Учить — это от Бога…

августовское 2015Сёлета жнівеньская нарада настаўнікаў адышла ад свайго звычайнага фармату. Праходзіла яна не ў адной асобна ўзятай школе, а ў гарадскім Доме культуры.

Менавіта таму выстава кветкавых кампазіцый, прысвечаная пачатку навучальнага года, упрыгожыла цэнтральную плошчу горада. Да незвычайнай экспазіцыі падыходзілі гараджане, захапляліся творамі не ведаючых стомы рук педагогаў.

Наведаў маляўнічую выставу і старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Кіраўнік раёна спыняўся каля кожнага са стэндаў, асабліва цікавячыся вырабамі народных рамёстваў, сакрэты якіх беражліва захоўваюцца ў многіх школах Лунінеччыны.

Нарада па традыцыі пачалася з ушанавання маладых настаўнікаў. Сёлета адукацыю раёна папоўнілі 24 спецыялісты самых розных профіляў. У памяць пра пачатак працоўнай дзейнасці ўручылі сувеніры і кветкі. З прывітаннем да педагогаў звярнуліся будучыя вучні. Слова ў адказ трымала Аксана Захаркевіч, якая 1 верасня сустрэне першых сваіх выхаванцаў у якасці настаўніка біялогіі Лунінскай СШ. Ва ўнісон з яе словамі вельмі хацелася верыць, што кожны з учарашніх выпускнікоў педвузаў не памыліўся ў галоўным — выбары прафесіі.

Свой даклад начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Раковіч пачаў з канстатацыі факта, што, пачынаючы з 1 верасня, на Лунінеччыне будуць працаваць 69 падведамасных устаноў. Прагучаў апошні званок для СШ№3 г. Мікашэвічы, закрыты Любанскі і Лахвенскі дзіцячыя яслі-сады. Адначасова школы ў гэтых вёсках рэарганізаваны ў вучэбна-педагагічныя комплексы “школа-сад”, а ў Мікашэвічах паявіцца вельмі неабходны гораду паўнафарматны Цэнтр дзіцячай творчасці.

Аналізучы работу дашкольных дзіцячых устаноў, І.М. Раковіч зрабіў акцэнт не толькі на іх даступнасці, але і на абавязковым стварэнні для дзетвары бяспечных умоў, укараненні тэхналогій, якія закліканы ўмацоўваць здароўе нашых малышоў. Найбольшых поспехаў дасягнуў дзіцячы сад аграгарадка Вулька 2, дзе пропускі па хваробе ў разліку на адно дзіця склалі ўсяго 0,3 дня за год.

Не абмінуў увагай кіраўнік сферы адукацыі раёна праблемныя пытанні. І першае з іх — адукацыйны ўзровень тых, хто працуе ў дашкольных установах. Як стала вядома, колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй тут меншая, чым у сярэднім па вобласці. Пакідае жадаць лепшага аддача ад платных паслуг. Груп выхаднога дня ці так званых прагулачных груп на Лунінеччыне няма дагэтуль. Не садзейнічае папулярызацыі ўсяго, што могуць прапанаваць дашкольныя ўстановы Лунінеччыны, і адсутнасць у іх інтэрнэт-сайтаў. Прагучалі канкрэтныя прапановы з тым, каб забяспечыць сучасны ўзровень адукацыі, якую нашы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць у “Крынічцы”, “Вясёлцы”, “Каласку” і многіх іншых установах, дзе пануе свет дзяцінства.

Нягледзчы на тое, што летась у школах была праведзена аптымізацыя, якая дазволіла напаўняльнасць у класах у сярэднім па раёне давесці да 17,2 вучня, адной з асноўных задач сістэмы адукацыі была і застаецца якасць навучання. Аналіз паспяховасці паказаў, што найбольш дзяцей, якія навучаюцца на высокім узроўні, мае Мікашэвіцкая гімназія імя Ул. Нядзведскага. У пяцёрку лепшых, акрамя названай установы, увайшлі таксама гімназія г. Лунінца, Багданаўская і Дубаўская СШ, а таксама Лобчанская яслі-сад-базавая школа.

Рэйтынг навучальных устаноў па шматгадовай традыцыі вызначае і колькасць паступіўшых у ВНУ. Высокі гэты паказчык зноўтакі ў Мікашэвіцкай гімназіі (95,2 працэнта). За ёй ідзе гімназія г. Лунінца (85,6), нядрэнныя вынікі ў СШ №4 (66,7 працэнта). Сярод вясковых школ па-за дасягальнасцю для іншых апынуліся Лунінская (66,7), Дубаўская (62,5), Дварэцкая (60) і Багданаўская (50 працэнтаў) школы.

Па-ранейшаму добрай падмогай у рабоце са здольнымі дзецьмі з’яўляюцца факультатыўныя заняткі. Трэці год у раёне паспяхова працуюць міжшкольныя факультатывы і профільныя лагеры для адораных вучняў. Такі комплекс мер дазволіў Лунінеччыне паспяхова выступіць на алімпіядах усіх узроўняў і ўтрымаць лідарства сярод сельскіх раёнаў у абласным алімпіядным руху. З задавальненнем адзначыў Іван Міхайлавіч і той факт, што раённыя ўлады ахвотна падтрымліваюць юныя таленты і іх настаўнікаў. Сёлета на іх заахвочванне было выдаткавана з раённага бюджэту больш як 102 мільёны рублёў.

Плённай арганізацыі навучальнага працэсу садзейнічае годная матэрыяльна-тэхнічная база. На яе ўмацаванне ў 2015 годзе прадугледжана больш як 3,5 мільярда рублёў. На гэтыя грошы ўжо закуплены новыя камп’ютары, вучэбнае абсталяванне, спартыўны інвентар, кнігі і метадычная літаратура. Сёлета ў СШ №№ 1 і 2 г. Лунінца набылі сучаснае абсталяванне для кабінетаў фізікі. Яшчэ два камплекты яго паступяць да канца года ў СШ №2 г. Мікашэвічы і СШ №4 г. Лунінца. Што датычыць аснашчанасці камп’ютарамі, то ў нашым раёне гэты паказчык складае 1 кам-п’ютар на 10 вучняў, у той час як нормай лічыцца 1 камп’ютар на 30 вучняў.

Трэба спадзявацца, што такі клопат дзяржавы дасць імпульс павелічэнню цікавасці дзетвары да вывучэння дакладных навук. Пакуль жа тут задавольвае далёка не ўсё. Дастаткова сказаць, што сярод вучняў нашага раёна ёсць такія, хто на цэнтралізаваным тэсціраванні набраў 0 (!) балаў па матэматыцы, 13 балы — па фізіцы.

Нягледзячы на тое, што пра якасць навучання сведчыць працэнт паступіўшых у ВНУ, мы не павінны забываць аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Краіне па-ранейшаму не хапае спецыялістаў нізавога звяна. На іх падрыхтоўку арыентаваны нашы каледжы, аднак па выніках сёлетняга набору сюды паступілі толькі каля 20 працэнтаў выпускнікоў 9 класаў.

Асобнай старонкай даклада стаў аналіз, так званай, спецыяльнай адукацыі. У раёне жывуць больш як 720 дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, у тым ліку 70 — дзетак-інвалідаў. Гэта выдатна, што ўсе яны ахоплены спецыяльнымі адукацыйнымі паслугамі. Аднак крыўдна, што далёка не ва ўсіх звычайных школах створаны для іх умовы. Па-ранейшаму не хапае настаўнікаў-дэфектолагаў, ды і аснашчанасць іх кабінетаў камп’ютарнай тэхнікай пакідае жадаць лепшага.

Пра хібы ў выхаваўчай рабоце падрастаючага пакалення сведчыць той факт, што сёлета захоўваецца рост правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі, асабліва тых, дзе абцяжарваючай абставінай выступае алкаголь. З васьмі пратаколаў 5 — складзены на бацькоў менавіта па прычыне ўжывання іх непаўналетнімі нашчадкамі спіртных напіткаў.

Разам з тым, сям’я была і застаецца важнейшым звяном у выхаваўчым працэсе нашай дзетвары. Дзяржавай надаецца асаблівая ўвага менавіта такой форме выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёлета ўсе яны ўладкаваны ў апекунскія ці вернуты ў біялагічныя сем’і. Паспяхова працуюць 4 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Разам з тым, была асаблівая ўвага звернута на своечасовае выяўленне юных жыхароў раёна, якія па віне нядобранадзейных бацькоў трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча.

Узняць на належны ўзровень выхаваўчую работу заклікана фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць. Зроблена ў гэтым накірунку нямала, аднак асаблівымі дасягненнямі вядучыя спартыўныя аб’екты раёна пахваліцца не могуць. Датычыць гэта, у першую чаргу, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ — па зімовых відах спорту і па плаванию. Пра тое, што спорт адсюль не дужа актыўна ідзе ў масы, сведчыць нізкі працэнт самаакупнасці — усяго 14,9, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык.

Характарызуючы сітуацыю з кадрамі, кіраўнік адукацыйнай сферы адзначыў меншую, чым у сярэднім па вобласці, колькасць настаўнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, неабходнасць пашырэння сеткі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. А яшчэ — недапрацоўкі ў арыентацыі лепшых выпускнікоў на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей, бо менавіта ад таго, хто прыйдзе ў школы заўтра, залежыць якасць засваення такіх неабходных ведаў нашымі сынамі і дочкамі.

У пэўным сэнсе ўдакладнілі выступленне І.М. Раковіча па сваіх накірунках загадчыца лунінецкага ясляў-сада №12 М.С. Пятроўская, дырэктар СШ №2 г. Лунінца М.Я. Гарадкавец, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце: Мікашэвіцкай гімназіі — А.М. Вабішчэвіч і СШ №4 — Л.У. Курчэня, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па зімовых відах спорту “Алімп-2011” Я.М. Марозаў. Пра значнасць прафсаюзаў у жыцці кожнай установы адукацыі, кожнага яе работніка гаварыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Н.А. Рафаловіч.

“Барометрам сацыяльнай адказнасці ўлады” назваў стан адукацыі старшыня райвыканкама А.М. Пачко. Адказнасць гэтая падмацавана сур’ёзнымі ўліваннямі. Сёлета на фінансаванне ўстаноў адукацыі Лунінеччыны прадугледжана больш як 280 мільярдаў рублёў — 43 працэнты раённага бюджэту. З гонарам і ўдзячнасцю гаварыў Аляксандр Мікалаевіч пра дасягненні настаўнікаў і іх выхаванцаў, якія ўслаўляюць сваю малаю радзіму. Не абышоў увагай і праблемы, найпершая з якіх — аднаўленне цеснага ўзаемадзеяння паміж школай і сям’ёй. Гэта і новыя падыходы да работы папячыцельскіх саветаў, актывізацыя ўдзелу бацькоў у працэсе навучання і выхавання дзетвары праз арганізацыю цікавых гурткоў, секцый у шосты школьны дзень, наладжванне сумеснага адпачынку на канікулах і многія іншыя важныя справы, удзел у якіх разам з дзецьмі паспяхова могуць браць таты і мамы.

Напярэдадні новага навучальнага года кіраўнік раёна ўзгадаў пра асаблівую ўвагу да няпоўных, малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, а таксама сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеткі-інваліды. “Дзяржава сёння нямала ўвагі надае сацыяльнай абароне вучняў. Гэта забеспячэнне харчаваннем, ахова здароўя, карыстанне падручнікамі, падвоз дзетвары і многае іншае. Але магчымасці ў розных сем’яў розныя. Менавіта таму так важна сёння падтрымаць тых, каму гэтая дапамога вельмі патрэбна. У раёне дадзены старт акцыі “Збяры дзіця ў школу”. Ужо ёсць першыя сабраныя грошы, якія будуць перададзены тым, у каго складанае матэрыяльнае становішча. Ёсць рашэнне райвыканкама аб аказанні дапамогі мнагадзетным сем’ям, на гэтыя мэты выдзелена 390 мільёнаў рублёў. Выдатна. Але такая работа павінна праводзіцца не толькі перад пачаткам навучальнага года і стаць для падрастаючага пакалення прыкладам лепшых чалавечых якасцей”, — сказаў Аляксандр Пачко.

Гаварыў Аляксандр Мікалаевіч пра больш прынцыповы падыход да выхаваўчай работы, актывізацыю прафарыентацыі падрастаючага пакалення, прапаганду здаровага ладу жыцця і напрамую звязанае з гэтым максімальнае выкарыстанне нашых спартыўных аб’ектаў. А яшчэ — пра неабходнасць педагогам працаваць над сабой, цікавіцца інавацыямі і абавязкова ўкараняць іх у сваёй рабоце. У заключэнне працытаваў выказванне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: “Беларусь — моцная краіна. І яна стала такой, перш за ўсё, дзякуючы ведам, таленту і інтэлекту свайго народа. Менавіта таму педагогі нязменна будуць карыстацца нашай асаблівай павагай і ўвагай”.

августовское 2015-2 У пацвярджэнне гэтых слоў былі ўручаны ўзнагароды абласнога і раённага ўзроўняў лепшым прадстаўнікам сферы адукацыі. Выдатным падарункам да свята стаў справаздачны канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі лунінецкай гімназіі.

августовское 2015-3

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Add Comment

Войти с помощью: