“Залаты” прыпынак жыцця

горгуныВядомы дорагакаштуючы метал не страчвае сваю структуру ад уздзеяння часу. Гэта — сімвал трываласці, значнасці і высакароднасці. У народзе такім словам характарызуецца ўсё самае лепшае.

Залатое вяселле — паўвекавы адрэзак сумеснага жыцця. За доўгі час пачуцці мужчыны і жанчыны адшліфоўваюцца і ператвараюцца ў сапраўдную каштоўнасць. Васіль і Алена ГАРГУНЫ з Вялікіх Чучавіч сёлета наблізіліся да такога юбілею, і паспелі адчуць усе цяжкасці па дарозе да яго.

Ім пашанцавала нарадзіцца і расці ў роднай вёсцы. Пасляваеннае дзяцінства ні ў кога не было лёгкім, а ў гэтай мясцовасці жылося горш ад суседства з непралазнымі балотамі. Сябравалі з маленства. У Васіля на вайне загінуў бацька, таму без пары пасталець і ўзяцца за цяжкую працу давялося яшчэ з маленства. Калі падраслі, шчырыя пачуцці зблізілі іх з Аленай. Дзяўчына была зусім юнай, хлопец старэйшым на 8 год. Ды розніца ва ўзросце не адчувалася, проста хацелася быць разам, глядзець у вочы адзін аднаму, расказваць цікавыя навіны, і марыць, марыць…

Зарэгістравалі шлюб, дачакаліся нараджэння дзяцей. Дом — работа — гаспадарка. У штодзённым кругазвароце панеслася жыццё, усюды патрабавалася прыкласці намаганні, дагледзець, давесці да ладу. Алена працавала бетоншчыцай у ПМК-7. Кожную раніцу аўтобус забіраў і завозіў рабочых на аб’екты, раскіданыя ў розных кропках раёна ці за яго межамі. Прафесія, больш падуладная мужчынскім рукам, але жанчына спраўлялася. Пра адданасць выбранай справе сведчыць адсутнасць іншых запісаў у працоўнай кніжцы.

Васіль сваю дзейнасць пачаў у леспрамгасе. Потым на некалькі год апынуўся ў Краснаярскім краі, дзе праходзіў тэрміновую службу. Новыя няпростыя абавязкі вытрымаў з годнасцю. Незнаёмыя краявіды падабаліся, але сумаваў па Беларусі. Чым больш праходзіла месяцаў, тым часцей у сэрцы цеплілася мара — вярнуцца на малую радзіму. Прыехаў, пайшоў трактарыстам у калгас. Неўзабаве таксама ўладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю, і ўжо разам з Аленай калясілі па пыльных дарогах. Быў зваршчыкам, слесарам і механікам. У гады крызісу перавёўся на работу ў сельгаспрадпрыемства.

Будуючы жыллё для іншых, Гаргуны імкнуліся зрабіць утульным і свой дом. Пабудавалі яго прыгожым і прасторным. Кожны пакой адпавядаў жаданням малых ідарослых. Заклалі малады сад, каля прызбы зазіхацелі кветкі. Драўляныя сцены паступова ператвараліся ў астравок радасці і спакою, дзе падрасталі Валерый, Галя і Ірына. Думалася, так будзе заўсёды. Але на нябёсах ужо рыхтавалася жахлівае выпрабаванне для вясковай сям’і…

У 1985-ым сын атрымаў спецыяльнасць трактарыста, заставаўся месяц да прызыву ў армію. Каб не губляць час дарэмна, вырашыў прайсці практыку ў калгасе. Аднойчы адказала рулявое ўпраўленне, трактар стаў непадуладным чалавеку. Круты віраж, рэзкае падзенне, і ў Валерыя не засталося ніякіх шанцаў на выратаванне…

Жыццё бацькоў раздзялілася на дзве палавіны. Да трагедыі, якая адбылася 30 год таму, калі ўсё наваколле зіхацела ў светлых колерах сонца і радасці. І пасля яе, калі бачыліся толькі чорныя стужкі на жалобных вянках, жоўты пясок на магіле, і як балючы кантраст — прыгожая ўсмешка на дарагім фотаздымку. Не зламацца дапамаглі дочкі, якія падраслі і дадавалі старэйшым многа новых клопатаў. У час студэнцтва разам з імі хваляваліся перад экзаменамі. Потым замужжа, нараджэнне ўнукаў. Жыццё працягвалася, Васіль Антонавіч і Алена Аляксееўна знаходзілі супакаенне ў маленькіх радасцях, імкнучыся забыцца пра боль.

Паступова мінуў час. Галіна асталявалася ў Лепелі, працуе галоўным бухгалтарам у будаўнічай арганізацыі, замужам, мае дзве дачкі і пяцёра ўнукаў. Часта наведвацца на радзіму замінае значная адлегласць, але прыезду шчыра радуюцца разам — тыя, хто чакае, і тыя, хто спяшаецца ў госці.

Ірына — дырэктар Дома культуры, жыве ў Баранавічах. Нядаўна разам з мужам перажылі прыемныя клопаты — выдалі замуж дачушку. І сын дарослы, але пакуль толькі марыць пра сям’ю.

Калі маладзейшыя займаюцца сваімі справамі, бацькі надоўга застаюцца ўдваіх. Ім не сумна, бо сагравае шчырасць пачуццяў, якая аб’яднала два лёсы на доўгія 50 год. Муж любіць займацца садам. Сам прышчэпвае яблыні, якія потым радуюць сакавітым ураджаем. Мінулагодняга хапіла да канца мая. Многа лясных дзічак дзякуючы старанням Васіля Антонавіча ператварылася ў культурныя сарты. Некаторыя ён перакапаў на сядзібу, іншыя так і засталіся далёка за вёскай. Магчыма некалі здзіўлены падарожнік паспытае смачны плод сярод соснаў і бяроз, не разумеючы, адкуль у дзікай прыродзе салодкія яблыкі. І ў думках падзякуе невядомаму садоўніку за добрую справу.

У жонкі раней былі захапленні вышыўкай і вязаннем. Вырабы развешваліся ў хаце як самае цудоўнае ўпрыгожанне. Цяпер пра іх незаслужана забыліся, палічыўшы старамоднымі. Хаця думаецца, што гэта памылка — ручная праца заўсёды мае вялікую каштоўнасць.

Дзякуючы своечасоваму рамонту, дом выглядае добра і прыгожа ўпісваецца ў мясцовую панараму. Але невялікую праблему Васіль Антонавіч папрасіў дапамагчы вырашыць. На абочыне дарогі праводзіліся работы па пракладцы тэлефонаў і вадаправодаў. Ад гэтага ўтварылася няроўнасць, асфальт прасеў і патрэскаўся. Нічога летам, калі ўсё бачна. А зімой гэта можа стаць прычынай няшчаснага выпадку. Сваім хваляваннем мужчына паказаў заклапочанасць і неабыякавасць пра іншых людзей.

Наваколле так прыемна пахне свежым сенам — яго на ўзмежку агарода гаспадары нарыхтоўваюць на зіму для дойнай казы. Думкі пра будучыя халады сведчаць, што жыццё працягваецца, а залатое вяселле — толькі невялікі прыпынак на шляху, які дадзены для асэнсавання і падліку перажыванняў і набыткаў пройдзенага.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Add Comment

Войти с помощью: