А шанц быў…

футбол

“Гранітаўцы” страцілі магчымасць наблізіцца да прызавой тройкі. Гэта стала відавочна пасля паражэння  ў дамашнім матчы з гродзенскім “Нёманам” – 0:1.

Першы тайм пачаўся вельмі сумна. За 45 хвілін сапернікі не стварылі ніводнага небяспечнага моманту. Другая палова гульні была больш цікавай і дынамічнай. Аднак, не прынесла радасці балельшчыкам мікашэвіцкай каманды. На 52-ой хвіліне ў варатар-скай Ільі Гаўрылава адбылася мітусня, і неўзгодненасць дзеянняў Цярэнція Луцэвіча з галкіперам прывяла да ўзяцця варот.

Пазней “Граніт” мог тройчы адыграцца, але ўдары Дзмітрыя Ігнаценкі, Дзмітрыя Асіпенкі і Цярэнція Луцэвіча былі не вельмі ўражваючымі: мяч ляцеў прама ў рукі варатару “Нёмана”. Нельга сказаць, што госці цалкам адышлі ў абарону. Яны таксама мелі магчымасць павялічыць лік у канцы матча, але выратаваў Ілья Гаўрылаў.

“Граніт” пакуль знахо-дзіцца на шостым радку турнірнай табліцы, і было б выдатна, калі б так засталося да заканчэння сезона. Аднак наперадзе гульні з тымі, хто мае больш высокі рэйтынг – “БАТЭ”, “Шахцёр”, “Мінск”, “Белшына”. Будзем спадзявацца, што нашы землякі годна правядуць гэтыя паядынкі.

Галоўны трэнер “Граніта” Валерый Бахно:

– Вельмі хацелі выйграць і падняцца ў турнірнай табліцы. Першы тайм атрымаўся не зусім відовішчным – шмат было браку, страт. Каманды асцярожнічалі і чакалі памылкі саперніка. У другім – гульня стала атрымлівацца, але прапусцілі крыўдны гол, і нам давялося перастройвацца. Сталі гуляць у тры абаронцы і тры нападаючыя. Стварылі некалькі добрых момантаў. Пайшлі наперад і ў нас у абароне сталі ўтварацца дзіркі. Крыўднае паражэнне. Тым больш, што ў гэтым годзе нам не ўдалося “раскусіць” “Нёман”: як у перадсезонцы было цяжка гуляць, так і ў сезоне.

Матч 22 тура “Граніт” правядзе на выездзе з “БАТЭ” 4 кастрычніка.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: