«Партфель вучня»

Кожны з нас некалі быў школьнікам, і ведае, як хацелася мець прыгожыя прыналежнасці. Калі ў суседа па парце паяўляўся новы пенал ці каляровыя алоўкі, усім класам з зайздрасцю разглядвалі новую рэч, прасілі патрымаць у руках.

Каб малышы з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў не адчулі сябе ў такім плане абдзеленымі, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” правяла акцыю “Нашы дзеці”, у ходзе якой 10 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі ў падарунак “Партфель вучня”. Канцылярскія тавары, неабходныя для штодзённых заняткаў, знайшлі сваіх юных гаспадароў. Яркія фарбы, прыгожыя альбомы, сшыткі, ручкі і многае іншае ўручылі разам з паветранымі шарыкамі, жадаючы ўзняць настрой тым дзецям, родныя якіх знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Сустрэчу правялі ў фармаце пасядзелак за кубачкам чаю, дзе кожны са школьнікаў падзяліўся ўспамінамі, як ён адпачываў летам. Спачатку сарамліва, а потым больш упэўнена, чуліся захапляючыя водгукі пра экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку, дэльфінарый, музей Айчыннай вайны ў Мінску, дзе пабываў лунінчанін Мікіта Таргоній. Пра паездку ў Галандыю расказалі Ваня і Дзіма Байда з Бастыні. Не менш прыемна і карысна правялі вольны час іншыя дзеці, наведваючы рэчку, збіраючы чарніцы, гуляючы на свежым паветры.

Арганізатары акцыі пажадалі будучым вучням, каб адзнакі ў дзённіках былі не ніжэй за “васьмёркі”, збываліся мары і жаданні. Каб сіл і энергіі, атрыманых летам, хапіла надоўга, не дакучалі хваробы.

Па словах старшыні Людмілы Казадаевай, гэта — не адзінае мерапрыемства ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, якое праводзіць раённая арганізацыя. На ўрачыстай лінейцы перад пачаткам навучальнага года атрымаюць падарункі чацвёра першакласнікаў з нашага раёна, якія нарадзіліся 3 ліпеня 2009 года, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: