Лунінчане былі рады запісацца ў студатрады

студотрядыЛета яшчэ не завяршылася, але, падводзячы вынікі, можна з упэўненасцю сказаць, што студатрадаўскі рух у раёне вельмі папулярны. Па словах в.а. першага сакратара райкама БРСМ Ігара Гаргуна, сёлета працаўладкавалі 363 чалавекі. Моладзь была занята ў 12 атрадах, створаных пры лунінецкай і мікашэвіцкай ЖКГ, СВК “Велута», “Багданаўка», “Хваецкае», “Новае Палессе», “Дзятлівічы», “Чучавічы», “Дварэцкі», “Гарадоцкі», “Азярніца».

На зернетоку СВК «Хваецкае» працавала 20 чалавек. Некаторыя прайшлі ўжо не адну змену і з сумам гавораць аб хуткім завяршэнні работы. Бо тут, як нідзе, можна прымяніць свае здольнасці, весела правесці час ды яшчэ і зарабіць. Напэўна, таму многія, пабываўшы ў гаспадарцы, зноў і зноў прыязджаюць сюды. Як, напрыклад, Уладзімір Прыбаровіч з Пінска: хлопец у студатрадзе — ужо ў трэці раз. Аб магчымасці правесці час з карысцю даведаўся ад бабулі. У гэтым годзе малады чалавек закончыў сярэднюю школу. У далейшым у адным з каледжаў роднага горада Вова будзе атрымліваць прафесію аўтаслесара.

— Вырашыў на канікулах па-працаваць: не тое, каб зарабіць, а проста быць занятым, — разважае хлопец. — Мы дапамагалі на сушцы збожжа, а ў дзяўчат работа была лягчэй: падабраць рассыпанае зерне. Спачатку хутка стамляліся, але потым прывыклі і нават спаборнічалі, хто больш за дзень зробіць.

— Заробак напрамую залежыць ад працоўнага ўдзелу, — усміхаецца загадчыца зернетоку Надзея Кляўцэвіч. — Аматары пайсці на «перакур» ці «перакус» атрымаюць менш. Мы папярэджвалі ўсіх, хто звяртаўся да нас, што да работы трэба ставіцца адказна. Упэўнена, моладзь, якая праз працоўны мазоль даведалася пра цану мабільнага тэлефона, адзення або іншых рэчаў, не будзе бадзяцца па вечарах, пэцкаць фарбай сцены, або займацца нечым дрэнным.

Вучню Лунінецкай гімназіі Аляксандру Верасу падпрацоўка дапамагае сабрацца да новага навучальнага года. Падлетак вельмі сур’ёзна настроены на адукацыю, таму прадумвае ўсё наперад.

Па-сапраўднаму запамінальна прайшло лета ў мясцовых вучаніц Таццяны Кляўцэвіч і Валерыі Стрэчань. Яны з задавальненнем гавораць пра сваіх новых сяброў, расказваюць цікавыя гісторыі, звязаныя з работай.

Самае галоўнае — атмасфера, што пануе ў калектывах. Як толькі яе страцім, студатрад ператворыцца ў брыгаду, якая проста зарабляе грошы. Ні ў якім разе нельга прыйсці да такога. Студэнцкі атрад — гэта свайго роду школа жыцця, якая вучыць пераадольваць цяжкасці.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: