Пакуль нівы даспявалі, камбайнеры ў суседзяў шчыравалі

ГореглядУ СВК “Вулькаўскі світанак” разам са старшынёй райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аляксандрам Дубінічам наведаліся, калі хлебаробам заставалася ўбраць 15 працэнтаў плошчаў. Нагодай стала ўручэнне Падзячнага пісьма абкама прафсаюзаў і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аднаму з лепшых вадзіцеляў на перавозцы збожжа — Андрэю Гарагляду.

Прайшоўшы напярэдадні дождж не дазволіў у гэты дзень вывесці на нівы камбайны з самага ранку. Лёгкі ветрык і сонейка падсушылі каласы бліжэй да абеду, пасля чаго ўсе 6 магутных агрэгатаў уключыліся ў работу. Ім заставалася абмалаціць пшаніцу на 110 гектарах і авёс — на 90 гектарах. Нягледзячы на тое, што палегліцы на ніве амаль не назіралася, камбайны былі аснашчаны сцяблінапад’ёмнікамі. Як растлумачыў старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Соц, іх выкарыстоўваюць з першых дзён уборкі. Атрымліваецца марудней, аднак каласы абмалочваюцца больш эфектыўна. Гэта пацвердзілі галоўны аграном Валерый Паўловіч і брыгадзір Вера ВЯЧОРКА, якія з пачатку жніва кантралююць яго ход.

Увагу прыцягнуў пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер аўтамабіль з вялізнай бочкай, вадзіцель якога Міхаіл Цяльпук бавіў час на ўскрайку поля:

— Ім забяспечваем пажарнае прыкрыццё ўборачнай тэхнікі. За адзін рэйс аўтамабіль бярэ 10 тон вады. Нягледзячы на гарачыню, абстаноўка спакойная. Усе працуюць у звычайным рытме, — кажа Міхаіл Паўлавіч.

I гэта выдатна: калі адпачывае пажарны, агонь нідзе не бушуе.

У чаканні, пакуль напоўняцца бункеры камбайнаў, непадалёк застылі некалькі аўтамабіляў. Выкарыстоўваючы гэта, Аляксандр ДУБІНІЧ уручыў узнагароду Андрэю ГАРАГЛЯДУ. На пытанне, чаму менавіта яму, галоўны спецыяліст па ідэалогіі Галіна Соц раскрыла журнал, у якім адзначаецца выдача штодзённых заахвочваючых талонаў перадавікам вытворчасці. Амаль усе яны распісаны Андрэю Рыгоравічу:

—    Ён настолькі працавіты, што ўгнацца за ім вельмі складана. Раней за ўсіх забірае першы бункер намалочанага збожжа, апошні бункер — таксама яго. Часам здзіўляешся, калі толькі паспявае адпачываць.

—    Напярэдадні за 8 рэйсаў даставіў на зернеток 40 тон зерня. Аўтамабілі ў нас не замацаваны за камбайнамі, хто першы ўправіцца, той і забярэ намалот. Мой ГАЗ-53 выпуску 1986 года пакуль не падводзіць. Сам яго рамантую і сачу за спраўнасцю. Раней прапаноўвалі новы МАЗ, толькі навошта ён мне, і сам немалады…

Прысеўшы ля аўтамабіля і ўбачыўшы, што на яго накіраваны аб’ектыў фотаапарата, Андрэй Гарагляд задумліва дадаў:

— Вось так 40 год таму мяне ў арміі фатаграфавалі. І калі толькі праляцеў час? Кожны дзень — работа: то калгасная, то дамашняя… Вырас у мнагадзетнай сям’і, на хутары. Бацька з вайны інвалідам прыйшоў, хутка памёр. Давялося нам усім спазнаць смак салёнага ад поту хлеба.

Раптам на адным з камбайнаў загарэлася лямпачка, абвяшчаючы, што бункер поўны. Андрэй Рыгоравіч хутка накіраваўся да яго.

Жніво ў гаспадарцы падыходзіць да заканчэння. Ёсць спадзяванні, што вага сёлетняга караваю будзе прыкладна такой жа як і летась — 5400 тон. Можна было б управіцца крыху раней, ды толькі размешчаная на асушаных землях збажына, выспявае нераўнамерна. Найбольш вільготнай аказалася пшаніца. Каб даць ёй падсохнуць на коласе, напярэдадні давялося на тры дні прыпыніць жніво Іх выкарысталі для дапамогі хлебаробам з КУП “Міжлескае”. Накіравалі туды 3 камбайны і 2 аўтамабілі.

У адрозненні ад многіх гаспадарак раёна ў “Вулькаўскім світанку” недахопу механізатараў не адчуваецца. Усе экіпажы ўкамплектаваны вопытнымі хлебаробамі. Працуючы ў аднолькавых умовах, яны паказваюць роўны вынік. У прыватнасці, перадавы экіпаж камбайна ў складзе Аляксея ЗАХАРЧУКА і Анатоля ЯРАХОВІЧА намалаціў больш як 1 тысячу тон зерня. Стараюцца перавезці як мага хутчэй ураджай на зернеток вадзіцелі.

У кругласутачным рэжыме працуе зернеток. Памочнікам кладаўшчыка прыйшоў пенсіянер Мікалай ЯРАХОВІЧ. Былы брыгадзір на заслужаным адпачынку правёў толькі 6 месяцаў, не вытрымаў сядзець без справы.

Жніво ў “Вулькаўскім світанку” не перашкаджала нарыхтоўкам кармоў для буйной рагатай жывёлы. Клапоцяцца тут і пра бульбу, якой пасаджана 230 гектараў. Летась з мэтай сортаабнаўлення набылі эліту галандскага гібрыда рыўера і беларускіх брыз і вектар. Каб яна не перарасла, участкі пачалі апрацоўваць спецыяльнымі прэпаратамі.

Галіна КУЧЭЙКА

Add Comment

Войти с помощью: