Хлеб пахне працай

1000Чым пахне хлеб? Для звычайнага чалавека ён мае водар сонца, гарачага ветру, рэдкіх васількоў на мяжы. Для механізатара хлеб пахне працай. Трыццаць трэцяе жніво сустракае сёлета адзін з вопытнейшых хлебаробаў СВК “Гарадоцкі” Мікалай Боўбель. I як заўсёды, настроены на перамогу. Разам з памочнікам Максімам Панасевічам яны сталі першым у раёне экіпажам, які дабіўся намалоту ў 1 тысячу тон. Максім жыве і працуе ў Пінску, а на малую радзіму прыехаў у водпуск. Уседзець дома не здолеў, таму ахвотна прыняў прапанову дапамагчы на ўборцы хлеба.

Зпрацоўнай перамогай на поле камбайнераў прыехалі павітаць старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дубініч. Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў экіпаж з перамогай, сардэчна падзякаваў за старанную працу і пажадаў надалей заставацца ў лідарах на жніве.

У гэты ж дзень віншаванні прымалі вадзіцелі, якія перавезлі ад камбайнаў па 1 тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Сярод іх — Мікалай Кіндрук з СВК “Гарадоцкі” і Аляксандр Бабіч — з СВК “Дзятлавіцкі”.

— Як ні банальна гэта гучыць, але жніво для нас — сур’ёзнае выпрабаванне. Маю на ўвазе сябе і аўтамабіль, якому споўнілася 27 год, — усміхаючыся дадае Мікалай Мікалаевіч.

У гаспадарцы ж не сумняваюцца, што і шафёр, і яго машына ў чарговы раз экзамен вытрымаюць на выдатна. Застаецца толькі шкадаваць, што лепшыія ўчасткі збажыны, якія давалі пад 40 цэнтнераў адборнага зерня на круг, ужо ўбраныі. Жніво пераваліла за свой экватар.