Надвор’е спрыяе хлебаробам

хвоецкое

Свежая раніца… Хлебная ніва, здаецца, пакуль не прачнулася ад начной прахалоды. Цяжкае калоссе дзе-нідзе яшчэ ўсыпана серабрыстай расой, а камбайнеры СВК “Хваецкае” ўжо рыхтуюць свае ўборачныя агрэгаты, каб прыступіць да жніва. Аптымальны для гэтай работы час звычайна наступае каля 9 гадзін. I тады на поле адзін за другім выходзяць усе 5 камбайнаў.

Так было і ў дзень наведвання гаспадаркі. Праўда, часовая паломка тэхнікі не дазволіла далучыцца да агульнага выхаду лідзіруючаму экіпажу ў складзе Васіля ДУНЬЧЫКА і Пятра ЛАЗЬКО . Іх засталі на мехдвары. У чаканні патрэбнай запчасткі, Васіль Мікалаевіч і Пётр Антонавіч перагледзелі іншыя механізмы. Маўляў, гэта ніколі не пашкодзіць. Настрой у іх таксама быў нядрэнным:

— Нашаму КЗС-1218 ужо 6 год. Паломкі здараюцца, і гэта не дзіўна. Звычайна ўхіляем іх без праблем. Сённяшняя затрымка аказалася не вельмі прыемнай, патрэбную запчастку павінны прывезці з Гомеля. Аптымізму не губляем. Наша інжынерная служба працуе нядрэнна, таму ўпэўнены, што хутка сітуацыя зменіцца да лепшага, і мы зноў выйдзем у поле,- кажа Васіль Дуньчык. — Сёлетняе жніво ў мяне 13-ае, а ў памочніка — трэцяе. Працуем зладжана. Ураджай добры. І гэта радуе. Люблю абмалочваць поўны колас.

Пра гэта павёў гаворку і старшыня гаспадаркі Васіль Лазіцкі:

— Мы ўжо ўбралі палову плошчаў. Ураджай — 30,4 цэнтнера з гектара. Думаю, што агульны намалот не будзе ніжэйшым за мінулагодні. Летась мы мелі 2 813 тон зерня пры ўраджайнасці 26 цэнтнераў з гектара. Ужо справіліся з дзяржзаказам па продажу жыта. Больш як 300 тон яго адгрузілі на Пінскі КХП, яшчэ 150 тон — на Мінскі. Застанецца прадаць пшаніцу і ячмень. Мяркуем, што і па гэтых культурах з дзяржзаказам справімся. Шкада, што зіма загубіла рапс. З восені яго пасеялі на 200-гектарнай плошчы. Абмалацілі толькі на 50 гектарах. Атрыманыя 18 тон масланасення прадалі, выручыўшы пры гэтым 40 мільёнаў рублёў.

Дзякуючы сонечнаму надвор’ю, зерне на коласе па вільготнасці зараз не перавышае 16-17 працэнтаў. Таму доўга дасушваць яго не трэба. Паступаючае на зернеток, яно адразу дапрацоўваецца. У гаспадарцы ёсць дзве італьянскія сушылкі і адна — напольная. На ёй дасушваюць зерне на насенне. Пад ураджай будучага года падрыхтавалі прыкладна 100 тон жыта і 20 тон азімага трыцікале. Работы ў гэтым напрамку не спыняюць.

Ходам жніва ў цэлым калектыў задаволены. Нагрузка на камбайн невялікая — 200 гектараў. Загадзя ўкамплектавалі экіпажы вопытнымі хлебаробамі. Адзін з іх сямейны. Гэта — бацька і сын Іван Васільевіч і Васіль Лемяшэўскія. Летась уборачны парк папоўнілі двума КЗС-1218, адзін з якіх купілі, другі — атрымалі з капрамонту. Каб не дапусціць прастояў тэхнікі з поўнымі бункерамі, за кожным камбайнам замацавалі аўтамабілі. Адвозяць зерне трыма МАЗамі і двума ГАЗ-53. Усе, хто заняты на ўборцы, забяспечаны 2-разовым гарачым харчаваннем. Пасля рабочага дня хлебаробам можна памыцца ў лазні і папарыцца ў саўне, якія працуюць на мехдвары. Ёсць таксама неабходны запас паліва. Арганізавана працоўнае саперніцтва. На сённяшні дзень па намалотах — лепшы экіпаж у складзе Васіля Дуньчыка і Пятра Лазько. Іх вынік — 509 тон, на 100 тон адстаюць Мікалай Цяльпук і Аляксей Сацкевіч. Сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня лідзіруе Аляксандр Кляўцэвіч, які перавёз 409 тон. Старанна працуюць і іншыя, у тым ліку малады вадзіцель Міхаіл Дуньчык. Яму ёсць з каго браць прыклад. Наогул, народ падабраўся вельмі адказны. Адзіная праблема — позна ўвечары спыніць жніво. Дай волю, будуць малаціць і адвозіць збожжа кругласутачна. Нягледзячы на тое, што ёсць тры прэсы, крыху не паспяваюць прыбіраць салому. Да сённяшняга дня асноўная частка іх была занята на падборцы сена. Каб забяспечыць кармамі жывёлу на зімова-стойлавы перыяд, нарыхтоўкі вядуцца ў пойме Прыпяці і Бобрыка. Амаль усе культурныя сенажаці павыгаралі. Цяпер усё сена спрасавалі. Пакуль будзе падсыхаць чарговая партыя скошаных траў, актывізуецца работа на ўборцы саломы.

Менавіта гэтай справай займаўся механізатар з 20-гадовым стажам Валерый ЛЕМЯШЭЎСКІ.

хвоецкое 4
Валерый Лемяшэўскі
хвоецкое 3
Аляксандр Рафаловіч і Раман Харкевіч
хвоецкое 2
Васіль Дуньчык і Пётр Лазько

Галіна КУЧЭЙКА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.