Запіс за два тыдні

регистратураУ Лунінецкай паліклініцы арганізаваны папярэдні запіс да спецыялістаў за два тыдні. На яго выдзелена 35 працэнтаў ад усёй колькасці талонаў. 50 працэнтаў — пярвічны прыём (талоны выдаюцца штодня з 7.30), яшчэ 15 працэнтаў — выдаюцца ў кабінеце ўрача. Акрамя таго, ёсць запіс на прыём праз інтэрнэт. Тут у кожнага спецыяліста свая квота талонаў на кожны дзень: акуліст — 3, эндакрынолаг — 2, хірург — 5, дэрматавенеролаг — 6, неўролаг — 2, отарыналарынголаг — 6, акушэр-гінеколаг — 2. Трэба таксама ўлічваць і тое, што ўрачы-спецыялісты паліклінікі задзейнічаны ў медыцынскіх аглядах прызыўнікоў, ветэранаў вайны, дзяцей згодна з загадзя зацверджанымі графікамі, кансультуюць пацыентаў у стацыянары і на даму. Пацыенты, якія звярнуліся па неадкладных паказчыках (высокая тэмпература, павышаны ціск, болі ў вобласці сэрца і інш.) прымаюцца па дадатковым талоне ці аглядаюцца памочнікам урача.

Кожную пятніцу акуліст, неўролаг і хірург вядуць прыём работнікаў чыгуначнага транспарту ў Залескай амбулаторыі, у сувязі з чым у гэтыя дні прыём да іх адсутнічае (акрамя неадкладных паказанняў і тых, хто знаходзіцца на лістку непрацаздольнасці). Два разы на месяц вузкія спецыялісты выязджаюць у філіял №1 “Мікашэвіцкая бальніца”.

Паколькі Лунінецкая паліклініка аказвае кансультацыйную дапамогу насельніцтву ўсяго раёна, і не ўсе пацыенты могуць скарыстацца працэдурай запісу праз інтэрнэт, асноўная частка пярвічных талонаў застаецца для выдачы непасрэдна пры звароце ў рэгістратуру.

Лекі назначаюцца ўрачамі-спецыялістамі ў час прыёму. Пацыентам з хранічнымі захворваннямі пры стабільным стане здароўя патрэбныя прэпараты могуць быць выпісаны памочнікам урача пры ўмове, што пацыент праходзіў агляд не больш за 6 месяцаў таму. Рэцэпты выдаюцца тэрмінам да паўгоддзя. Вясковыя жыхары для выпіскі прэпаратаў на працяг лячэння павінны звяртацца да ўрача па месцы жыхарства. Важна не дапускаць поўнай адсутнасці лекаў і звяртацца за рэцэптамі на некалькі дзён раней.

Ігар НЕВАР, галоўны ўрач УАЗ «Лунінецкая ЦРБ»

Add Comment

Войти с помощью: