Сход — рэгіянальны, праблемы — агульнадзяржаўныя

собрание депутатовРэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў прайшоў напрыканцы мінулага тыдня. Правёў яго старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч.

З дакладам аб выніках работы народна-гаспадарчага комплексу раёна за першае паўгоддзе выступіў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.

Аналізуючы эканамічную сітуацыю на Лунінеччыне, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што па выніках шасці месяцаў выкананы прагнозныя паказчыкі па ўводу ў эксплуатацыю жылля, энергазберажэнню і па запасах гатовай прадукцыі. Станоўчая дынаміка захавана ў павелічэнні сярэднямесячнай заработнай платы, хаця прагнозны паказчык не дасягнуты. Горш, чым летась, працавалі будаўнікі. Зменшаны аб’ём інвестыцый. Недасягальным аказаўся ўзровень мінулага года для прамысловай галіны раёна, сельскай гаспадаркі, гандлю.

Па-ранейшаму рээкспарт на Лунінеччыне перабольшвае імпарт. Тавары з нашай маркай пастаўляюцца ў 12 краін свету. Станоўчае сальда знешняга гандлю па выніках паўгоддзя склала 11 мільёнаў долараў ЗША. У той жа час у параўнанні з леташнім зменшыўся экспарт паслуг. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг складае 7 працэнтаў. Гэта — шосты паказчык у вобласці.

Асобна спыніўся дакладчык на становішчы ў сельскай гаспадарцы. У чарговы раз Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што ў структуры таварнай прадукцыі раёна жывёлагадоўля займае каля 80 працэнтаў. У сувязі з гэтым стаўка будзе зроблена на рост прадуктыўнасці малочнага статка. Менавіта рэалізацыя малака з’яўляецца для гаспадарак адной з асноўных крыніц паступлення фінансавых сродкаў, вызначае эканоміку і з’яўляецца стратэгічным накірункам развіцця галіны.

Характарызуючы сітуацыю ў сацыяльнай сферы раёна, кіраўнік раёна адзначыў, што сёлета на яе фінансаванне накіравана больш як 230 мільярдаў рублёў. “Затраты сур’ёзныя, аднак апраўданыя, бо пайшлі на развіццё аховы здароўя, адукацыі і іншых галін, ад якіх залежыць узровень жыцця нашых грамадзян”, — сказаў А.М. Пачко. У сувязі з гэтым Аляксандр Мікалаевіч яшчэ раз нагадаў пра тое, што праблемы сацыяльнай палітыкі заўсёды на першым плане, з’яўляючыся стымулам усіх пераўтварэнняў, бо ў цэнтры ўвагі дзяржавы быў і застаецца чалавек.

Асаблівую актуальнасць маюць пытанні павышэння выніковасці дзейнасці вертыкалі ўлады. Прычым, не толькі ў пярэдадзень адказнай палітычнай кампаніі, якой з’яўляюцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а на працягу ўсяго жыцця. “Мы павінны разумна і эфектыўна, сумленна і адказна выконваць даручаную справу, бо толькі сумеснымі намаганнямі пераадолеем цяжкасці і выведзем раён на шлях паступальнага развіцця”, — завяршыў сваё выступленне старшыня райвыканкама.

Роля дэпутатаў мясцовых Саветаў у вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва раёна стала тэмай даклада старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Рафаловіча. Віктар Анатольевіч сказаў, што на Лунінеччыне дзейнічаюць 40 дэпутатаў раённага Савета, 15 — Мікашэвіцкага гарсавета, 121 дэпутат сельскіх Саветаў. Істотную дапамогу ў абароне інтарэсаў жыхароў 75 населеных пунктаў раёна аказваюць 53 старасты.

Галоўны клопат мяс цовай улады — добраўпарадкаванне. Зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў, створаны рабочыя групы па кантролю за тым, як выконваецца намечанае. Па словах кіраўніка прадстаўнічай улады, зроблена многае. Аднак наперадзе — не меншы аб’ём работ. “У навядзенні парадку на зямлі наша задача — дайсці да кожнага выбаршчыка, расказаць людзям аб становішчы спраў на месцах, асаблівую ўвагу звяртаючы на стан дысцыпліны, супрацьпажарную і дарожна-транспартную бяспеку, барацьбу з п’янствам і іншымі антыграмадскімі з’явамі”, — сказаў В.А. Рафаловіч.

У гэтым кантэксце дакладчык прааналізаваў крымінагенную сітуацыю ў раёне. Яна кантралюемая, але некаторыя лічбы, у прыватнасці, той факт, што ўзро-вень злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення склаў 8,9 на 10 тысяч насельніцтва, выклікае трывогу. Па меркаванню В.А. Рафаловіча, удзел мясцовых Саветаў у прафілактычнай і выхаваўчай рабоце з людзьмі павінен стаць рэгулярным. Ужо зроблены трывалы задзел у гэтай справе. Сёлета праведзена 86 вясковых сходаў ва ўсіх населеных пунктах раёна. У іх ходзе абмеркаваны праблемы навядзення парадку на зямлі, прафілактыкі правапарушэнняў і пажараў, пытанні развіцця асабістых падсобных гаспадарак, шляхі засцерагання ад афрыканскай чумы свіней і іншае. А ёсць яшчэ адзіныя дні інфармавання насельніцтва, прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, Дні Савета. Дэпутаты актыўна выкарыстоўваюць іх у сваёй дзейнасці. У якасці прыкладу была прыведзена работа народных выбраннікаў у Бастынскім сельсавеце.

Што датычыць раённага Савета дэпутатаў, то народныя выбраннікі з пачатку года прынялі 240 грамадзян, разгледзелі 241 зварот. 38 жыхароў раёна прыняў дэпутат па Чыгуначнай выбарчай акрузе Анатоль Жук, 26 — дэпутат абласнога, раённага і сельскага Саветаў Мікалай Арашкевіч, 23 — дэпутат па Ракітненскай выбарчай акрузе Уладзімір Рыбак, 18 — дэпутат па Цэнтральнай выбарчай акрузе Таццяна Вайцяхоўская. Спектр узнімаемых людзьмі праблем самы розны: ад працаўладкавання і аховы правапарадку — да камунальных і сацыяльнага забеспячэння. Віктар Рафаловіч падзякаваў Эдуарду Гаўрылковічу, Васілю Басевічу, Сяргею Літвіцкаму, Уладзіміру Соцу, Сяргею Карпцу, Сяргею Наварычу і іншым дэпутатам, якія нямала робяць для развіцця Лунінеччыны.

Разам з тым, выступаючы звярнуў увагу на адраджэнне такога паняцця, як адказнасць самога насельніцтва пры вырашэнні пытанняў свайго жыццязабеспячэння. У гэтым сэнсе вялікія спадзяванні ўскладваюцца на інстытут стараст у вёсках, а таксама старшых па дому і старшыняў жыллёва-будаўнічых кааператываў — у гарадах. Іншымі словамі — на органы грамадскага самакіравання. У якасці прыкладу была прыведзена работа сапраўдных грамадскіх энтузіястаў Пятра Буракова (вул. Чырвоная, 45а ў райцэнтры), Ніны Цвятковай і Марыі Чарнавокай (лунінецкія дамы №№ 4 і 6 па вул. Чэхава), старшыняў ЖБК па вуліцы Будаўнікоў, 1 і 2 у Мікашэвічах Сяргея Катовіча і Івана Горбата. Надзейнымі памочнікамі старшыняў сельвыканкамаў з’яўляюцца старасты: в. Лобча — Віктар Лабко, аграгарадка Любань — Васіль Насеня, в. Цна — Ніна Патурай, в. Купаўцы — Канстанцін Філіновіч, в. Сітніцкі Двор — Галіна Крывулец.

Пацвярджэннем высокай ацэнкі работы стала ўручэнне Ганаровых грамат райсавета дэпутатам: Бастынскага сельсавета Уладзіміру Вярэнічу, Гарадоцкага — Ніне Патурай і Дзятлавіцкага — Алене Яскевіч.

Аб тым, як удаецца вырашаць на месцы шматлікія запыты, з якімі звяртаюцца людзі, расказаў генеральны дырэктар РУВП “Граніт”, дэпутат абласнога, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў Эдуард Гаўрылковіч. На яго думку, большасць пытанняў не ўяўляюць асаблівай складанасці, трэба толькі ўнікнуць у сутнасць праблемы. А яшчэ лепш — не нараджаць незадаволенасць у людзей. Як ні крыўдна, большасць скаргаў паяўляюцца ад, іншы раз, непрадуманых дзеянняў таго ці іншага кіраўніка.

Старшыня Вулькаўскага сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч падрабязна расказаў пра тое, чым займаецца прадстаўнічая ўлада на падведамаснай тэрыторыі. У вёсках сельсавета не проста стараюцца навесці парадак, а імкнуцца надаць ім узорны выгляд. Менавіта з гэтай мэтай сёлета ўстаноўлена 30, так званых, малых архітэктурных формаў. Не цураюцца тут і звычных для вяскоўцаў праблем — выдзялення пашы для жывёлы, забеспячэння сенам і збожжам, аказання санітарна-ветэрынарных паслуг і г.д. Як вынік — у вёсках сельсавета на падворках жыхароў неўпрыкмет больш кароў, чым у іншых. Зараз прыватны статак налічвае 282 жывёліны, з іх 263 — каровы.

Няўрымслівасць старасты в. Цна Ніны Патурай вядома далёка за межамі Гарадоцкага сельсавета. Яна — прыклад для многіх у мэтанакіраванасці і сістэмнасці дэпутацкай работы. Вось і сёлета стала ініцыятарам рамонту маста праз Цну, узвядзення новага абеліска загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам, а таксама будаўніцтва капліцы і аднаўлення вясковага крыжа-абярэга, пра што і паведаміла ўдзельнікам сходу.

Удзел у рабоце рэгіянальнага сходу бралі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Удавенка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас і намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Іван Пацоўскі.

Таццяна ПЯТРОВА

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.