На свята — радасці багата

мижлесьеСабрацца на свята разам з суседзямі, сябрамі, знаёмымі. Што можа быць прыемней? Адпачываць пад гукі любімых мелодый, якія разносяцца над наваколлем. Бесклапотна падпяваць, жартаваць, дарыць віншаванні, радавацца разам з усімі.

Менавіта так адчувалі сябе прысутныя ў Дзень Міжлесся, які арганізавалі работнікі мясцовага Дома культуры. Імправізаваную сцэну ўпрыгожылі вышыванкамі і саматканымі дыванамі. Для разнастайнасці музычных нумароў запрасілі артыстаў з Лобчы, якія ў шыкоўных цыганскіх уборах выканалі задорныя танцы і здзівілі вакальнымі дадзенымі.

Кожны год на свяце ёсць свае героі. Нарадзіліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сталі паўнапраўнымі жыхарамі населенага пункта. Моцнага здароўя ўсе пажадалі старэйшым аднавяскоўцам. Ушанавалі гаспадароў самага прыгожага падворка, якія імкнуцца зрабіць маленькую радзіму яшчэ больш прывабнай. Падарункі для іх прадаставілі мясцовыя фермеры і індывідуальны прадпрымальнік.

У вёсцы не засталося ў жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, але памяць пра вызваліцеляў захоўваецца ўсімі пакаленнямі. Хвіліна маўчання заклікала яшчэ раз аддаць даніну павагі людзям, дзякуючы якім мы маем мірнае неба над галавой.

Сімвалізуючы росквіт роднага краю, асобным радком назвалі жыхароў Міжлесся, што сёлета святкуюць вяселлі. Прычым, не толькі тых, хто пачынае шлях у сямейнае жыццё, але і тых, чые шлюбныя даты маюць намнога большы тэрмін. Незалежна ад узросту твары юбіляраў асвятлялі ўсмешкі, што сведчыла пра галоўнае — шчырыя пачуцці, лад у доме служаць асновай добрага настрою і моцнага здароўя.

Латарэйныя білеты, дзе кожны мог спадзявацца на ўдачу, прынеслі жаданыя выйгрышы. Салому і зерне на іх прадаставіла КУП “Міжлескае”. Жартоўным суперпрызам быў жывы певень. Атракцыёны і гандлёвыя палаткі клікалі дзетвару, эстрадная дыскатэка запрашала дарослых хоць на некалькі гадзін забыцца пра паўсядзённыя клопаты.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: