Там дзе гарэлка — гора і смутак

алкоголизмЯк вы думаеце, якім павінна быць пакаранне для чалавека, што прычыніў іншаму такія цялесныя пакалечанні, што той памёр? Безумоўна, самае строгае. Насілле і пазбаўленне жыцця — найбольш жорсткія злачынствы ў адносінах да асобы. Аднак бываюць судовыя пасяджэнн/, калі вінаватага ў жудаснай трагедыі шкада не менш, чым пацярпелага…

Уканцы лютага, адпрацаваўшы змену, Іван Іваноў (імя і прозвішча тут і далей зменены) вяртаўся з Лунінца ў родную вёску. Аўтобус спыніўся недалёка ад вясковага магазіна. Тут малады чалавек заўважыў сябра Андрэя Фадзеева, якому прапанаваў выпіць. З сабой ён прывёз дзве бутэлькі гарэлкі. Той быў не супраць, тым больш, што пітныя “працэдуры” пачаў яшчэ з ранку. Ну, як жа без трэцяга? І трэці Мікалай Сяргееў знайшоўся тут жа. Ён заўсёды быў “на пасту” каля гандлёвай кропкі: хто пакурыць дасць, а хто і кілішак налье. Мікалай прапанаваў прыяцелям прайсці пад павець, што знаходзілася ў яго двары. Тут і калода была, якая служыла сталом, і дошкі, каб прысесці. Не паспелі выпіць адну бутэльку, як далучыўся чацвёрты аматар выпіўкі.

Заўважыўшы, што гаспадар быў ужо на моцным падпітку, Іваноў распарадзіўся, каб яму больш не налівалі. Мікалай адышоў у бок і пакрыўджана стаў абурацца. У нейкі момант Івану падалося, што той заходзіць з боку і мяркуе яго ўдарыць. Ён не стаў чакаць і першым стаў наносіць удары. Спачатку дзейнічаў рукамі, а калі Сяргееў апынуўся на зямлі, то нагамі — па тулаве і галаве… Потым вадой прыводзілі ахвяру ў прытомнасць. На судзе ўсе ў голас сцвярджалі, што ім гэта ўдалося зрабіць. Аднак праз некалькі гадзін Мікалай Сяргееў быў знойдзены бацькамі і сястрой мёртвым у тым самым месцы, дзе зусім нядаўна адпачывала дружная кампанія…

І вось на лаве падсудных — малады чалавек, у якога было ўсё, што трэба, як кажуць, для шчасця — работа з нядрэнным заробкам, жонка, двое дзетак двух і чатырох год і нават кватэра ў Лунінцы, праўда, яшчэ без рамонту. Здаецца, дагэтуль у поўнай ступені ён усяго не цаніў, але цяпер у яго будзе час паразважаць і зразумець, што там, дзе гарэлка — гора і смутак.

Што датычыць Мікалая Сяргеева, які трапіў пад “гарачую” руку сабутэльніка, то ён пры жыцці не быў патрэбны нікому. А вось смерць прымусіла родных узнесці яго ледзь не да нябёс. Зразумела, кожная маці шкадуе сваё дзіця, тым больш тое, у каго не ўсё ладзіцца ў жыцці. За злоўжыванне спіртным Мікалая “папрасілі” з работы. З алкаголікам не змагла жыць і жонка. Разам з дачкой яна засталася ў горадзе, а Мікалай паехаў у вёску да бацькоў. Нейкі час жылі разам пад адным дахам, аднак хутка старыя перабраліся ў кватэру, а сына пакінулі на самастойнае “выжыванне”. Ён нідзе не працаваў, хіба што за грошы і спіртное аказваў невялікія паслугі па гаспадарцы аднавяскоўцам. У полі зроку праваахоўнікаў знаходзіўся пастаянна, бацькі неаднаразова выклікалі на яго міліцыю. Зразумела, не для таго, каб дапамагчы — за сябе хваляваліся. А потым Мікалай лячыўся ад алкагалізму ў ЛПП. Мінулай восенню вярнуўся, але, відавочна, на карысць яно не пайшло.

У бацькоўскім доме ён не быў жаданым госцем, яго не заўсёды пускалі на парог. Прыходзіў звычайна, каб паесці. Вось і ў гэты трагічны дзень стукаў у дзверы, але яму не адчынілі. Кажуць, што не чулі. Няхай будзе так. Але калі адкруціць час назад і на хвіліну ўявіць, што было б, калі бацькі ўсё ж пусцілі сына ў дом і накармілі. Магчыма, затрымаўшыся ў іх, ён не аказаўся ў момант прыезду Іванова каля магазіна. А можа, на сыты страўнік і хмель не быў такім адчувальным. І тады бяда не прыйшла б у сям’ю Сяргеевых…

У судовым пасяджэнні родныя пацярпелага ва ўсім вінавацілі Іванова, і ні на хвіліну не задумаліся пра тое, ці ўсё зрабілі яны, каб выцягнуць свайго сына і брата з бездані, у якой ён апынуўся. Яны проста моўчкі назіралі за яго дэградацыяй. Нават калі ноччу ім тэлефанаваў сусед і паведамляў, што ў яго за сценкай падазроны грохат, яму прапаноўвалі самастойна пайсці і разабрацца ва ўсім…

Смерць блізкага — заўсёды вялікая страта для сям’і. І ніякімі грашамі нельга суцешыць боль і горыч. Аднак некаторыя думаюць па-іншаму. А як яшчэ расцаніць тое, што пацярпелыя родзічы выставілі іскі, якія вымяраюцца астранамічнай сумай — у агульным памеры ледзь не мільярдам рублёў?

Абвінавачванне падтрымлівала старшы памочнік пракурора Надзея Некрашэвіч, якая прасіла суд прызнаць Іванова вінаватым і назначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 год ва ўмовах узмоцненага рэжыму і задаволіць грамадзянскі іск пацярпелых за прычынены ім маральны ўрон у разумных межах.

Вывучыўшы дасканала матэрыялы справы, выслухаўшы абодва бакі і сведкаў, суддзя Святлана Братанава агучыла прыгавор. Згодна з ім, вінаваты ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пакалечання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, павінен правесці бліжэйшыя 8 год у выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і кампенсаваць матэрыяльны і маральны ўрон родным нябожчыка ў агульным памеры каля 150 мільёнаў рублёў.

Рашэнне абскарджана ў абласной інстанцыі.

Алена ШАНДАРЭЎСКАЯ

Add Comment

Войти с помощью: