«Трэці лішні» бывае і ў птушак

аист на столбеТэлефонны званок з Лахвы адарваў ад звычайнай рабочай паўсядзённасці. На тым баку провада пачуўся голас жанчыны, неабыякавай да прыроды і ўсяго жывога. Пенсіянерка Яўгенія Байда ўсхвалявана расказала пра буслоў, якія селяцца побач з хатай ужо 14 год! Спачатку гняздо размяшчалася над дахам хлява, а калі будыніну знеслі, то людзі змайстравалі ім новае жыллё на высокім слупе.

За працяглы час Яўгенія Уладзіміраўна блізка прыгледзелася да жыцця птушак. І ўпэўнілася, што ў тых часам здараюцца свае непрыемнасці і праблемы. Аднойчы ногі бусляняці заблыталіся ў вяроўцы, і на дапамогу давялося выклікаць выратавальнікаў. Пра той выпадак “раёнка” ўжо расказвала на сваіх старонках.

Сёлета ў сям’і крылатых сяброў таксама ўзніклі праблемы. Да дарослай пары, якая вясной аблюбавала гняздо і прынялася рыхтаваць яго да выседжвання птушанят, далучыўся трэці бусел. Ён прэтэндаваў заняць месца гаспадара, але атрымаў рашучы адпор. Бойкі часта назіралі мясцовыя жыхары, не ведаючы, як прымірыць тых, ці можна дапамагчы ім знайсці правільнае выйсце. Барацьба працягвалася больш як месяц. Потым трэцяя птушка раптам перастала прылятаць і турбаваць насельнікаў гнязда. Але за час “разборак” на зямлю пападалі і разбіліся яйкі. І сёлета буслы засталіся без патомства…

Сіратліва яны цяпер лётаюць над наваколлем, не выканаўшы галоўнае прызначэнне, наканаванае прыродай усяму жывому — дбаць пра нашчадкаў, працягваць свой род. З-за чаго атрымалася такая непрыемная сітуацыя ў крылатым сямействе цяжка зразумець нам, людзям. Але варта не забываць, што і ў чалавечым асяроддзі неабдуманыя дзеянні часам прыводзяць да нежаданых наступстваў.

Дзеля дасягнення станоўчага выніку трэба больш асцярожна адносіцца да сваіх рашэнняў, улічваць жаданні тых, хто побач. Ніколі не імкнуцца прымушаць блізкага чалавека любіць і паважаць з дапамогай сілы ці пагрозы. Каб на жыццёвай дарозе не аказацца ў ліку “трэцяга лішняга”.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.