэнні раённага Савета дэпутатаў.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.