Зберагчы мары

Жанчына нікому не расказвае пра сваю праблему. Баіцца, што яе не зразумеюць. Скажуць, маўляў, жыве не ў беднасці, мае работу, сям’ю і яшчэ нечым не задаволена? I як растлумачыць, што некалі сваімі рукамі яна пазбавіла сябе мары…

Святлана вучылася на “выдатна”, па ўсіх прадметах веды былі роўнымі і дасканалымі. Пра будучую прафесію ўсё вырашыла з маленства — яна стане настаўніцай. Навучыўшыся пісаць першыя літары, дзяўчынка капіравала сваіх педагогаў. Уяўляла, быццам, дарослая і тлумачыць матэрыял вучням ці пытаецца ў іх пра дамашняе заданне.

Жаданне атрымаць неабходныя веды і перадаваць іх іншым усё больш трывала пасялялася ў сэрцы. Выпускны баль — доўгая сукенка, прыгожыя кветкі, хвалюючыя словы пажаданняў і падзякі. Падрыхтоўка да ўступных экзаменаў. І вось ён — дзень падачы дакументаў.

Чамусьці ўсе сяброўкі Святланы вырашылі разам пайсці ў эканамічны. І спецыяльнасць выбралі адну — бухгалтара. Накіроўваліся ехаць зусім у іншы горад. Разам ім было больш камфортна, а будучай настаўніцы даводзілася пачынаць новы этап свайго жыцця ў адзіноце.

—    Светка, давай з намі! Мы ж будзем усе разам яшчэ пяць год. Уяўляеш, як цікава і весела. І жыць у інтэрнаце прасцей са сваімі, і схадзіць куды не страшна. Студэнцкія гады — самыя лепшыя, так усе кажуць.

—    Не, дзяўчаты. Я хачу быць настаўніцай.

—  І трэба табе ўсё жыццё траціць здароўе на выхаванне і навучанне чужых дзяцей…

Святлана добра не памятае, што стала апошняй кропляй у іх размове. Магчыма, дадаткова да ўсяго паўплывала хваляванне матулі, якая баялася адпускаць дачушку ў вялікі горад адну. Нечакана для сябе, яна згадзілася ехаць разам з усімі. Была бы ў сне, дзяўчыну ні на хвіліну не пакідалі без увагі задаволеныя такім ходам падзей аднакласніцы. Дома зноў паявіліся сумненні, але ўжо неяк сорамна было перад усёй вёскай мяняць рашэнне. “Падумаюць, што вецер у галаве, сама не ведае, што робіць”, — стрымлівала парыў усё паправіць.

Хутка дзяўчаты трымалі ў руках студэнцкія білеты. Спачатку яны сапраўды былі разам. Але праз паўгода адна забрала дакументы з-за дрэннай паспяваемасці, другая стала сустракацца з мясцовым хлопцам і пераехала з інтэрнацкага пакоя жыць да яго. Трэцяя знайшла сабе новых сябровак, і Святлана паступова засталася адна.

Тое, што дапусціла памылку, разумела добра. Але і мяняць усё не рашалася. “Няхай, вывучуся на бухгалтара, потым паступлю ў педагагічны”, — супакойвала сябе. Цікавасці да будучай прафесіі дзяўчына не адчувала ніякай. Яшчэ горш стала ў час практыкі — жывая і рамантычная па характары, яна імкнулася да пастаянных стасункаў з людзьмі, асабліва з дзецьмі. А работа патрабавала паглыбляцца ў паперы і лічбы. Стомленая пасля рабочага дня, Святлана марыла пра перамены.

Планы перакроіла жыццё. Сустрэча з Алегам, майстрам мясцовага камбіната, адцясніла вучобу на менш значны план — паміж маладымі людзьмі ўспыхнула іскра кахання. Неўзабаве яны вырашылі быць разам і рыхтаваліся да вяселля. Праз год, якраз пасля атрымання дыплома, іх дружная сям’я папоўнілася на маленькую дачушку.

Паступленне ў інстытут давялося адкласці на нявызначаны тэрмін. Клопаты забіралі час і сілы. Потым нарадзілася малодшая, і сваю мару стаць настаўніцай Святлана ўжо хавала недзе глыбока ў сэрцы.

Уладкавалася бухгалтарам на тым жа прадпрыемстве, дзе працуе муж. Заробак добры, калектыў зладжаны, сям’я цудоўная. Іншая б на яе месцы лётала на крылах шчасця. Стрымлівае сябе і няспраўджаная настаўніца — імкнецца шчыра даражыць тым, што мае. Але як толькі размова заходзіць пра выпускны баль ці паступленне на вучобу, чамусьці нешта так балюча заные ў душы. А Дзень настаўніка сярод апалых кляновых лісцяў быў і застаецца яе любімым святам.

Усім тым, хто зараз стаіць перад выбарам прафесіі, жанчына раіць, у першую чаргу, прыслухацца да сябе. Жыццё можна пражыць толькі раз, і важна не памыліцца аднойчы, каб не пакутаваць пастаянна. Няма сумненняў у тым, што любая работа цікавая і патрэбная, але важна выбраць сваю — каб раніцай з радасцю спяшацца прыступіць да абавязкаў, а вечарам ісці дадому з адчуваннем задаволенасці і спакою. Гэта важнае складаемае шчасця для кожнага з нас.

Марыя АЛЯКСАНДРАВА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.