Юбілей, упрыгожаны золатам пачуццяў

ЖукПраз адчыненыя вокны ў пакой дома, размешчанага у цэнтры Лунінца, даносяцца гукі праезджых аўтамабіляў. Найбольш гэта легкавушкі, але калі пачуецца да болю знаёмы гул старэнькага “ЗІЛа” ці “ГАЗона», то сэрца гаспадара пачынае біцца часцей, выдаючы хваляванне. Ён можа дакладна вызначыць, якія праблемы маюцца ў рабоце тэхнікі. Бо менавіта пад манатонны рокат рухавікоў прайшлі ўсе яго працоўныя будні з юнацтва і да сталасці…

Iван ЖУК нарадзіўся ў райцэнтры. Дзіця вайны, ён быў надта маленькі, і не ўсведамляў таго, што адбывалася ў страшны час. Калі падрос, жыццё паспакайнела. Разам з равеснікамі гулялі ў хлапечыя гульні і ўсе, як адзін, марылі кіраваць вялікай тэхнікай. Тэрміновую службу юнак праходзіў на мяжы з Фінляндыяй. Пра тыя няпростыя будні, перавязаныя салдацкай папругай, у сям’і захоўваецца прыгожы альбом, адкуль глядзіць паўзабытае юнацтва…

Калі паўстала пытанне з выбарам прафесіі, цікавасць і любоў да машын прывялі яго за руль грузавіка. Працаваў у розных арганізацыях, але абавязкова — вадзіцелем. Рэйсы па раёне, частыя камандзіроўкі ў абласныя цэнтры і сталіцу, выезды ў Прыбалтыку…

Калі праз адчыненыя вокны з праезджай міма машыны даносіцца пах свежаспечанага хлеба, гэта моцна хвалюе гаспадыню — Паліну Ільінічну. Мінулі дзесяцігоддзі, як яна пайшла на заслужаны адпачынак, але пастаянная работа на хлебазаводзе на працягу больш як 30 год не пакідае абыякавым жаночае сэрца. Нават з першага позірку на бохан можа дакладна расказаць пра рэцэптуру, ці своечасова яго дасталі з гарачай печы…

Маленства было горкім. Нарадзілася перад вайной, жылі ў вёсцы Дзедаўка Жыткавіцкага раёна. У час акупацыі бацькі рашыліся на нараджэнне другога дзіцяці. Роды цяжкія, медыкаў не было, парадзіху не змаглі выратаваць. А немаўлятка засталося ў жывых, і Паліне ўсяго 3 гадкі… Пра сірот клапаціўся бацька, чыгуначнік па прафесіі. Даводзілася часта мяняць месца жыхарства, яго накіроўвалі на новыя ўчасткі работы. Ажаніўся зноў, калі старэйшая вучылася ў першым класе. Новая мама не была дрэннай, але адчуванне сіроцтва не пакідала дзяўчынак у спакоі, яны сумавалі па роднай жанчыне, якую не памяталі.

Працоўную дзейнасць Паліна пачала, яшчэ не дасягнуўшы паўналецця. Уладкавалася на прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны. Работа цяжкая, а сіла — дзіцячая. Толькі не скардзілася ніколі, бо ўсім тады жылося няпроста.

Юначая вясна прывяла дзяўчыну на хлебазавод у Лунінец, куды набіралі рабочых. Кватаравала на вуліцы Гагарына, часта з сяброўкамі выходзілі ў горад. Тут на танцпляцоўцы і пазнаёмілася з Іванам. Аказалася, ім дадому ісці ў адзін бок, юнак жыў непадалёк. Не ведалі тады, што адзінай дарогай пройдуць яны не толькі ў той вечар, а дойдуць да свайго залатога вяселля…

Ужо разам туліліся па чужых кутках. Некалькі пазней ім выдзелілі жыллё ў аднапавярховым доме, дзе было некалькі кватэр. Без выгод, але мелі невялікія градкі, што дапамагала разнастаіць абед ці вячэру свежай агароднінай.

Дзеці заўсёды бачылі перад сабой прыклад адказнасці і любові да справы, якой бацькі прысвяцілі ўсё жыццё. Гэта стала асновай выхавання ў іх сям’і. Анатоль — будаўнік па прафесіі, асталяваўся ў Салігорскім раёне. Валянціна апынулася ў Мінску, мае тэхнічную адукацыю, працуе рэвізорам. Святлана — педагог, апошнім часам разам з сям’ёй жыве за межамі Беларусі.

Трое дзяцей падарылі бабулі і дзядулі трох унучак — па адной кожны. “Малавата!”, — кажу. “Так, але дзякуй Богу і за гэта. У маладых — свае планы”, — адказваюць. І з гонарам дадаюць: “Ёсць і хлопец у нас — пакуль адзіны праўнучак Дзімка, якому споўнілася 11 год!”.

Уся сям’я шчыра шануе памяць роднага дзядзькі Паліны Ільінічны па лініі маці Фёдара Іванавіча Лісовіча, імем якога названа вуліца ў Лунінцы. Ён быў камандзірам партызанскай брыгады імя Кірава ў маі-ліпені 1944 года і сакратаром Лунінецкага падпольнага камітэта ў час акупацыі. Фотаздымак ваеннага часу занатаваў маладога юнака, які старанна змагаўся з ворагам дзеля міру на роднай зямлі…

Пенсійны ўзрост дае падставы не спяшацца ўставаць раніцай. Ды ім усё роўна не спіцца. Часта прыходзяць успаміны. Тады можна разгарнуць скрыначку з узнагародамі, якія суправаджалі ўсю працоўную дзейнасць. Безаварыйная работа давала падставы Івану Андрэевічу атрымліваць шматлікія падзякі і медалі. Найкаштоўнейшая ўзнагарода — Ордэн працоўнай Славы 3 ступені.

Праездзіўшы не адну сотню кіламетраў, цяпер былы вадзіцель не садзіцца за руль. Кажа, кіраваць раней прасцей было, менш тэхнікі на трасе, не тое, што зараз. Але і дарогі былі вузейшымі, ледзь разміноўваліся два грузавікі.

Фотаздымак Паліны Ільінічны доўга ўпрыгожваў раённую Дошку гонару. Пра яе поспехі пісала абласная газета “Зара” ў 1988 годзе. Першая старонка аднаго з нумароў “Ленінскага шляху“ таго часу таксама расказвала пра старанную зямлячку.

А ў гісторыка-эканамічным нарысе “Лунінец” пад аўтарствам Міколы Калінковіча таксама адзначана працаўніца з хлебазавода. Адразу яна была простай рабочай, апошнія 20 год — пекарам-майстрам.

У пачатку размовы мне хацелася спытаць, якія адносіны склаліся ў мужа і жонкі, што дапамагала ім ісці разам на працягу доўгіх 50 год сумеснага жыцця? Але хапіла нейкіх паўгадзіны знаёмства, каб упэўніцца, што пытанні лішнія наогул. Тут жыве разуменне з паўслова, з першага позірку. Лёгкая заўвага ўспрымаецца правильна, няма рэзкіх фраз і дакораў. Абаяльнасць і прыгажосць, не страчаныя з узростам, выклікаюць сумненні ў падліку гадоў.

У адчыненае акно просяцца галінкі дрэў, лёгенька шкрабаючы па шыбах. Праносяцца аўтамабілі, людзі спяшаюцца па сваіх справах. Свежы бохан хлеба ляжыць на кухонным стале. Рэчы і гукі, якія зноў і зноў нагадваюць пра маладосць.

Вось яно, звычайнае людское жыццё, якое мінае з неймавернай хуткасцю. Свой дом, сумленна зробленая работа, дружная сям’я. Тры складаемыя, з якімі не страшна сустракаць любы юбілей, а асабліва той, які ў народзе называецца залатым.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.