Аўтамабілістаў хвалююць дарогі

ап10Многія аўтатранспартныя продпрыемствы сёння перажываюць далёка не лепшыя часы. Аднак вопыт філіяла “АП №10 г. Лунінца” показвае, што нават у складаных эканамічных умовах можна эфектыўна працаваць і заставацца адным з найбольш значных для раёна прадпрыемстваў.

Вынікі работы за першае паўгоддзе паказалі, што з прагнознымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця тут у асноўным справіліся. Так, экспарт паслуг склаў 263,7 тысячы долараў ЗША, што складае 105,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. Пры заданні 244,4 тысячы тон аб’ём перавозак грузаў дасягнуў 288 тысяч тон, пасажыраў — 1486,1 тысяч чалавек (план — 1449,8). Выручка ад рэалізацыі паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка склала 120316,3 тысячы рублёў або 127, 7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Прадпрыемства працуе прыбыткова, узровень рэнтабельнасці продажу — 2,5 працэнта.

Сёння асноўная задача кіраўніцтва — захаваць рэзервы і забяспечыць работай калектыў, у якім пасля далучэння Ганцавіцкага і Мікашэвіцкага ўчасткаў працуе больш як 300 чалавек.

І як бы звычна не гучала, але гонар любога прадпрыемства — людзі, якія ўносяць свой уклад у развіццё. За ўсімі дасягненнямі аўтапарка — плённая праца кожнага работніка. У іх ліку — вадзіцель аўтобуса Міхаіл МАРЦІНКОЎСКІ (но здымку). Ураджэнец Бастыні ў аўтапарк №10 прыйшоў пасля службы ў арміі ў 1981 годзе. Спачатку асвоіў слясарскую справу, потым вывучыўся на вадзіцеля ў Пінскай аўташколе і перасеў на МАЗ. А з 1987-га займаецца пасажырскімі перавозкамі. Абкалясіў, можна сказаць, усю Беларусь. Але, на яго думку, мілей за родныя мясціны няма на карце кропкі. А як можа быць інакш? Побач з Міхаілам Іванавічам працуе і сын Андрэй, які таксама водзіць аўтобусы. Жонка Ева Фёдараўна — дыспетчар. М.І. Марцінкоўскі сцвярджае, што на сучасных аўтобусах, такіх як МАЗ-152, працаваць — адно задавальненне: камфортна, утульна і прыемна.

Шмат увагі надаецца на прадпрыемстве стварэнню ўмоў для годнай працы, стабільнага заробку, паляпшэння здароўя, павышэння якасці жыцця людзей. А яшчэ грамадскі транспарт — твар горада і раёна, ён вызначае яго эканоміку, экалагічны стан, здароўе і настрой жыхароў раёна.

Усё гэта разумеюць работнікі аўтапарка №10, якія сабраліся ў актавай зале на чарговы дзень інфармавання. На сустрэчу з калектывам прыбыла інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Кавалевічам. У сваім выступленні ён спыніўся на асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна па выніках першага паўгоддзя. Так, на Лунінеччыне ў сярэднім у месяц выпускаецца прадукцыі на 200 мільярдаў рублёў. Гэта крыху менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Ёсць праблемы з рэалізацыяй гатовай прадукцыі, якой зараз на складах каля 65 працэнтаў. Калі летась інвестыцыі складалі да 80 мільярдаў рублёў у месяц, то ў гэтым годзе скараціліся на палову. Не такімі актыўнымі тэмпамі вядзецца і будаўніцтва: уведзена ў эксплуатацыю 17 тысяч квадратных метраў жылля. Да канца года плануецца павялічыць гэту лічбу да 27 тысяч, зрабіўшы акцэнт на індывідуальнай забудове. Пры ўсім гэтым, шмат увагі і сродкаў накіравана на сацыяльныя праграмы.

У дыялогу з прадстаўніком улады, работнікі аўтапарка цікавіліся, як сапраўдныя вадзіцелі станам дарог: чаму няякасна рамантуюць аўтатрасу Кобрын — Гомель? Калі будзе добры пад’езд да Прыпяці і завершана асфальтаванне да Белага возера? Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што зараз многія дзяржаўныя праграмы, у тым ліку па развіццю Прыпяцкага Палесся, згодна з якімі вядзецца будаўніцтва дарог да водных артэрый у раёне, прыпынены. Што датычыць «бетонкі», то тут часткова вядзецца капітальны рамонт, а часткова — пакрываюць тонкім пластам асфальта. Гэта таксама з-за недастатковасці фінансавых сродкаў.

Уладзімір Кавалевіч нагадаў аб тым, што ініцыятыўныя групы кандыдатаў на пост Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь завяршаюць збор подпісаў, і хутка будуць вызначаны асобы, чые імёны ўнясуць у спісы для галасавання на выбарах, якія адбудуцца 11 кастрычніка 2015 года. Ён жа запрасіў усіх прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свядомы выбар.

Алена Даніловіч

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.