Наваселле, якое адбылося

Мікашэвічы сустрэлі летняй спёкай. Нягледзячы на гарачыню, у двары Цэнтра дзіцячай творчасці (менавіта такая шыльда нядаўна паявілася на галоўным будынку былой СШ №3) стаяў вялікі грузавік. Каля яго завіхаліся людзі, спяшаючыся разгрузіць начынне для кабінетаў, у якіх неўзабаве размесцяцца шматлікія гурткі. Не сёння-заўтра тут сустрэнуць юных гараджан.

Прайшлі па калідорах, зазірнулі ў пакоі. Не шыкоўна, але ўпаўне прымальна. Работнікі, якім доўгі час даводзілася працаваць з дзетварой у цесных прыстасаваных памяшканнях, не хаваюць задавальнення. Рады наваселлю і іх будучыя выхаванцы.

Праўда, радасць падзяляюць не ўсе. У горадзе дагэтуль ёсць пара-тройка незадаволеных закрыццём школы. Яны па-ранейшаму штурмуюць кабінеты чыноўнікаў, звяртаюцца ў сродкі масавай інфармацыі з мэтай данесці пераканаўчыя, на іх погляд, довады супраць закрыцця навучальнай установы. Усе нюансы канфлікту выкладзены ў публікацыі “Апошні званок для школы”, надрукаванай у “ЛН” (№43 ад 05.06.2015 г.), і вяртацца да іх сёння не будзем. Вырашылі заняцца больш удзячнай справай і паглядзець, як уладкаваліся на новым месцы выхаванцы СШ №3.

У мінулым годзе ў старой школе займаліся 153 вучні. У аддзеле адукацыі нас запэўнілі, што лічба гэтая была б неўпрыкмет меншай. Але, імкнучыся захаваць СШ №3, чыноўнікі ад адукацыі штучна стараліся павялічыць напаўняльнасць класаў, пераканаўча прапаноўваючы дзецям з навакольных вёсак ісці менавіта сюды.

Такая мера не выратавала, і сёлета пытанне аб закрыцці паўстала з новай вастрынёй. Было нямала сустрэч з бацькамі, у ходзе якіх прадстаўнікі ўлады прыводзілі абгрунтаваныя довады, бацькі вылучалі свае патрабаванні. На сёння многія з іх выканалі.

Не ведаю, ці варта гаварыць пра адаптацыю школьнікаў у адносінах да Мікашэвіч, дзе дзеці ведаюць адзін аднаго ці не з маленства, аднак пытанне такое бацькі ўзнімалі. Ідучы ім насустрач, вырашылі пераводзіць пачаткоўцаў з СШ №3 у СШ №1 цэлымі класамі разам з настаўнікамі. Так і зроблена. Невялікая праблема ўзнікла з чацвёртакласнікамі, якіх давялося падзяліць на тры класы, але і тут улічылі просьбу кожнага з бацькоў. Амаль ва ўсіх паралелях дзеці засталіся разам.

Адлегласць ад адной да другой школы невялікая: калі стаіш на рагу вуліц, то бачны адразу дзве навучальныя ўстановы. Тым не менш, дарогі абследаваны на бяспеку. Адрамантавана вулічнае асвятленне, ёсць тратуары. Да 1 верасня ў вызначаных месцах паявяцца штучныя няроўнасці.

Для зручнасці дзетвары прыстасаваны рух аўтобусаў. Вядома, бацькам хацелася б, каб аўтобус каля школы хадзіў ледзь не кожныя 15 хвілін, але для невялікага горада, дзе пасажыраў мала, гэта — раскоша. Яе не можа дазволіць сабе і аўтапарк, якому датацыямі дапамагае дзяржава. Таму інтэрвал руху сёння — прыкладна гадзіна. Не выключана, што ён зменшыцца. Кіраўніцтвам аўтапарка разглядаецца магчымасць вярнуць яшчэ два дзённыя рэйсы, адмененыя ў сакавіку 2015 года.

Усе настаўнікі былой СШ №3 працаўладкаваны. Свае пасады занялі дырэктар і яго намеснікі. Дарэчы, дырэктар былой СШ №3 Э.Ф. Ярмоліч узначаліў педагагічны калектыў мікашэвіцкай СШ №2, дзе таксама будуць навучацца 14 яго былых выхаванцаў. Ён, а таксама дырэктар СШ №1 С.У. Дубейка ўпэўнены, што праблемы, якія сёння агучваюць некаторыя бацькі, надуманыя: умовы, прапанаваныя мікашэвіцкай дзетвары ў новай школе, добрыя і іх ніякім чынам нельга параўнаць з тымі, што былі ў старой. Пераканаліся ў гэтым асабіста і прапаноўваем гэта зрабіць вам з дапамогай некалькіх фотаздымкаў.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Add Comment

Войти с помощью: