«Зарніца» завітала ў «Спадарожнік»

зарницаНасычанаму жыццю выхаванцаў аздараўленчага лагера «Спадарожнік» можна толькі па-добраму пазайздросціць.

Уявіце сабе: у сераду тут прайшлі інфа-хвілінка, акцыя “Кветкавы стыль” на лепшае ўпрыгожванне атраднай бяседкі, атракцыён “Вясёлыя повары”, фестываль рэкламы, а яшчэ — ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, прысвечаная 70-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі.

Хлопчыкаў і дзяўчынак віталі дырэктар “Спадарожніка” Аляксандр Клімчук, старшыні раённых арганізацый: “Беларускі саюз афіцэраў” — Уладзімір Жураўлёў, “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” — Аляксандр Жуланаў, Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ — Барыс Гнедзька, начальнік групы сувязі вайсковай часці №65408 Сяргей Літвіновіч. Пасля візітоўкі, якая пазнаёміла ўсіх з камандамі — “Экстрэмалы” і “Кеды”, адзін з суддзяў гульні, настаўнік фізкультуры СШ №2 г. Лунінца Віктар Вайцяхоўскі правёў з удзельнікамі інструктаж. Падрабязна расказаўшы аб заданнях, заклікаў быць хуткімі, спрытнымі і асцярожнымі. Неўзабаве сярод лесу раздалося гучнае: “На старт! Увага! Марш!”. І пачалося — пераадоленне перашкоды (горкі) і “заражонай” мясцовасці, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, турыстычная пераправа, рукаход, кіданне гранаты, збор патронаў у магазін аўтамата. Прычым, некаторыя этапы даводзілася праходзіць у процівагазе. То тут, то там чулася: “Міха, давай!”, “Аліна, хутчэй!”… Не меншую цікавасць і азарт выклікалі асобныя заданні: “Трапны стралок” (ім стала Ксенія Яцушкевіч, другое месца заняў Максім Вароніч, трэцяе — Інэса Наварыч), работа з сапраўдным мінашукальнікам (перамог Уладзімір Цярэня). З метадамі і правіламі аказання першай медыцынскай дапамогі хлопчыкаў і дзяўчынак пазнаёмілі фельчары бальніцы Ала Осіпава і Таццяна Карповіч. Шмат цікаўных было каля ваеннаслужачых — прапаршчыка Руслана Качалкіна і тэлефаністкі Аляксандры Лабко, якія прадэманстравалі камплект вайсковай абароны і на хуткасць разабралі АК-74 — усім вядомы аўтамат Калашнікава.

У выніку перамогу святкавала каманда “Кеды”, “Экстрэмалы” занялі другое месца. Граматы і памятныя падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі “Зарніцы”.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.