Сябры, аптымізм і ўпэўненасць

ЯрмольчикУ вачах застыў адбітак перажытага. Яго нельга заўважыць адразу, дзеля гэтага трэба зазірнуць глыбей, зразумець і адчуць. Усмешка і дооразычлівы выраз твару хаваюць адчай, які не хоча пакідаць маладога чалавека на працягу ўсяго жыцця. Ён мужны, навучыўся разумець іншых і здолеў знайсці сябе, але…

Лунінчанін Максім ЯРМОЛЬЧЫК працуе дызайнерам паліграфічнай прадукцыі на вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемстве “Мая перспектыва”. Тут ён сустракае кліентаў, седзячы за камп’ютарам і прапаноўваючы паслугі рознага кшталту. Ужо разам скрупулёзна падбіраюць форму, памеры і колеры будучых візітак, буклетаў ці шыльдачак, абмяркоўваюць іншыя больш тонкія нюансы справы. Наведвальнікі раяцца з ім, адносяцца з павагай. І нікога не здзіўляе, што хлопец сядзіць не ў звычайным крэсле, а ў інвалідным.

Такія адносіны, як да роўнага, вельмі неабходны юнаку, яны дапамагаюць не адчуваць сябе горшым за астатніх. І як прыемна, што ў нашым грамадстве цяпер менавіта так і ўспрымаюць людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

— Яшчэ некалькі год таму сустрэчныя часта азіраліся, праводзілі “калясачніка” спачувальным позіркам. Магчыма, яны хацелі як лепш, але такая залішняя ўвага замінала, нават крыўдзіла, — кажа Максім.

Найцяжэй яму было ў маленстве, калі толькі асэнсоўваў сваё асаблівае становішча. Ды побач былі мама і тата, старэйшы брат, якія дапамаглі зразумець, што жыць можна не толькі гуляючы ў футбол ці хакей.

Хлопчык нарадзіўся з парушэннямі пазваночніка. Узнікла неабходнасць у цяжкай аперацыі, якую рызыкнулі правесці ў паўгода. Наступіў 1990-ты, медыцынскія магчымасці яшчэ моцна адрозніваліся ад сучасных. Хірургічнае ўмяшанне, на жаль, аказалася не зусім удалым, і надзеі на выздараўленне не засталося…

Тады быў самы цяжкі перыяд для бацькоў. Але Любоў Аляксандраўна і Васіль Іванавіч здолелі перамагчы адчай, навучыліся жыць, адпавядаючы рэчаіснасці. Маленькага Максіма яны ніколі не пакідалі без увагі. Заўсёды спяшаліся дадому, рабочы графік прытрымліваўся так, каб нехта адзін абавязкова заставаўся з хлопчыкам. Вазілі яго на разнастайныя мерапрыемствы ў іншыя гарады, ніколі не прапускалі мясцовых святаў.

Школьная праграма асвойвалася на даму, і тут асаблівая ўдзячнасць настаўнікам і класнаму кіраўніку, дзякуючы адданасці і стараннасці якіх да простых ведаў малому дадавалася намнога больш у сэнсе выхавання і асэнсавання свайго становішча.

Пасля 11 класаў Максім зацікавіўся радыётэхнікай. Агульнымі намаганнямі ў сям’і рызыкнулі працягнуць навучанне сына, і ён падаў дакументы ў Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж на спецыяльнасць “Тэхнік вылічальных сістэм”. Установа не была прыстасавана для падрыхтоўкі “калясачнікаў” — усюды высокія прыступкі, лекцыі праводзіліся на розных паверхах, не ўсе будынкі аснашчаны пандусамі. Той перыяд пакінуў у памяці горкі асадак ад недастатковай увагі грамадства да праблем людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Жыццё працягвалася. Вучоба закончылася, а працаўладкавацца не атрымлівалася. Адкрыццё “Маёй перспектывы” дапамагло знайсці сябе не толькі Максіму. Тут праходзілі працоўную рэабілітацыю яшчэ 10 юнакоў і дзяўчат з самымі рознымі праблемамі са здароўем. І няхай заробкі атрымліваюцца зусім невялікія, але адчуванне быць занятым справай і патрэбным людзям кампенсуе ўсё астатняе.

Хлопец заўсёды мае многа сяброў. Мама згадвае, як у школьныя гады равеснікі часта прыходзілі да іх цэлым класам. Летам на вуліцы насіліся на веласіпедах, а Максім іх даганяў на калясцы. Смяяліся, жартавалі.

Аптымістычны погляд на жыццё дапамагае вучыцца ад яго цярпенню і вынослівасці многім здаровым людзям. У сваім акружэнні юнака разумеюць, з ім раяцца і дзеляцца набалелым. Вясёлай кампаніяй яны часта наведваюць кафэ і штодзённа “завісаюць” у інтэрнэце. Хаця прытрымліваюцца меркавання, што прасцей і лепш зразумець іншага можна не ў сусветным павуцінні, а пры жывой размове.

Цяпер малады чалавек выглядае ўпэўненым. Але гэта прыйшло не адразу. Быў падлеткавы ўзрост, калі ўсё ўспрымалася вельмі востра. Тады цьмяна бачылася далейшая дарога, не існавала сэнсу жыцця, не было імкнення да новага.

— Здолець перамагчы сябе, не аддавацца плыні, пазбавіцца ад адчаю. Ніколі не саромецца, імкнуцца знайсці аднадумцаў, — такія парады Максім перадае хлопцам і дзяўчатам, якім пакуль цяжка прыняць сваю асаблівасць.

Сярод захапленняў у свеце музыкі юнаку бліжэй кампазіцыі ў стылі шансон. Там больш зразумелы сэнс тэкстаў, мелодыі настройваюць на лірычны лад. У кінастужках аддае перавагу расійскім вытворцам. Гэта могуць быць і баевікі, і вясёлыя камедыі. Але часцей цікавяць дакументальныя праграмы на розныя тэмы. З іх дапамогай лёгка зазірнуць у гісторыю, разабрацца ў асновах палітыкі ці адправіцца ў завочнае падарожжа па незнаёмых краінах.

Можна глядзець на яркае сонца, але не заўважаць яго пяшчоты і цяпла, ды яшчэ наракаць, што занадта спякотнае. А можна ўбачыць тонкі праменьчык святла сярод агульнай цемры і ад гэтага быць шчаслівым і задаволеным. Так па-рознаму мы ўспрымаем жыццё, яго паўсядзённыя радасці і праблемы. Знаёмства з Максімам дапамагае паверыць, што навокал няма злосці і зайздрасці, заўсёды і ва ўсім можна знайсці станоўчыя моманты. А сумны адбітак у вачах, які заўважыла пасля доўгай размовы, зноў згубіўся за прыемнай усмешкай. Яшчэ вельмі хацелася думаць, што мне толькі здалося, і яго не было наогул. Бо кожны дзень юнака пачынаецца з трох складаемых, якія дапамагаюць жыць — сяброў, аптымізму і ўпэўненасці ў сабе.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: