Зямля патрабуе парадку

Ліпеньскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта правёў яго старшыня Аляксандр Пачко.

Пачалося яно з аналізу стану добраўпарадкавання тэрыторыі Лунінскага сельсавета. Варта сказаць, што папярэдне тут працавала спецыяльна створаная рабочая група. Згодна з яе вывадамі быў складзены пратакол даручэнняў, які атрымаў 139 пунктаў. Ухіліць усе адзначаныя недахопы трэба было да 20 ліпеня 2015 года. Ці атрымалася гэта зрабіць у вызначаны тэрмін?

Адказ на многія пытанні даў у сваім выіступленні старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр Якавец.

Як высветлілася, поўнасцю выкананы даручэнні па 84-ох пунктах, яшчэ 23 — у рабоце. Даручэнні па 32-ух — пакуль засталіся на паперы. На іх і засяродзіў увагу дакладчык. Папрокі прагучалі ў адрас практычна ўсіх службаў: ад гаспадарнікаў — да кіраўнікоў аб’ектаў сацыяльнай сферы. Кожны з іх выказваў свае меркаванні па агучаных праблемах. Зрэшты, ніхто не аспрэчваў неабходнасць у абавязковым парадку давесці выпраўленне агрэхаў да чаканага лагічнага завяршэння. Тэрмін для гэтага вызначаны сціслы, кантроль будзе строгім.

Наступным пад увагу рабочай групы трапіць Мікашэвіцкі гарсавет.

Даходы раённага бюджэту за першае паўгоддзе склалі 297 мільярдаў 269,9 мільёна рублёў. Уласныя даходы займаюць прыкладна 41 працэнт ад гэтай сумы. Асноўныя крыінцы паступлення — падаткі. Непадатковыя даходы — усяго 7 працэнтаў.

Як папаўняецца бюджэт?

Бюджэт захаваў сваю сацыяльную накіраванасць. Расходы прафінансаваны ў суме 302 мільярды 533,8 мільёна рублёў.

Прынята рашэнне, у якім названы канкрэтныя крыніцы павелічэння паступленняў у раённую казну, а таксама шляхі аптымізацыі і скарачэння расходаў, мэтавага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна

за першае паўгоддзе былі прааналізаваны ў ходзе абмеркавання другога пытання парадку дня.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Кавалевіча, засталіся невыкананымі індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі, экспарт твараў і паслуг без уліку экспарту паслуг арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі, намінальная сярэднямесячная заработная плата, рознічны тавараабарот гандлю і будаўнічыя падрадныя работы. Выкананы паказчыкі па ўводу жылля, запасах гатовай прадукцыі і энергазберажэнню. Ключавой задачай 2015 года назваў дакладчык выкананне планаў мадэрнізацыі наяўных і стварэнне новых рабочых месцаў.

Характарызуючы сітуацыю ў прамысловасці, асаблівая ўвага была ўдзелена стану спраў на РУВП “Граніт”, ААТ “Палессеэлектрамаш” і “Лунінецлес”, а таксама на “Лунінецкім РМЗ”. Было адзначана, што ўсім прадпрыемствам у сённяшніх няпростых умовах трэба карэкціраваць сваю эканамічную палітыку з улікам імкліва мяняючайся сітуацыі на рынку. Старшыня райвыканкама А.М. Пачко адрэагаваў на гэта пытаннем да кіраўнікоў: “Як развіваецца тавараправодзячая сетка? Куды пасланцы прадпрыемстваў выехалі з прапановамі выпускаемай на прадпрыемствах прадукцыі? Што зрабілі для таго, каб дыверсіфікаваць існуючыя рынкі збыту?”. У чарговы раз была звернута ўвага на якасць выпускаемай прадукцыі і цэнавы фактар, без уліку якіх цяжка канкурыраваць з замежнымі вытворцамі.

“У сённяшніх складаных умовах мы павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб не толькі захаваць калектывы, але і забяспечыць людзям годную заработную плату”, — запатрабаваў Аляксандр Мікалаевіч. Зразумела, што скарачэнні на прадпрыемствах недапушчальныя, бо яны самым адмоўным чынам могуць паўплываць на паказчык беспрацоўя, які ў ліпені склаў 1,3 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.

Складанай застаецца сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. Нягледзячы на тое, што 10 з 16 сельгаспрадпрыемстваў забяспечылі тэмп росту валавай прадукцыі да ўзроўню 2014 года, толькі 6 гаспадарак — СВК “Лунінскі”, “Велута”, “Азярніца”, “Хваецкае”, ПУСП “Рэдзігерава-Агра” і Палеская станцыя — выканалі даведзенае заданне. На 0,5 працэнта павялічылася вытворчасць малака, аднак прадукцыйнасць дойнага статка знізілася. Да 548 грамаў выраслі сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы, але паказчык гэты на 95 грамаў меншы за сярэднеабласны. На 3,8 працэнта ў параўнанні з мінулагоднім палепшылася таварнасць малака. Больш яго рэалізавана спажыўцам. Адпаведна вырасла ў сельгасарганізацыях і выручка.

Адначасова адзначыў дакладчык той факт, што па выніках першага паўгоддзя засталіся стратнымі СВК “Гарадоцкі”, “Дварэцкі”, “Азярніца”, філіял “Аграграніт” і КУП “Міжлескае”. У гэтых сельгаспрадпрыемствах распрацаваны мерапрыемствы і графікі паэтапнага выхаду на бясстратную работу да канца 2015 года.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.