Як славуты гросмайстар

шахматыВіктар Карчны любіў рабіць першы ход у гульні пешкай на С4. Гэтак жа і лунінчанін Аляксандр ТУПЕКА (на здымку разам з сынам Юрыем) часта пачынае развіваць сваю пазіцыю на шахматным полі.

Любоў да інтэлектуальнай гульні паявілася ў дзяцінстве, калі хлопчык назіраў, як яго бацька Іван Андрэевіч па вечарах доўга заседжваўся з суседам Міхаілам Аляксандравічам Качурам за дошкай у пошуку выйгрышнай камбінацыі. Шахматнымі азамі авалодала і старэйшая сястра Галіна. Менавіта яна ўпершыню прывяла на спаборніцтвы малодшых братоў.

— Мне было 10 год, а Віталю — 9, — прыгадвае Аляксандр Тупека. — У піянерскім пакоі лунінецкай СШ №1 сабраліся ўдзельнікі першынства школы. Старшакласнікі глядзелі з усмешкай, бо з-за стала нас было амаль не відаць. Аднак пасля гэтых спаборніцтваў мяне заўсёды сталі ўключаць у школьную каманду. Пазней нават другі дарослы разрад прысвоілі.

Любоў да шахмат захавалася па сённяшні дзень. Незабыўным застаецца той час, калі разам з братам Віталем, а таксама Генадзем Бярозкам, Васілём Гоманам і Аленай Ногач сталі пераможцамі абласной спартакіяды. Зараз жа з задавальненнем праводзіць спарынгі з бацькам, якому споўніўся 81 год, і з такім жа аматарам гульні Аляксандрам Грабяжовым. А калі дазваляе час, заўсёды ўдзельнічае ў гарадскіх і раённых спаборніцтвах.

Здаецца, у сям’і Тупека захапленне шахматамі перадаецца ў спадчыну. Вось і дачка Ганна — сёлетняя выпускніца гімназіі — два гады таму прадстаўляла наш раён на абласной спартакіядзе. Сын Юрый пакуль не бачыць сябе шахматыстам, але, па словах бацькі, здольнасці ў яго выдатныя, трэба толькі развіваць іх…

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.