Любое злачынства караецца па закону…

карлюкСёлета прокуратурой разам з іншымі праваахоўнымі органамі рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне на тэрыторыі раёна законнасці і правапарадку і барацьбу са злачыннасцю. Разам з тым, па выніках першага паўгоддзя на Лунінеччыне на 8 працэнтаў павялічылася агульнакрымінальная злачыннасць. З аналізу прычын такога становішча пачалася наша размова з пракурорам раёна Аляксандрам КАРЛЮКОМ.

—    Справядлівасці дзеля заўважу, што з пачатку года менш зарэгістравана рэцыдыўных злачынстваў і ўчыненых у стане алкагольнага ап’янення. Паменшала крадзяжоў, але, на жаль, якраз па гэтаму віду правапарушэнняў мы трывала займаем лідзіруючую пазіцыю ў вобласці. Параўнайце: з пачатку года ў нас зарэгістравана 118 крадзяжоў, у Бярозаўскім раёне — 90, Івацэвіцкім — 105. Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што з агульнай колькасці нераскрытых злачынстваў крадзяжы складаюць больш як 96 працэнтаў. Адзначаны рост забойстваў, а таксама нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў. Трывожыць тое, што 4 з 8-мі злачынстваў падобнага кшталту ўчынены на глебе сямейна-бытавых канфліктаў. Мы прааналізавалі сітуацыю і высветлілі, што фігурантамі такіх спраў, як правіла, з’яўляюцца асобы, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, нідзе не працуюць, злоўжываюць спіртным. Шасцёра абвінавачваемых у час трагедый былі п’янымі. Іншымі словамі, мелася нямала падстаў для таго, каб своечасова паставіць іх на прафілактычны ўлік. Гэтага зроблена не было, і як вынік — у сем’і прыйшла бяда. Між тым, закон дазваляе сёння ў выпадку пагрозы проста ізаляваць патэнцыяльных злачынцаў ад сям’і. У нас такая практыка супрацоўнікамі РАУС прымяняецца слаба. Сёлета і ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіроўваць сталі менш. На працягу некалькіх год абсалютна не задавальняе работа па абмежаванню дзеяздольнасці асоб, якія па прычыне п’янства ставяць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. З пачатку года гэтая мера была прыменена толькі да 1 грамадзяніна. У справе барацьбы з п’янствам можна абгрунтаваны папрок выказаць і ў адрас сельвыканкамаў. З раённым аддзелам унутраных спраў належнага ўзаемадзеяння няма. Скажыце, хіба не ведалі ў Гарадоцкім сельвыканкаме аб ладзе жыцця свайго аднавяскоўца, які злоўжываў спіртным, здзекваўся над маці і, урэшце, абліў яе бензінам і падпаліў, асудзіўшы на пакутлівую смерць?

—    Аляксандр Паўлавіч, мы заўсёды ганарыліся тым, што гарады нашы спакойныя, вечарам можна ў любым населеным пункце без апасення выйсці на прагулку. А тут давялося пачуць, што ў нас ледзь не ўдвая павялічылася колькасць хуліганстваў, больш стала злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах.

—    Не стаў бы так драматызаваць сітуацыю, але пэўную трывогу яна выклікае. Справа ў тым, што ўсе гэтыя злачынствы ў Лунінцы канцэнтруюцца ў адным месцы — на Прывакзальнай і плошчы імя Леніна. Менавіта тут асобы, схільныя да злоўжывання спіртным, збіраюцца ў групы і ствараюць рэальную пагрозу нармальным людзям. Побач — магазін, дзе можна набыць спіртное, а міліцыя грамадскай бяспекі, на жаль, дэманструе сваю бездапаможнасць. Як, дарэчы, і супрацоўнікі лінейнага аддзела. На гэта звярнуў увагу і старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Пачко, і сёння па яго даручэнню тэрыторыю пад самай пільнай увагай трымаюць супрацоўнікі РАУС, транспартнай міліцыі, патрульна-паставой службы. Парадак будзе наведзены. Сур’ёзную занепакоенасць выклікае распаўсюджанне ў раёне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. З пачатку года колькасць такіх злачынстваў павялічылася на 35 працэнтаў. Прычым палова — звязана з незаконным збытам атруты. Тут трэба аддаць належнае супрацоўнікам групы наркакантролю. Наладжана нармальная работа аператыўных службаў, ёсць узаемадзеянне з эскпертнымі і следчымі падраздзяленнямі. Але ж праверкамі, праведзенымі ў маладзёжным асяродку, устаноўлены факты знаходжання ў стане наркатычнага ап’янення непаўналетніх грамадзян. І гэта трывожыць асабліва, калі ўлічыць, што выявілі мы іх у каледжах і інтэрнатах — там, дзе навокал шмат іншых маладых людзей. Хто-ніхто з іх таксама не супраць паспрабаваць адчуць “кайф”. А значыць, прафілактычная работа сябе апраўдвае далёка не заўсёды.

—    Як абстаяць справы з вытворчым траўматызмам?

—    Летась на гэты час выпадкаў са смяротным зыходам не было зарэгістравана наогул, сёлета — ужо 2. Прычыны трывіяльныя — грэбаванне элементарнымі правіламі тэхнікі бяспекі, парушэнні вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны. Як вынік — абарваныя жыцці. А дадайце сюды 4 выпадкі з цяжкімі наступствамі для здароўя, і стане зазумелым, што наша абыякавасць на вытворчасці — міна замаруджанага дзеяння.

—    Аляксандр Паўлавіч, якая роля пракуратуры ў аздараўленні фінансавага становішча прадпрыемстваў?

—    Праводзім праверкі ў калектывах, дзе ёсць вялікая дэбіторская запазычанасць з тым, каб высветліць яе прычыны і тое, ці ўсе меры прыняты для ліквідацыі. На жаль, рэальны малюнак сведчыць, што ў некаторых арганізацыях не вядзецца пераддагаворная работа па вывучэнню плацежаздольнасці патэнцыяльных эканамічных партнёраў, парушаюцца ўмовы аплаты, гатовая прадукцыя адпускаецца без атрымання дакументальнага пацвярджэння паступлення папярэдняй аплаты, адсутнічае прэтэнзійна-іскавая работа па спагнанню запазычанасці і г.д. Сумным пацвярджэннем гэтаму можа служыць сітуацыя ў “Лунінецкім райаграсервісе”. Акрамя ўсяго, работнікі пракуратуры закліканы сачыць за тым, наколькі беражліва захоўваюцца паліўна-энергетычныя і матэрыяльныя рэсурсы. Паверце, сітуацыя ў народна-гаспадарчым комплексе магла б быць куды больш спрыяльнай, калі б паўсюдна былі ліквідаваны факты элементарнай безадказнасці.

—    Сёння ў размове мы абышлі ўвагай сітуацыю, якая склалася на дарогах нашага раёна…

—    Гэта — тэма для асобнай размовы.

—    Тады дазвольце толькі адно пытанне. Як пракурора раёна вас задавальняе сітуацыя з бяспекай дарожнага руху ў адным асобна ўзятым населеным пункце — Лунінцы? Маю на ўвазе рэгулюемыя і нерэгулюемыя перакрыжаванні. Учора міжволі стала сведкай аварыйнай сітуацыі на з’ездзе з пуцеправода, якая толькі па шчаслівай выпадковасці не абярнулася трагедыяй. Ці не настаў час абсталяваць гэтае вельмі ажыўленае пракрыжаванне светлафорам?

—    У канцы мінулага года на каардынацыйнай нарадзе гэтае пытанне ўзнімалася ў кантэксце аналізу дзейнасці раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху. Статыстычныя дадзеныя і маніторынг дарожнай і аператыўнай абстаноўкі сведчаць, што адным з найбольш аварыйных участкаў у Лунінцы з’яўляецца перакрыжаванне вуліц Кастрычніцкая, Баханова і Усходняя — з’езд з пуцеправода. За 2013 і 2014 гады тут зарэгістравана 48 дарожна-транспартных здарэнняў! Пакуль яны заканчваліся механічным пашкоджаннем аўтамабіляў, але абсалютна няма гарантыі, што аднойчы тут не адбудзецца трагедыі. Трагедыі, якую мы маглі б папярэдзіць. Пракуратура будзе ініцыіраваць вяртанне да разгляду пытання. Вядома, абсталяванне перакрыжавання светлафорам каштуе немалых сродкаў, якія сёння мы вымушаны лічыць. Аднак, думаю, гэта ўсё-такі не тая сітуацыя, калі трэба дэманстраваць ашчаднасць: скупы, як вядома, плаціць двойчы. У доказ прывяду яшчэ адзін факт. Зусім нядаўна на дарозе М-10 Кобрын-Гомель у Вічыне паявіўся фотафіксатар. Гэты ўчастак таксама меў не вельмі добрую славу, пра што сведчаць сумныя букеты на абочыне дарогі. Цяпер ліхачам даводзіцца быць больш абачлівымі.

—    I яшчэ адно пытанне з разраду бяспекі на вуліцах і дарогах Ведаю, што вы выступалі ў ролі дзяржаўнага абвінаваўцы на працэсе па дарожна-транспартным здарэнні ў Лунінцы, у выніку якога загінуў трактарыст жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Можаце паведаміць чытачам пра вынікі гучнай справы?

—    Расследаванне вёў следчы па асабліва важных справах рэспубліканскага Следчага камітэта. Накіраваў яе ў суд намеснік генеральнага пракурора. Дзяржаўнае абвінавачванне ў ходзе судовага разбіральніцтва і сапраўды падтрымліваў пракурор раёна. Скажу адразу: пры выбіранні меры пакарання пад увагу браліся абсалютна ўсе нюансы. Абцяжарваючай з’яўлялася тая абставіна, што на момант ДТЗ вадзіцель легкавушкі быў у стане алкагольнага ап’янення. Аднак ва ўчыненым ён шчыра раскайваецца. Пацярпелым кампенсаваны маральны і матэрыяльны ўрон, што дало ім падставу хадайнічаць аб не вельмі строгім пакаранні для вінаватага. Тым не менш, ён атрымаў 3 гады пазбаўлення волі і быў узяты пад варту ў зале суда. Любое злачынства, тым больш тое, што нясе рэальную пагрозу для грамадства, караецца па закону. Пра гэта варта памятаць тым, хто рызыкуе ўступіць з ім у канфлікт.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.