Школьны шопінг, ці «будзем шукаць яшчэ…»

1346699475— Ну што, усё падрыхтавалі да школы? — Пытаннем замест прывітання пачала размову знаёмая. — Ні маральна, ні матэрыяльна… — паспрабавала пажартаваць у адказ. Але чарговы выхадны дзень прысвяціла пакупкам да новага навучальнага года.

Магчыма, мамам вучняў-малодшакласнікаў у нейкім сэнсе лягчэй: што ні прапануеш — згодзяцца. Галоўнае — каб усё было яркае, прыгожае і, вядома, зручнае. Мой выпадак крыху іншы: сын-падлетак перайшоў у восьмы клас. Асаблівасці ўзросту ўплываюць на паводзіны, у тым ліку — падчас школьнага шопінгу. Раз-пораз, здаецца, усе навакольныя чулі “Не падабаецца”, “Сама будзеш насіць”… 7 год запар да 1 верасня мы куплялі новы касцюм. Аметнасці фігуры (высокі і хударлявы) прымусілі сёлета ад “традыцыі” адмовіцца — выбралі двое штаноў дзелавога стылю. Адны набылі на рынку (кошт вагаецца ад 350 да 480 тысяч рублёў). Іншыя — спадабаліся ва “Універмагу” (крыху больш за 320 тысяч). Гандляры на рынку прапануюць шмат спартыўных касцюмаў. Нам патрэбны толькі штаны (іх знайшлі за 130 тысяч, хаця большасць каштавалі 180). Па некалькі разоў абыходзілі рады ў пошуках рукзака (180-450 тысяч). Але сыну захацелася мець школьную сумку на адно плячо. Іх асартымент аказаўся не такі багаты, але выбралі: за мадэль фабрычнай, па словах прадаўца, якасці аддалі 250 тысяч.

Вялікі натоўп жадаючых панаваў у школьных палатках на ўваходзе ў цэнтральны рынак. Як расказала намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Ніна Некрашэвіч, яны працуюць штодня, акрамя панядзелка. Мнагадзетным сем’ям прадастаўляецца 10-працэнтная скідка. Неабходныя тавары можна знайсці ў магазінах “Дзіцячы свет” і “Непаседа”. Мы накіраваліся ў “Кнігі”, дзе выбралі дзённік, сшыткі (звычайныя і для лабараторных работ па некаторых прадметах), контурныя карты, ручкі, алоўкі, лінейку, ласцік, тачылку. За ўсё — 250 тысяч. Дробязь склалі ў новы пенал (ад 20 да 75 тысяч).

Яшчэ ў пачатку лета дапоўнілі гардэроб трыма сарочкамі (за 90 тысяч кожная — леташні прывоз), красоўкамі (270), безрукаўкай (120), джэмперам (340), туфлямі (300), шкарпэткамі (10). У планах — падабраць асобна пінжак і дэмісезонную куртку. На іх “адклалі” мільён рублёў. Падсумаваць затраты зможаце самастойна, не забыўшы дадаць плату за карыстанне падручнікамі, кошт першавераснёўскага букета. Але ў кожным выпадку — усё сугуба індывідуальна. Хтосьці знойдзе рэчы па таннейшай цане, а нехта — толькі на адзін касцюм аддасць мільён… Мне ж застаецца толькі старанна працаваць: у наступным годзе ў школу давядзецца рыхтаваць ужо двух сыноў.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: