Ініцыятыва вяскоўцаў прынесла плен

Усім вядомы выраз “Адзін у полі не воін” можно з лёгкасцю прымяніць да нашай рэчаіснасці, калі размова заходзіць пра навядзенне парадку на зямлі. Толькі агульнымі намаганнямі ўдасца прывесці ў належны выгляд населенья пункты. У гэтым перакананы старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Дзям’ян БІРЫЛА, якога папрасілі расказаць аб сваёй рабоце:

— У чэрвені-ліпені на тэрыторыі сельскага Савета адбыліся сходы грамадзян, на якіх разглядаліся пытанні добраўпарадкавання, прафілактыкі распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней, нагадваліся правілы пажарнай бяспекі ізабароны купання ў непрыстасаваных месцах. Правялі чарговую сесію, дзе абмеркавалі праблемы захавання правапарадку і работу ўстаноў культуры на тэрыторыі сельсавета.

Дарэчы, старастай Цны ўжо колькі год з’яўляецца Ніна Патурай. Яна — і наш дэпутат, і дырэктар мясцовага Дома культуры. Зараз на Лунінеччыне праходзяць Дні вёсак, а Ніна Сцяпанаўна арганізавала цудоўнае свята дзвюх вялікіх вуліц! Дзякуючы яе ініцыятыве, у вёсцы будуецца храм.

Інтарэсы землякоў у Дрэбску прадстаўляе Таццяна Сідаровіч. Яе вопыт годны для пераймання калег у іншых населеных пунктах Лунінеччыны. Так, прапанова Таццяны Аляксееўны паўдзельнічаць у фінансаванні мерапрыемстваў па навядзенню парадку на могілках знайшла станоўчыя водгукі ў аднавяскоўцаў. Быццам, дробязь — 10 тысяч рублёў з кожнага падворка, але агульная сума дазволіла аплаціць работу спецыялістаў з неабходнай тэхнікай, закупіць ядахімікаты. Займалася грамадскай справай сям’я Людмілы і Аляксандра Міхалевічаў. Цяпер на могілках пануе парадак.

Усё вышэйпералічанае датычыць і Кажан-Гарадка. Абавязкі старасты ўскладзены на Аляксандра Каратыша. Будучы індывідуальным прадпрымальнікам, Аляксандр Васільевіч дапамагае ў падсыпцы вуліц пяском і шчэбенем, вывазцы смецця. У Кажан-Гарадку таксама не забываем пра добраўпарадкаванне могілак.

Вельмі прыемна, што сярод землякоў знаходзяцца людзі, якія добраахвотна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Напрыклад, Юрый Якубовіч — у мінулым па прафесіі выратавальнік. У яго ёсць спецыяльная тэхніка для зрэзвання аварыйных дрэў. Разам з пенсіянерам Дзмітрыем Марошкам прывялі ў парадак вуліцу Набярэжная. Удзячны таксама Фёдару Канапліцкаму, які заўсёды адгукаецца на нашы просьбы аб дапамозе.

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: